Пімен Панчанка — Адрас друга

Пімен Панчанка

Паміраў у санбаце наш друг дарагі,
Ён ведаў, што памірае.
Паклікаў голасам, поўным тугі,
Сяброў з пярэдняга краю.

I перш чым сэрца замоўкнуў стук,
Аддаў ён таварышам з роты –
Аднаму партсігар, другому муштук,
А мне свой адрас і фота.

У вёску яго не хадзілі лісты:
Стаяла яна па-пад Бугам…
А потым і Буг перабраўся ў тыл,
І волю трэ выканаць друга.

Лягчэй у баі цэлы месяц мне быць,
Чым сёння пастукацца ў хату,
У матчыным сэрцы надзею забіць,
Стаяць і маўчаць вінавата.

Я самую доўгую выбраў з дарог,
Ды вунь каміны ўжо дымяцца…
Вайна, вайна…
О, не дай вам бог
Прыйсці замест сына да маці.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений