Пераказ Хлеб паводле В. Цітова

Пераказы

Хлеб – адзін з асноўных прадуктаў харчавання, які выпякаецца з мукі розных збожжавых раслін. Гэты прадукт вядомы продкам беларусаў з агульнаславянскіх часоў. Тэхналагічны працэс прыгатавання хлеба мала змяніўся на працягу стагоддзяў. Ён складаецца з некалькіх стадый: прыгатаванне цеста, яго вытрымка і выпяканне хлеба. Цеста рашчынялі з вечара на цёплай вадзе ў спецыяльнай хлебнай дзяжы. У якасці акісляльніка выкарыстоўвалі рошчыну, радзей – хлебны квас, дрожджы. Найлепшай для замешвання цеста лічылася дзяжа, зробленая з дубовых дошчачак. Дзяжу з цестам ставілі ў цёплае месца, накрывалі льняной сурвэткай, зверху – цёплай посцілкай ці кажухом. Зранку цеста мясілі, дабаўлялі муку, зноў ставілі ў цёплае месца, каб цеста лепш падышло. Пасля прапальвання печы цеста бралі з дзяжы і рукамі фармавалі круглыя боханы, якія выкладвалі на драўляную лапату, пасыпаную тонкім слоем мукі. Нярэдка пад боханы слалі дубовае, кляновае ці аеравае лісце. З дапамогай лапаты хлеб ставілі ў печ. Да сярэдзіны XX стагоддзя хлеб выпякалі звычайна ў хатніх умовах адзін раз на тыдзень. За адзін раз пяклі некалькі боханаў.
Смакавыя якасці хлеба залежалі ад віду і гатунку мукі, састаўных кампанентаў, рэцэптуры і тэхналогіі прыгатавання. У беларусаў здаўна асноўным у харчаванні быў жытні хлеб. На святы выпякалі пшанічныя пірагі. У якасці начынкі ўжываліся тварог, яйкі, каша, мак, грыбы, рыба. Нярэдка жытнюю муку змешвалі ў пэўных прапорцыях з аўсянай, грэчневай або гарохавай: бралі адну палову жытняй, другую палову – іншай мукі.
Звычайным на стале беларускага селяніна быў хлеб з ачышчанага і правеянага збожжа. Муку, атрыманую з ачышчанага збожжа, нярэдка прасейвалі праз рэшата або сіта. Сітны (прасеяны праз сіта) хлеб выпякалі на свята, яго падносілі як дар дарагім гасцям. У будныя дні многія сяляне ўжывалі ў ежу хлеб з мякіннымі рэшткамі. Асабліва цяжка прыходзілася сялянам у пачатку вясны ў галодныя гады. Тады ў хлеб дабаўлялі лебяду, высушанае і патоўчанае лісце маладой папараці, верасу, кветкі канюшыны, а таксама тоўчаныя жалуды, бярозавую кару.
Хлеб у беларусаў здаўна служыў сімвалам жыцця і дабрабыту, быў свайго роду сямейным талісманам, свяшчэннай рэліквіяй. Яго абагаўлялі, да хлеба адносіліся, як да жывой істоты. Калі выпадкова з рук падаў кавалачак хлеба, яго асцярожна падымалі, прасілі прабачэння і з’ядалі, каб хлеб «не крыўдзіўся».
Прыгатаванне хлеба лічылася свяшчэнным працэсам. Перш чым мясіць цеста, жанчына павінна была чыста памыцца і перахрысціцца, каб хлеб удаўся і добра падышоў. Не раілася рашчыняць хлеб у кепскім настроі, бо, паводле павер’я, настрой уплывае на якасць, смак выпечкі. Калі хлеб выпякаўся ў печы, не дазвалялася ў гэты час гучна размаўляць, спрачацца, бо нашы продкі верылі, што хлеб можа патрэскацца, будзе нясмачным. З такой далікатнасцю і пашанай адносіліся да ўсяго, чым карысталіся для прыгатавання хлеба.
Хлеб быў сімвалам дастатку і працавітасці, вызначаў сацыяльны статус і аўтарытэт сям’і. Ён займаў пачэснае месца не толькі ў матэрыяльным, але і ў духоўным жыцці беларусаў, у шматлікіх звычаях, прыметах, павер’ях. Хлеб быў неабходным атрыбутам разнастайных абрадаў, урачыстасцей і свят: сватаўства, вяселля, радзін, пачатку вясновых палявых работ, закладкі новай хаты. Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей. Як знакавае паняцце назва хлеба ўжываецца ў шматлікіх выслоўях, прыказках і прымаўках, што адлюстроўваюць жыццёвую мудрасць, нацыянальныя рысы характару і нормы паводзін у розных жыццёвых сітуацыях.
(494 словы)

Паводле В. Цітова.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий