Рыгор Барадулін — Вясновая замалёўка на беразе Ваўчэнскага возера

Рыгор Барадулін

Возера стаіць, не зварухнецца,
Бо агеньчыкам надкручнай хаты
Аж да дна, нібы цвіком, прыбіта –
Каб не ссунулася анікуды.

Быццам купінка з сухой ігліцы,
Недаверлівы спяшае вожык,
Чмыхае лычком сваім кірпатым,
Нюхае – ці не прайшла палёўка?..

Драч на непадмазаных калёсах
Туманы сушыць вязе на тоні.
Кнігаўка (за дзень не дакрычала!),
Як з хвастом ушчэмленым, галосіць.

Пахнуць туманы аернай рыбай.
Точыцца з зямлі адталай мята…
От і ты зайшоўся ў шчырым спеве.
Добры вечар,

салавей знаёмы!

Ты ці помніш пра старога Іцку?
Ён жа ў вёску вёз у бочцы дзёгаць,
Чорт падскочыў,

з бочкі шпунт адторкнуў

I закапаў на дарогу дзёгаць.
Гэта ж ты яму крычаў з бярозы,
Папярэджваў дзегцяра старога:

– Іцак, Іцак!
Дзёгаць выцек –
Кап, кап,
ццюрр-руру!..

Выбеглі ў сяле суседзі нашы
З вёдрамі – Максіміха, Казліха,
Ну а ў Іцкі – ані кроплі дзёгцю.
Як жа мне шкада было старога.
 
Дзякуй за ўспамін табе, залётны

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий