Прыёмыш

Пераказы

   Адразу ж за калгаснай сядзібай раскінуліся шырокія палеткі. Раздолле тут летам гарэзліваму ветрыку. Набягае ён аднекуль ажно з-пад далёкага сіняга лесу, завівае чупрыны густому высокаму жыту, блукае па полі, калыша ад краю да краю буйное, туга набітае зернем калоссе.
   I няма нічога дзіўнага, што гэта месца даўно аблюбавала шэрая зайчыха. Ляжыць, бывала, яна днём у жыце, прыслухоўваецца да галасоў жаваранкаў, што срэбрам трымцяць, пераліваюцца на розныя лады ў глыбокім сінім небе. А ноччу зайчыха абыходзіла свае любімыя мясцінкі. Больш за ўсё яна бывала на агародзе, які знаходзіўся на другім баку калгаснай сядзібы. Ды як жа іначай. Жыць недалёка ад агарода і не паласавацца сакавітай капустай або салодкай морквай?
   У канцы лета ў зайчыхі нарадзілася чацвёра зайчанят, падобных да шэрых мяккіх клубочкаў.
   З кожным днём у полі чулася ўсё больш і больш людскіх галасоў, гулі машыны. Аднойчы свежым ранкам зайчыха прачнулася ад моцнага грукату матора.
   На яе з дзецьмі насоўвалася вялізная машына, яна махала, нібы птушка, крыламі, а за ёю было чыстае зжатае поле. Зайчыху працяў востры страх. Разам з дзецьмі яна кінулася з усіх чатырох наўцёкі. Адно зайчаня заблыталася ў густым жыце. Камбайнер спыніў машыну і злавіў яго.
   – Вось будзе дачушцы пацеха! – ён узяў шэранькага за вушкі і пасадзіў у скрынку камбайна, дзе ляжалі розныя інструменты.
   Ой, як зарадавалася зайчыку васьмігадовая дачка камбайнера Ніна. Бацька трымаў зайчыка на руках, а дзяўчынка гладзіла яго па спінцы і нараспеў прыгаворвала:
   – Шэранькі мой! Дзе ж твая мамка? Ты галодны, зараз малачка табе дам.
   Зайчык сапраўды хацеў есці, але не ўмеў ці не хацеў хлябтаць са сподка, куды яму наліла малака Ніна. У гэты момант адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшла кошка Мурка. У яе толькі ўчора забралі кацянят і раздалі суседзям. Ніна ўзяла Мурку на рукі, а бацька паднёс да яе зайчыка. Мурка з ласкай аднеслася да шэранькага і пачала карміць яго.
   Так зайчык і рос на Мурчыным малацэ. У яго быў вясёлы нораў. Ён такія фокусы вырабляў, што ўсе ў доме са смеху клаліся. Еў ён капусту, моркву, канюшыну.
   Усё было б добра, але ў гаспадара быў невялічкі шчанюк Шарык. Ён, як і ўсе добрыя сабакі, брахаў на чужых, зганяў з двара суседскага пеўня. Аднойчы Шарык добра-такі пацягаў зайца за вушы. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б Ніна не выручыла яго: яна адабрала перапуджанага шарачка з зубоў шчаняці, а самога Шарыка пакарала дубцом.
   Кошка не любіла Шарыка. Як толькі ён заходзіў у сенцы, кідалася на яго і злосна шыпела. Шарык тады з усіх ног уцякаў за дзверы. Хутка і заяц навучыўся сяму-таму ў кошкі. Ён яшчэ ля парога сустракаў Шарыка і пачынаў барабаніць пярэднімі лапамі па спіне сабачкі так, што з таго ажно шэрсць сыпалася. З часам шарак зусім перастаў баяцца сабакі. Так і жыў ён далей у сваёй прыёмнай сям’і.

(452 словы)
 
Паводле Я. Зазекі.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий