Пятрусь Броўка — Блуканне ў лесе

Пятрусь Броўка

А завялі мяне – я помню –
У непралазныя куткі,
У лесе – рыжыкі, лісічкі,
А больш за ўсё баравікі.
Не ўгледзеў – вечар надыходзіў…
Хачу дахаты – хмыз кругом!
Ах, як тады пералякаўся…
Вядома,

  быў я хлапчуком.

Налева рушу – мох, імшары,
Назад – калючыя кусты,
Памкнуўся управа –

багавінне,

Пайду наперад – балаты.
Ані прагалінкі, ні сцежкі,
Адкуль узяўся –

  буралом.

I чортам вывараць здаецца,
А пень замшэлы –

лесуном.

Скажу папраўдзе –

калаціўся,

Ажно кружыла галава,
Ды хоць бы гук які знаёмы,
Адно –

кугакала сава.

Хадзіў,

блукаў я да паўночы,

I калі ледзь не збіўся з ног,
Пачуў рыканне я каровы…
Ах, як усцешыла яно!
Па ім тады

  прыйшоў дахаты.

Дасюль у памяці жыве –
Бо калі зноў яго пачую,
Здаецца –

  хтось дамоў заве.

 

Крыніца: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. Т. 4. Вершы, паэма 1965-1972. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 591 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий