Пятрусь Макаль — Кніга

Пятрусь Макаль

Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты – мост,

  па якім да мяне

Мінуўшчына ў госці прыходзіць.

Мільгаюць старонкі твае –
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.

Учора і сёння –
Штодня –
У люты мароз і ў адлігу
Стварае людская радня
Жыцця непаўторную кнігу.

Мы пішам адменным пяром,
Што ўручана родным народам.
Пілот у нябёсах –

  крылом,

Араты на полі –

  нарогам.

Мы – словы такога пісьма,
Якое ў вяках не сатрэцца.
Ты – мост,

  па якім нездарма

Іду я з патомкам сустрэцца.

 

Крыніца: Макаль П. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы; Драматычныя паэмы. -–  Мн.: Маст. літ., 1982, — 271 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий