Прадслава

Пераказы і дыктанты

  Бацька не прыехаў яшчэ з палявання, і Прадслава адзінока сядзела ў сваёй прасторнай, па-візантыйску абстаўленай святліцы. Яна сама абставіла яе так.
 Бацька ні ў чым ёй не пярэчыў – яму падабалася гэтая раскоша, тонкі густ дачкі, якую ён паважаў, як раўню. Нездарма ідзе па Полацку слава пра яе. Вялікім розумам і прыгажосцю надзяліў яе Бог. Не было ў Георгія і няма цяпер нікога больш блізкага за Прадславу.
 Старэйшая дачка ведала гэта, але не карысталася сваёй уладай у доме. Наадварот, усяляк выказвала сваю пакору бацьку. Вось і ўчора, калі папрасілі яе ў вялікую залу, дзе чакалі сваты, яна перш-наперш падышла да яго, нізка схілілася ў паклоне. Потым падышла да сватоў, што прыехалі ад тураўскага князя Рагвалода. Двое – князі. Астатнія ж, відаць, баяры. Гаварылі з пыхаю, але ёй чамусьці не хацелася слухаць – як жа, прыехалі купцы! А яна – тавар. Добра хоць, што бацька дае ёй поўную свабоду. Таму, па звычаі абнёсшы гасцей чарамі з віном, яна, хаваючы ўсмешку, паставіла сваю чару, нават не паднёсшы яе да вуснаў, і з цікаўнасцю глянула на гасцей. Яны пакрыўджана заміргалі, але сцярпелі адмову і пакланіліся на развітанне спакойна і ветліва.
 Князь Георгій нічога не сказаў ёй. Думаў, напэўна, што для яе і лепшыя жаніхі знойдуцца.
 Яна заўсёды была раўнадушная да лісліва-бойкіх гаворак сватоў, да тых, хто хацеў з ёй звязаць сваё жыццё. Не ў сямейным шчасці ўяўляўся лёс. Яе павінна было чакаць наперадзе нешта асаблівае, вялікае. I таму хітрыкі сватоў здаваліся пасткай, у якую хочуць яе завабіць. Яна адчула, што не можа жыць так, як ёй хочацца.
 «Мне хацелася калісьці стаць бессмяротнай. Хацелася вялікіх спраў, подзвігаў, – думала яна, стоячы на каленях. – Я рыхтавала сябе з маладых гадоў да служэння вышэйшаму, што ёсць на зямлі, – Богу. Гэта тое, дзеля чаго я жыву. I калі мне цяпер цяжка – значыць, сапраўды нялёгка развітвацца са спакусамі жыцця. Але інакш я ніколі не змагу ўзнесціся духам над шэрай будзённасцю зямных спраў. Тым вышэй будзе маё адрачэнне ад зямнога. Так, толькі адрачэнне…»
 А інакш нельга ў гэтым злым, несправядлівым свеце. Вось бацька – як яму хочацца пры яе дапамозе дабіцца нечага свайго! Збавіць яе ў больш-менш прыстойныя рукі. А не захоча сама – прымусяць. Гордая Рагнеда не захацела аднойчы разуць свайго нарачонага – прымусілі. I яе змогуць.
 Прадслава ўстала, доўгім позіркам абвяла ваколіцу. Злева пачыналіся крывыя полацкія вуліцы. Справа, ля самага берага, вілася вузкая сцяжынка. Калі ісці па ёй гадзіны са дзве – можна было як найкарацей прыйсці да Праабражэнскага манастыра. Прадслава часта хадзіла туды і любіла прапахлыя ладанам келлі , строгую ўдумлівую цішыню і нейкую асаблівую мудрасць гэтага манастыра. Вось там яна можа знайсці спакой, павучыцца цішыні і развазе. Там яна зможа стаць незалежнай, і ніякія зямныя турботы не змогуць крануць яе душу.
 Яна рашуча пачала спускацца з высокага абрыву…
 …Халоднае вострае лязо каля шыі. Нізка, ля самых каленяў ігуменні – схіленая галава. А зверху голас – затоена-радасны:
 – Пастрыгаем цябе, сястра, пад іменем Ефрасіння…
(467 слоў)

Паводле В. Іпатавай.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий