Пераказ Хлеб паводле Б. Сачанкі

Пераказы

Было гэта даўно. Адразу ж пасля вайны. У голад…
Маці прынесла аднекуль акрайчык хлеба. Доўга-доўга разглядала яго, нюхала, паварочвала і так і гэтак, нібыта не верыла вачам сваім, што на далоні ў яе ляжыць хлеб – сапраўдны жытні хлеб, спечаны з чыстай, без ніякае домесі, мукі, на паду печы, на свежым дубовым лісці, пражылкі якога так прыгожа адбіліся на скарынцы. Потым яна нейк, як мне падалося, аж надта борзда і неахайна разламала акрайчык напалову: адзін кавалак дала мне, а другі палажыла на стол, пад абрус. – Гэта Толіку… Вернецца з лесу – то павячэрае… Сама ж, узяўшы капаніцу, пайшла на агарод акопваць бульбу.
Я вельмі хацеў есці. I той кавалачак хлеба, што дала мне маці, з’еў, праглынуў мігам. I, вядома, ані не наеўся, толькі растравіў яшчэ больш свой голад. Хвілін колькі я не мог нідзе знайсці сабе месца: чамусьці лазіў на печ, пад ложак, выбягаў на двор і зноў вяртаўся назад у хату. Потым усё ж не вытрымаў. Падсеў да стала, адгарнуў абрус, узяў у сваю руку той кавалачак хлеба, што пакінула маці Толіку, майму старэйшаму брату. Не есці ўзяў. Проста так, паглядзець. Палюбавацца хлебам, як любавалася маці. I тады раптам мне здалося, што маці мяне абдзяліла, брату пакінула хлеба намнога больш, чым дала мне. Ад братавага кавалачка я адшчыкнуў крошачку. Укінуў яе ў рот. Пачаў жаваць. Калі пракаўтнуў, не заўважыў, як пальцы мае самі, не пытаючы ў мяне на тое згоды, адшчыкнулі яшчэ крошку. Маленечкую, малюпасенькую крошачку…
Схамянуўся я тады, калі на маёй далоні асталася абшчыпаная з усіх бакоў скарыначка. Што я нарабіў? Што скажуць маці, брат, калі вернуцца дахаты?..
Хуценька-хуценька я палажыў скарыначку на стол, акрыў яе абрусам. Але спакуса з’есці хлеб увесь, каб яго і духу не было ў хаце, каб ім і не пахла нават, была такая неадольная, што я не выцерпеў – зноў падсеў да стала, узяў скарыначку ў рукі і ўкінуў яе ў рот…
Брат вярнуўся з лесу, як заўсёды, позна. Ён цэлы дзень быў на леспрамгасаўскай дзялянцы, абсякаў сучча, зарабляў грошы, каб было на што сям’і жыць. Дома есці ў нас не было нічога. I спаць брат лёг у той вечар галодны. Ён доўга варочаўся, не засынаў.
Ніхто – ні маці, ні Толік – ні ў чым мяне не папракнулі. Ні ў той вечар, ні пасля. Яны былі старэйшыя, я меншы.
Але калі я цяпер успамінаю той хлеб, які належала з’есці брату і які з’еў я, і той вечар, калі брат лёг спаць галодны, мне робіцца не па сабе. Здаецца, аддаў бы ўсё, каб толькі не было ў мяне такога ўспаміну, каб як-небудзь пазбыцца, выкінуць яго са сваёй галавы. Лепей бы я быў тады галодны, лепей бы я лёг спаць не еўшы! Хай бы не я, а брат з’еў мой хлеб!..
Ды не! Таго, што было, не вернеш, не пераробіш. I з памяці сваёй, як бы ні хацеў, не выкінеш. Не, не выкінеш!..
(466 слоў)

Паводле Б. Сачанкі.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий