Першы аблёт

Пераказы і дыктанты

  Лёгенькі, трапятлівы ветрык неяк вельмі ж ужо спешна прабегся па босых нагах, па руках, патрымцеў над самым тварам і, зачапіўшыся за валасы, хуценька павярнуўся назад – зноў твар, зноў рукі, зноў ногі: фыр-фыр-фыр-фыр!
 Расплюшчыў вочы і ляжаў ціха, усё намагаючыся зразумець, што ж гэта мяне так ласкава разбудзіла.
 Сена на хаце было накладзена як не да самага вільчыка. Я ляжаў у ямцы – сена свежае, не паспела яшчэ зляжацца і падмялася толькі пада мною.
 Праз выскубленую ветрам дзірку ў страсе пругка біла сонечная раніца – у слупку сонца, што падаў са страхі, як камары перад дажджом, таўкліся пылінкі. Было ціха-ціха. I толькі недзе на двары задаволена і прыглушана сакатала курыца.
 Фыр-фыр-фыр-фыр!
 Зноў той жа самы ветрык паўтарыў ранейшы шлях.
 Ах, во яно што! Гэта ж ластавяняты, якія так прывыклі да гнязда, усё яшчэ па звычцы ныраюць з двара ў цемнаваты лаз, да якога прыстаўлена лесвіца, і настойліва пырхаюць ля таго месца, дзе яшчэ нядаўна на лаціне было іхняе гняздо.
 Гняздо гэтае мы ўсе вельмі бераглі. Дзеці і то асабліва не дакучалі ластавянятам: узлезуць, паглядзяць і – назад. Нават маці не давала залежвацца на хаце. «Уставайце, – клікала яна, – а то ластаўкам ластавянят карміць нада». Калі мы складалі сена на хату, хлопцы, як на варце, стаялі ля гнязда, каб не зачапілі яго выпадкова віламі.
 Нашы ластаўкі, відаць, запазніліся звіць сваё гняздо, і таму ластавяняты вывеліся ў іх запознена. Іншыя ўжо даўно на сваіх крылах абляталі Жыцькава, а нашы ўсё яшчэ сядзелі ў гняздзе і па-дзяцінаму прасілі ў бацькоў корму.
 Час быў збірацца ў вырай, а яны ніяк не маглі акрылець. У Жыцькаве на правадах сядзела ўжо некалькі ластаўчыных сем’яў, дзе і моладзь лятала, як дарослыя.
 Мы бачылі, што нашых ластавянят кормяць не толькі бацькі. Часам ля гнязда кружылася па пяць, а то і па шэсць ластавак, і ўсе яны неслі малым у дзюбах нейкую спажыву: суседзі, можа, і злуючыся, усё ж не кідалі нашых адных і, падкармліваючы, цярпліва чакалі, калі вылецяць на крыло малыя.
 Аднаго разу ўдзень узлезшы на сена, каб схавацца ад гарачыні, я не ўбачыў гнязда на яго звычайным месцы. На лаціне толькі сіратліва шарэлі рэшткі сухой зямлі, а на сене пад лацінаю валяліся вялікія і маленькія камякі, пер’е, пух – усё, што асталося ад нядаўняга гнязда, а можа, і ад саміх ластавянят.
 Раззлаваны, я ледзь не за вушы ўсцягнуў малых на сена – хто ж, акрамя іх, мог разбурыць? Але яны, убачыўшы, што гнязда, якое так бераглі, няма, расплакаліся самі. Дзеці плакалі так шчыра, што я паверыў: яны гэтага не рабілі.
 Ужо разам мы пайшлі шукаць ката Максіма. Той ляжаў у баразне, лопаў хвастом па бульбоўніку і зацікаўлена назіраў, як грабуцца ў пыле куры. Яго мы агледзелі ўважліва, але ніякіх слядоў разбою не знайшлі: ні на кіпцюрах, ні на зубах не было ні пушынкі, ні пярынкі. Кот Максім, нібы ўсміхаючыся, глядзеў на нас – маўляў, шукайце, шукайце, я нічога не рабіў – і асабліва не супраціўляўся, калі мы даставалі кіпцюры і старанна іх аглядалі.
 Зразумелі ўсе толькі тады, калі ўбачылі ластавянят, якія, моцна ўчапіўшыся лапкамі, побач з дарослымі сядзелі на провадзе, што паціху гайдаўся ад ветру; здавалася, яны вось-вось зваляцца – ластавяняты ніяк не маглі патрапіць у рытм гайдання: дрот – наперад, яны – назад; дрот – назад, яны – наперад.
 Ластаўкі самі разбурылі гняздо, каб дзеці хутчэй выляталі на вецер, хутчэй аблётвалі свае крылы: калі не будзе ў іх гнязда, дзе вельмі ж хораша, спакойна і не боязна сядзець, чакаючы бацькоў з кормам, то хочаш ці не хочаш, а давядзецца паболей давяраць толькі сваім маладым рукам – крылам.
(566 слоў)

Паводле Я. Сіпакова.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий