Пімен Панчанка — І вера, і вернасць, і вечнасць…

Пімен Панчанка

І вера, і вернасць, і вечнасць,
І наш паэтычны туман –
А мо гэта ўсё недарэчнасць
І нейкі сусветны падман?

І гэта крынічнасць, сунічнасць,
Вавёрка, і верас, і бор –
Зялёная сімвалічнасць,
А шчасця ў жыцці недабор.

І хто нам раскажа пра гэта,
Ці быў наш задуманы лёс
На грані крывавых трагедый,
Пад страхам пякельных нябёс?

Ці мы захацелі замнога
У прагнасці лютай сваёй
Ад маці-прыроды, ад Бога,
Ад крохкай натуры людской?

Забылі зямлі прыцягненне
І космасу жудасны лёд.
На розум зышло зацямненне,
Няма ўжо ні мар, ні натхнення:
Ля бездані – мудры наш род…

Мы верым падзеям глыбінным
Жыццё наша не зарасце
Травой.
Яно ў нас павінна
Быць вечна чысцей і прасцей.

1985

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий