Промысел баброў

Пераказы і дыктанты

  У Беларусі здаўна асаблівая ўвага надавалася бабру. Сярод беларускай шляхты і рускіх памешчыкаў было прэстыжна разводзіць побач з маёнткамі, у азёрах ці нават сажалках, баброў з чорнай афарбоўкай. Так, прынцэса Альдэнбургская ў XIX стагоддзі завезла ў сваё родавае памесце ў Варонежскай вобласці пяць беларускіх баброў. Багатая жанчына захаплялася не толькі паляваннем, яна трымала багаты звярынец з рэдкімі звярамі і птушкамі. Прывезеных баброў загадала выпусціць у невялікае возера, якое абнеслі густой металічнай сеткай. Ды бабры не пажадалі жыць за кратамі і падчас паводкі ўцяклі з няволі: перайшлі ў раку Усманку і паступова пачалі абжываць бліжэйшыя вадаёмы.
 У Расійскай імперыі паляванне на бабра афіцыйна лічылася забароненым, але толькі афіцыйна: тайком бабровыя гоны вяліся на працягу многіх стагоддзяў. Каштоўны звер катастрафічна знішчаўся ўсюды, бо той, хто меў магчымасць паляваць на бабра, шукаў яго зімой і летам. За бабровае футра замежныя камерсанты плацілі чыстым золатам.
 Амаль вымерлы прамысловы звер – такі прысуд быў вынесены бабру. Пад канец XIX стагоддзя засталося ўсяго некалькі бабровых калоній на Беларусі і Паўночным Урале. У нас – дзякуючы непраходным балотам і маладаступнасці бабровых хатак. На Паўночным Урале баброў аберагалі мясцовыя жыхары, якія не дапускалі прыезджых прамыславікоў на бабровыя тоні.
 Вядома, што раней, чым дзе, бабра не стала ў Англіі, якая ў свой час ператварылася ў аднаго з актыўных пакупнікоў бабровага футра, як затым і Францыя, і шэраг іншых краін. I толькі Амерыка працягвала пастаўляць футра канадскага бабра на міжнародны аўкцыён вялікімі партыямі. У Канадзе, дарэчы, былі таксама і белыя бабры, якія мелі выключны попыт у Еўропе, што і абумовіла іх вынішчэнне як віду. А між тым яшчэ французскія камерсанты ацэньвалі вычасаны з белага бабра пух па васямнаццаць франкаў за фунт, у той час калі столькі ж ад еўрапейскага каштавала ўсяго шэсць франкаў. I не дзіўна: многія рускія гандляры падмешвалі ў бабровы пух каціную поўсць. Таму і цэны на іх тавар былі занадта нізкія. Адразу ж, як толькі знікла з рынку футра белага канадскага бабра, першынство перайшло да еўрапейскіх (рускіх) баброў з чорнай афарбоўкай.
 У краінах Заходняй Еўропы доўгі час трымалася мода на бабровыя капелюшы, якія называліся касторавымі (на лацінскай мове бабёр – кастор). Вырабляліся капелюшы з бабровага пуху, і той, хто насіў такі галаўны ўбор, нібыта ніколі не пакутаваў ад мігрэні і меў трывалую памяць.
 Сёння ў Беларусі каторы ўжо год вядзецца промысел баброў. Так, час выстаўляе свае патрэбы: і бабёр, і выдра, і норка, і куніца, ды і іншыя звяры з добрым футрам – усё гэта мяккае беларускае золата, якое пры правільнай арганізацыі пушной гаспадаркі можна здабываць пастаянна і ў вялікай колькасці. Беларусь, калі можна так сказаць, бабровы мацярык, вялікая бабровая зямля. I каму ж, як не нам, беларусам, з поўнай адказнасцю і трэба займацца ўзнаўленнем нацыянальнага промыслу – бабровымі гонамі. Усё для гэтага ёсць. Значыць, прыйшоў час браць на сябе такі далікатны і нялёгкі абавязак.
(487 слоў)

Паводле А. Масарэнкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий