Рыгор Барадулін — Грамат не хапіла!

Рыгор Барадулін

Былі Алесь і брат Лявон
У лагеры ўсё лета.
Алесь хадзіў на стадыён
І майстраваў ракеты.

На ім
Чарней за ноч загар,
Паўсюль Алесю рады.
Ён – незаменны варатар
І лепшы цэнтр нападу.

Сусветныя рэкорды біць
Лявонка марыць надта.
Барцом,
Плыўцом
Ён хоча быць,
Танкістам,
Касманаўтам.

– Каб біць рэкорд, –
Тлумачыць ён, –
Знаць трэба справу
Тонка.
Пакуль што
Круглы чэмпіён
Хіба па сну Лявонка.

Атрад бяжыць на стадыён
І робіць
Фіззарадку.
А наш нямыты чэмпіён
Спакойна дрэмле ўранку.

Гадзіна мёртвая –
Лявон
Хутчэй імчыць на рэчку.
– Трэніравацца, – кажа ён, –
Павінен я нарэшце.

Нагрузак у Алеся шмат,
Ані хвілінкі вольнай:
Саліст у хоры,
І юннат,
І судзіць матч футбольны.

Алесь у руху ўвесь.
Уміг
Скрозь навядзе парадак.
Ён выручыць сяброў сваіх
І справай,
І парадай.

Закрыўся лагер.
І калі
Дамоў вяла дарога,
Алесю
Грамату далі,
Лявону ж – анічога.

Брат грамату паклаў на стол,
Глядзі,
Чаго я варты.
Лявон, упёршы вочы ў дол,
Даказваў маці ўпарта:

– Мячы б я гнаў,
Як сам Пеле,
Каб толькі спрыт і сіла.
Стараўся ў лагеры,
Але
Мне грамат не хапіла…

Сказать спасибо
( 8 оценок, среднее 3.75 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий

  1. Мария

    Очень классный стих!!!!

    Ответить