Пімен Панчанка — Крык сойкі

Пімен Панчанка

Рыжаватая, чарнапёрая,
А на крылах — блакіт для красы…
Кожным летам ад тлуму і зморы я
Уцякаю ў твае лясы.

Ды заўсёды такі насцярожаны
Крык твой, сойка.
Птушыны гнеў.
Можа, мне тут хадзіць няможна?
Не крану я ні гнёздаў, ні дрэў.

Ты ахоўвай, што ахоўваеш.
Хто спакою табе не дае?
I яловыя, і альховыя,
I дубовыя — ўсе твае.

Што ты крыкам мяне сустракаеш?
Мы маглі б падружыцца, бадай.
Ці то ворагаў многа маеш?
Ці то мне пагражае бяда?

  У вершы Пімена Панчанкі «Крык сойкі» лірычны герой заклапочаны лёсам навакольнага асяроддзя. Выпадковая сустрэча з «рыжаватай, чарнапёрай» птушкай скіроўвае яго на роздум і пошук прычын, чаму людзі так неабачліва адносяцца да прыроды. Чаму, клапоцячыся пра карысць, нявечаць прыроду, наносяць ёй раны? Чаму так сталася, што птушкі ўспрымаюць чалавека як пагрозу свайму дабрабыту? Усе гэтыя праблемы хвалююць героя, пазбаўляюць душэўнага камфорту, на пошук якога і адправіўся ён у лес ад тлуму і праблем вялікага горада. Але суцяшэння герой не знаходзіць, паколькі трывожны крык сойкі можа быць звязаны і з лёсам героя, а птушка сваім крыкам папярэджвае не толькі лясных жыхароў пра з’яўленне ў лесе чужака, але і яго асабіста аб нечым небяспечным. Чулы да ўсяго жывога, герой спрабуе супакоіць птушку. Ён пацвярджае яе права на лясныя ўладанні, што ўспрымаецца як абяцанне захоўваць прыроду. Толькі тады на ўлонні прыроды чалавек знойдзе сабе душэўны камфорт і заспакаенне, калі птушкі і жывёлы перастануць бачыць у ім небяспеку.
  Аўтар, каб падкрэсліць эмацыянальную напружанасць маўлення лірычнага героя, карыстаецца такімі сродкамі паэтычнага сінтаксісу, як паўторы, рытарычныя пытанні, звароты.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений