Пераказ Бабры Паводле А. Масарэнкі

Пераказы

Беларусь – край блакітных азёраў, крыштальна-чыстых рэк, крутыя берагі якіх густа ўсеяны лазой і вярбою, дубняком і вольхаю. Гэта край шматлікіх балот і балотцаў з паўсюднымі рачулкамі і крыніцамі, дзе багата чароту, аеру, трыснягу, белых і жоўтых гарлачыкаў, вадзянога арэха, а таксама асіны, кара якой – сапраўдны далікатэс для бабра.
Па харчаванні ў баброў няма канкурэнтаў, хіба толькі андатра. Але яна зусім не пражорлівы звер, і нярэдка яе пасяленні можна бачыць недалёка ад бабровых.
Як правіла, там, дзе жывуць бабры, водзіцца многа ўсякай рыбы, бо мясціны гэтыя вельмі зручныя для нерасту, маюць безліч хадоў, у тым ліку і старых, забытых, куды рыба найчасцей заходзіць на днёўку. Зімою ў бабровых азёрах рыба ніколі не задыхаецца, вада ў любыя маразы дыхае – папаўняецца кіслародам.
Там, дзе мала корму або вадаём забруднены, бабры надоўга не затрымліваюцца. Бывае, што ў пошуку прыдатных умоў яны адважваюцца на многакіламетровыя паходы па сушы. I хоць у бабра надзвычай востры слых, тонкі нюх і неабыякавая кемлівасць, ён, здараецца, рызыкуе сабой: непаваротлівы ціхаход, безабаронны і лёгка даступны для нападу, трапляе часам у зубы ваўку, рысі, а то і ў рукі браканьера.
Стыхійнае рассяленне баброў немагчыма без значных страт. Колькасны рост пагалоўя звера ў перанаселеных раёнах рэзка скарачаецца. А яшчэ бабры цэлымі сем’ямі ўступаюць у працяглыя «войны», наносячы адзін аднаму смяротныя траўмы.
I толькі для таго, каб не пусціць чужака ў свае ўладанні, на абжытую вотчыну.
Звычайна там, дзе нізкія берагі, што па вясне цалкам затапляюцца вадой, бабры будуюць сабе так званыя хаткі, прытым шматпавярховыя, з комплексам утульных «пакояў», усцеленых сухімі лазовымі стружкамі. Памеры хатак залежаць ад вясновай вады: чым вады больш, тым хаткі вышэйшыя. Пры гэтым старыя бабры-бацькі не гоняць сваіх дзетак на неабжытыя тэрыторыі – уступаюць ім сваё абжытае селішча, а самі, калі адпавядаюць прыродныя ўмовы, паблізу ўзводзяць новую хатку ці проста пашыраюць старую, каб разам з дзецьмі выходзіць ноччу на прагулкі, аберагаць іх.
Бабры здзіўляюць чалавека і такімі складанымі збудаваннямі, як плаціны для ўтрымання вады, якія часта можна бачыць на балотах з невялікімі рачулкамі. Плаціны, зробленыя з паленцаў і гразі, надзейна перакрываюць раку і ўсё лета падтрымліваюць неабходны для баброў узровень вады.
Тое, што бабёр, калі параўнаць яго з іншымі грызунамі, высокаразвіты, яшчэ не значыць, што яго можна лёгка прыручыць, як сабаку ці ката. I ўсё ж гэта, бадай, адзін з самых блізкіх да хатніх жывёл і адзін з самых гаспадарлівых звяроў. Ён імкнецца зберагчы свае кармавыя ўгоддзі. I толькі малыя бабраняткі маюць права на пэўную раскошу – адкусіць сакавітую галінку вербалозу ля свайго паселішча і паласавацца ёю.
Часамі даводзілася бачыць і такое дзіва: падгрызеная бабрамі асіна чаплялася за суседняе дрэва і завісала. Што рабілі бабры? Яны не адступалі і падразалі дрэва з камля, пакуль яно не падала. Так і хочацца верыць, што гэта – самы звычайны разлік, а не прыродны інстынкт, як сцвярджаюць вучоныя.
Людзі здаўна надавалі бабру асаблівую ўвагу. Адных ён вабіў тым, што яго футра заўсёды ацэньвалася значна вышэй за сабалінае. Другія ж бачылі ў ім разумную істоту.
(480 слоў)

Паводле А. Масарэнкі.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий