Птушкі шчасця

Пераказы і дыктанты

  Была некалі на Беларусі вёска Зімовічы. Зусім звычайная вёсачка, але вельмі ганарыліся яе жыхары тым, што жыла ў іх сям’я буслоў. Любілі і шанавалі людзі гэтых велічных птушак, верылі, што тыя прыносяць шчасце.
 Памёр у той вёсцы пан, і гаспадаром стаў яго сваяк. Задумаў новы пан свае ўладанні пашырыць і пабудаваць шыкоўную лазню. Выпісаў майстроў аж з Турцыі! Прыехалі будаўнікі і пытаюцца ў пана, дзе ён плануе ставіць лазню. Пан махнуў рукой на старое дрэва, на якім было буслінае гняздо. Прасілі вяскоўцы пана не чапаць птушынага жытла, але той і слухаць не хацеў. Уласнымі рукамі гняздо раскідаў. А буслы падняліся ў паветра і доўгі час кружыліся над тым месцам. Пан кінуў каменем, але птушкі не спалохаліся. Тады раззлаваны багацей прынёс дубальтоўку і стрэліў у бусла. Перапалоханыя вяскоўцы загаласілі, сталі прасіць пана не чапаць птушак. Толькі было позна. Паранены бусел, з апошніх сіл махаючы крыламі, паляцеў у бок лесу, а за ім накіравалася і яго сям’я.
 З таго часу зніклі буслы з вёскі. А разам з імі пайшло з вёскі і шчасце. Мінула тры гады. Тая лазня, пабудаваная на месцы буслінага гнязда, штогод згарала амаль поўнасцю. Ды і сам пан шмат непрыемнасцей зведаў. Стаў хварэць. Аднойчы паехаў у горад да лекара, а яго абрабавалі па дарозе. Немалыя грошы ўкралі, каня і калёсы забралі, а самога збілі на горкі яблык. Ледзь дадому дайшоў, прыйшлося доктара выклікаць. З цяжкасцю выйшаў багацей з хваробы. Ужо не раз тых буслоў успамінаў.
 Пакутавалі і вяскоўцы. Перастала весціся жывёла, адзін за адным ішлі неўраджайныя гады. Стараюцца сяляне, садзяць агароды, а дажджу амаль не бывае. Ідзе вялікая хмара, і людзі радуюцца, што дождж будзе, а тут наляціць вецер ды прагоніць хмару. Зноў засуха, ураджаю няма.
 Завітаў неяк у вёску вандроўнік. Пусцілі людзі яго пераначаваць, а пакарміць госця не маглі, бо не было чым. Расказалі таму падарожніку пра буслоў ды пра свае беды. Параіў вандроўнік прабачэння папрасіць. Так і зрабілі людзі. Першым пайшоў пан, за ім – усе вяскоўцы. Каля папялішча, што засталося ад лазні, людзі спыніліся. Прасілі ў буслоў прабачэння, кланяліся. Раптам аднекуль з вышыні пачуўся бусліны клёкат. Паглядзелі вяскоўцы ўгору, але птушак не ўбачылі. Па небе ж плыло толькі белае воблака, якое нагадвала бусла.
 – Дараваў! – узрадаваліся людзі.
 Разышліся вяскоўцы па сваіх хатах. У кожным двары гаспадары паклалі на высокія дрэвы драўляныя колы, каб буслы маглі рабіць на іх гнёзды. I вярнуліся буслы ў вёску…
 Вось такая прыгожая легенда жыве ў народзе. Наўрад ці ў яе аснове ляжаць канкрэтныя, рэальныя факты. Відаць, чалавечая фантазія прыдумала гэта паданне. Яно прадыктавана вялікім жаданнем беларусаў жыць у згодзе і міры з братамі нашымі меншымі – жывёламі, птушкамі. У народзе існуюць няпісаныя законы, якіх прытрымліваліся нашы продкі здаўна: не крыўдзіце слабейшых, не ламайце дрэўцаў, бо ім баліць, беражыце родных, таму што яны самыя блізкія вам людзі.
 А буслоў – прыгожых і гордых птахаў – спрадвеку шанавалі на нашай зямлі. Людзі здаўна верылі і сёння вераць, што нельга бурыць іх гнёзды. Гэта своеасаблівыя птушкі – птушкі шчасця.
(481 слова)

Паводле Я. Зварыкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий