Пераказ Музыка Паводле З. Бядулі

Пераказы

Пастушок Васілька з самых малых дзён любіў іграць на жалейцы. Бывала, як зайграе вясёлую песеньку, дык неба весялілася, сонца смяялася, дрэўцы ківаліся ў такт. Зляталіся розныя птушкі, збягаліся розныя звяры слухаць ігру пастушка. Рэха кацілася ад дрэва да дрэва, ад горкі да горкі, ад лугу да лугу і склікалі ўсіх. Усім істотам было весела і добра ад яго песняў.
А калі пастушок іграў жаласлівую песню, дык сумна рабілася на полі. Краскі слязамі расістымі пакрываліся. Дрэўцы і кусты нямелі, а высока над полем хмаркі затулялі яснае неба. Усе жывыя істоты апускалі галовы і глыбока задумваліся. Але і смутак-жаль ад трэляў жалейкі быў усім прыемны, як свежы ранішні туман, і салодкі, як ліпавы мёд. Усім нечага надзвычайнага жадалася пры яго ігры. Усіх Васілька зачароўваў. Над усім ён панаваў са сваёй жалейкай, якая мела ў сабе вялікую сілу.
Прыходзілі навучыцца да настаўніка ўсе, хто толькі меў сэрца жывое. Ён іх вучыў старанна, бо чым болей музыкаў было вакол, тым болей ён радаваўся. А вучыў ён не проста, але па нотах. Нотамі ў яго былі не такія нямыя і мёртвыя значкі і круцёлачкі на паперы, а ўся жывая зямелька са сваімі рознакаляровымі краскамі, траўкамі, дрэвамі і серабрыстымі крынічкамі. Блакітнае неба са сваімі свечкамі-зоркамі, размаітымі хмаркамі, пераліўнымі зарніцамі і фарбамі. Гэта ўсё было нотамі для пастушка, гутарлівымі, спеўнымі і рухлівымі. Па іх вельмі лёгка было вучыцца.
Спачатку навучыў пастушок сваёй музыцы салоўку. Салоўка быў яго найлепшым вучнем. Калі адукаваны салоўка спяваў апоўначы ў бярэзніку, дык не то што блізкія істоты, але і далёкія зоркі ў небе слухалі з прыемнасцю і пераміргваліся ад дзіва паміж сабой, кажучы: «Глядзіце, сястрычкі, такі малы шэры жэўжык, а якія слаўныя трэлі выводзіць».
Вялікая пашана з’явілася ў хлопчыка да ўсяго свету.
«Давай, – падумаў хлопчык, – зайграю для сонейка, якое пануе над усім светам!»
I вось у адну пекную раніцу хлопчык яшчэ цямнютка выгнаў статак у поле. На прасторы ён зайграў на сваёй жалейцы. Зайграў прыгажэй, чым заўсёды. Уся пекната летняй зямлі адбілася ў яго песні.
Гэткай прыгожай музыкі яшчэ ніхто на свеце не чуў. Гэта была песня без слоў, бо хлопчык іграў для сонейка, а сонейка без слоў добра разумела. Дзівіўся статак. Дзівіліся дрэвы, птушкі, рэчка, неба. Дзіву далася ўся зямля.
I вось на ўсходзе сонейка на лузе пачалася вялікая музыка: усе стварэнні на зямлі і сама зямля ігралі і спявалі, кожны на свой лад, на тысячы-тысячы галасоў.
Увесь свет выглядаў велізарнай скрыпкай з незлічона многімі струнамі. Гэта было так хораша, так цудоўна прыгожа, ажно само сонейка вельмі ўзрадавалася. Спусцілася сонейка з неба на сваіх лёгкіх прамяністых крылах і пацалавала маленькага хлопчыка ў самыя вусны. Пацалунак быў такі лёгкі, што пастушку здалося, нібы кволы ветрык толькі крануўся яго твару.
А сонейка было такое радае і добрае, што задумала апрануць зямлю ў багатыя вопраткі, у шаўковыя і залатыя колеры. I ззяць, ззяць і радаваць усіх.
З-пад аксамітнай і пурпуровай хмаркі ўзышло яно, гарачае і бліскучае. Узышло ды ўсміхнулася. Усміхнулася ды яшчэ вышэй паднялося і абсыпала сваімі промнямі зялёны ўзгорак, дзе стаяў пастушок. Пастушок выглядаў не то сярэбраным, не то залатым. Промні пырскалі яму ў твар дыяментавымі снапамі. Прамяні сыпаліся бліскучымі іскрамі, каляровым макам з яго вачэй. Здавалася, што ў пастушковых вачах драбнюткія хохлікі крэсяць агонь бесперастанку.
Хлопчыку так добра зрабілася на душы, што яму захацелася глянуць на сябе. Ён падышоў да рэчкі, каб зірнуць у яе, як у люстэрка.
Глядзі, глядзі ў мяне, – сказала рэчка, – бо твая душа чыстая і празрыстая, як мая вада!
Зірнуў хлопчык у ваду і сам сябе не пазнаў. Такі ён стаў прыгожы! Гэты цуд стварылі летняе сонейка і надзвычайнае шчасце, якое азарыла яго ўсяго…
(587 слоў)

Паводле З. Бядулі.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий