Можна было думаць, што гэта ўжо зрабілася яго прывычкай. Ён прыходзіў на той узгорак ранняй вясной, калі толькі-толькі на ўгрэвах знікаў снег і пад сонцам ціхай парай курылася зямля, і летам, калі жытні колас ужо ўбіраўся ў сілу і збажына, здавалася, адчувала, што вось-вось яна пачне налівацца.
Карней Пятровіч садзіўся на нагрэты сонцам за дзень камень, упіраўся рукамі ў кіёк і задуменна паглядаў перад сабой.
Адсюль, з пагорка, перад чалавекам раскрываецца ўвесь абсяг. Там, ля ўзлеску, віднеюцца дамы Вішнякоў. Прыгожа цвітуць вішні. I правільна назвалі вёску Вішнякамі: не бывае той вясны, каб не хаваліся дамы ў белай квецені. I здаецца тады, што абсыпаны агароды чыстым-чыстым снегам.
Усюды, як кінуць вокам, стаіць роўнай сцяной высозная збажына. Часам, калі павее ветрык, праплывуць адна за другой шызаватыя хвалі. I пахне зямля такім да болю знаёмым, хвалюючым пахам, якім можа пахнуць толькі родная зямля.
Чалавек падымаецца з каменя і, абапіраючыся на кіёк, крочыць у напрамку Вішнякоў. Яго шэрыя вочы спакойна аглядаюць наваколле. Гэта вочы гаспадара і гэта крок гаспадара – спакойны і размерны.
(170 слоў)
Паводле М. Даніленкі.