Пімен Панчанка — Раўнавага

Пімен Панчанка

Я не веру нікому,

і вы мне, прашу вас, не верце:

Усё пераблытаў

атрутны чарнобыльскі вецер.

Не ведаю, з кім мне вітацца,

каму мне руку падаваць?

I з кім весяліцца за чаркай,

і з кім у бядзе бедаваць?

Звярэе душа ў нас

ад дзікай бяздоннай самоты,

Гавораць, палова ў нас членаў саюза –

даносчыкі і сексоты…

Зямля скаланулася ў нас,

і сэрца трывожна заныла.

Бабулі заплакалі –

канчаюцца дні ў нас зямныя.

Загінулі хлопцы –

рэактара выратавальнікі.

Ды ўсміхаюцца весела

баявыя нашы начальнікі.

– I нічога ў нас страшнага, –

гэтак гадамі манілі.

Ляжаць ужо сотні і тысячы

ў атамнай чорнай магіле.

А нашы маўклівыя людзі,

што зналі загад: нарыхтуйце! –

Сягоння зайшліся ад крыку:

ратуйце, ратуйце, ратуйце!

I пачулі нас землі

такія далёкія, дальнія:

I Германія, і Амерыка,

і са Швецыі людзі, і з Даніі.

Прысылалі людзі да нас пасылкі

з лекамі, аднаразавымі шпрыцамі,

З дзіцячаю ежай;

з’явіліся медыкі-рыцары.

Утварыліся фонды шматлікія

пад назвай «Дзецям Чарнобыля».

I кароў з малаком ядавітым

усюды ў нас гробілі,

I тут дайшло да правіцеляў,

гэта не жарты, а горачка!

Раўнадушным слюньковым, камаям, сакаловым

не холадна і не горача.

Склалі планаў дзве сотні

пра дапамогу, перасяленне.

Нашы Гомель і Магілёў

у ачмурэнні былі, ў зняменні.

Акадэмік Ільін

дзяцей паляшуцкіх забойца.

«Дзе жылі, там жывіце;

радыяцыі, друг мой, не бойся.

У чатыры разы

можна ў вас павялічваць дозы».

Ён – агент МАГАТЭ,

не бачыць народу пагрозы.

Тут начальства махнула рукой –

і разбегліся медыкі ўмомант…

О, мая Беларусь шматпакутная,

гэта ўсё нам знаёма, знаёма!

I ўсё, што нам добрыя людзі

ад сябе адарвалі, сабралі.

Члены фондаў і камітэтаў

усё расцягнулі, раскралі.

А японскі прафесар

Гюкесато

Агледзеў дзяцей нашых

у скрусе.

«Бяда ў вас вялікая,

беларусы.

А МАГАТЭ наша хлусіць».

Пагладзіў льняныя галоўкі,

нібы развітаўся з усімі.

«Мне шкада беларускіх дзяцей –

гэта горш Хірасімы».

Вось так паядналіся

гісторыя з геаграфіяй.

Па ўсёй зямлі разбойнічае

атамная мафія.

А тут з Генштаба арлы

наш плач заглушылі клёкатам:

«Вы – народ гераічны,

тут вораг лажыўся покатам».

…Вось, кажуць, палова краіны

атрутным засыпана попелам,

А вашы лясы партызанскія

спрадвеку смалістыя, цёплыя.

I тут генштабісты

знайшлі раўнавагу адразу.

Стаяць у лясах Беларусі –

дваццаць тры ракетныя базы.

Да іх назапашана

безліч ракет.

Усюды ўсялякія базачкі.

Мацней мы за НАТО

па ўсіх і ўсялякіх паказчыках…

І дзе вы, крыніцы крыштальныя?

І дзе вы, суніцы, чарніцы?

Нас зноў абдурылі

ваенныя чараўніцы.

I я веру бабкам старэнькім,

што Богу пра лёс свой усё жаляцца,

Што свету канец

набліжаецца.

Уся Беларусь ад Чарнобыля

да сцежак і мінскіх, і брэсцкіх

Закладзена д’яблу і мафіі.

Ніхто ў тым не разбярэцца.

Скажыце мне, добрыя людзі,

а праўда, што свету канец?

Я плачу над лёсам сваёй Беларусі,

сівы і бязногі баец.

 

Крыніца: Панчанка П. Высокі бераг: Вершы, эсэ. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 239 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий