Побач з кубкам шчасця на стале
Бог паставіў кубак,
поўны гора.
Пенаю адсвечвалі ў імгле
Па суседству —
мора каля мора.
Палажыўшы на плячо руку,
Усявышні раіў чалавеку:
— Пі штодзень па аднаму глытку —
Хопіць шчасця да сканчэння веку.
I да незвычайнага пітва
Паспяшаўся сын зямлі прыпасці.
Ледзь пакаштаваў —
і галава
Крута закружылася ад шчасця.
I зусім забыўшы пра наказ,
I нібы зрываючыся з кручы,
Выпіў ён салодкі вір ураз,
Асушыў да дна бакал шыпучы.
Але піць няўтольная душа
Неадольна зноў і зноў прасіла.
Смага, ледзьве чутная спярша,
Забрадзіла, як сляпая сіла.
Сп’яна не разгледзеўшы бяды,
Сын зямлі
прыгубіў кубак гора…
Так перамяшаліся тады
Шчасце з горам, нібы з морам мора.
Поплеч з чалавекам з той пары,
Дзе яго ні кіпе падарожжа,
Ходзяць два варожыя віры,—
Хто, скажыце, іх развесці можа?