Подзвіг

Пераказы

   Узняўся вецер. То ён біў у твар, то ў спіну, а то налятаў аднекуль збоку і кідаўся калючым халодным снегам.
   Ціхан азірнуўся. Вёска была ахутана чорным густым дымам.
   «Дык вось чаму мяне адразу ўчора адпусцілі, калі я сказаў, што іду ў Байкі. Тыя немцы ўжо ведалі, што раніцай Байкоў не будзе», – думаў Ціхан.
   Увайшлі ў лес. Сосны, сосны, злева, справа, высокія і стройныя. А побач – зусім маладыя дрэўцы, укрытыя снегам. Дзе-нідзе пад снегам тырчалі толькі тоненькія бледна-зялёныя верхавінкі.
   Яшчэ ўчора Ціхан быў у атрадзе. З дзядзькам Іванам, з Колем, з Паўлам. Заўтра ён збіраўся ісці з Паўлам у штаб, да бацькі. Бацька даглядае коней і таксама, як і маладыя партызаны, ходзіць на баявыя аперацыі.
   Выла мяцеліца, круціла завіруха. Снег ляцеў адусюль – і зверху, і знізу, быццам сабралі яго з усяго неба, з усяго свету, сабралі і ссыпаюць тут. Шэрае неба павісла над самай галавой. У ім хаваліся верхавіны дрэў. Усё навокал стала шэрым.
   – Ты куды нас вядзеш? – спытаў у Ціхана афіцэр, увесь абсыпаны снегам.
   – Куды загадалі. Да партызан, – адказаў Ціхан.
   Пацямнелі дрэвы. Пацямнеў снег пад дрэвамі. I здавалася, што гэта з дрэў спаўзае ноч, што там, недзе ўверсе, яна хаваецца ўдзень. А прыйдзе час – спусціцца ўніз і гуляе па лесе.
   Вось і сасна. Яна стаіць асобна. Павярнуць каля яе налева – прыйдзеш у атрад. А прама – сцежка прывядзе ў такое балота, у такую дрыгву, якая ў самыя лютыя маразы не замярзае. Летам каровы танулі там.
   Ціхан пайшоў па сцежцы прама, прыслухоўваючыся, ці ідуць за ім гітлераўцы. На нейкую хвіліну яму стала страшна: а раптам яны здагадаюцца? Раптам спыняцца, не пойдуць? I тады… Не, Ціхан не думаў аб тым, што яго заб’юць. Яго ўсё роўна заб’юць. Але пачнецца блакада. Адразу ж. Вунь колькі фашыстаў толькі тут! Сотня, не менш. А як узброены! I кулямёты з сабою цягнуць. Але не, не здагадаліся, пайшлі. Дзе ім здагадацца, немцам. Яны ж дарогі не ведаюць.
   Лес скончыўся. Наперадзе быў невысокі хмызняк, а далей пачыналася нібы поле. Ціхан ведае, што гэта не поле. Гэта балота, засыпанае снегам. Яшчэ трошкі прайсці, яшчэ. Далей, у балота. Ён не адчувае ўжо стомы. Хай хутчэй цямнее. Хай круціць завіруха.
   Ужо адзін немец праваліўся ў балота. Другі пачаў яго выцягваць і сам праваліўся па пояс.
   – Хлопчык, куды ты нас прывёў? – спытаў афіцэр, яшчэ на нешта спадзеючыся.
   Ціхан спыніўся. Усё. Яны прыйшлі. Ён павярнуўся, паглядзеў у твар немцам. Першы раз глядзеў не апускаючы вачэй.
   – Туды, адкуль вы ніколі не вернецеся.
   Афіцэр павольна пачаў вымаць з кабуры пісталет.
   …Выстрал быў сухі і кароткі. Быццам трэснула галінка дрэва, на якую наступілі нагой.
   Ціхан яго не пачуў…
   Кажуць, што толькі аднаму немцу з таго атрада карнікаў, які знішчыў людзей і вёску, удалося выратавацца. Ён доўга блукаў па лесе. Яго злавілі партызаны. У дзённіку нямецкага салдата яны прачыталі такія словы: «Мы ніколі не пераможам рускіх, таму што нават дзеці ў іх змагаюцца і гінуць як героі».
   Той немец і расказаў партызанам пра хлопчыка з вёскі Байкі, маленькага партызанскага разведчыка Ціхана Барана, які ніколі не чуў пра Івана Сусаніна. Не чуў… А подзвіг яго паўтарыў.
(479 слоў)

Паводле Г. Васілеўскай.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий