Рыгор Ігнаценка — Баравікі ў хусцінках

Рыгор Ігнаценка

  Звечара падрыхтаваліся мы са Стасікам да паходу ў лес: паклалі ў кошыкі хлеб і сала, па пары сакаўных яблыкаў, нажы.
 Прачынаемся, а на дварэ зіма – уначы выпаў снег. Ад такой навіны я нават нос павесіў. А Стасік і кажа:
 – Снег – не пажар. Грыбоў не набяром, дык хоць лесам палюбуемся, пагалёкаем там, у цішыні.
 Гэта Стасікава «пагалёкаем» падахвоціла мяне ўзяць кошык і пайсці ў лес.
 Зямля, дрэвы і кусты, пні, мурашнікі – усё было пакрыта бялюткім снегам. Асенні лес стаяў задуменны, маўклівы. Ні птушыных галасоў у ім не было чуваць, ні саміх птушак мы нідзе не ўбачылі. Цішыня і спакой.
 Стасік, як той заяц, бесклапотна гойсаў паміж дрэў. А я хадзіў паволі, прыглядаўся да зямлі.
 I вось цуд! Гляджу, баравік пад елачкай стаіць.
 – Стасік, – крычу, – баравіка знайшоў!
 – Які прыгажун! – заскакаў Стасік вакол елачкі. – У белай хусцінцы стаіць!
 Сапраўды, баравік, здавалася, накінуў на сябе абнову – хусцінку са снегу.
 Гэта было так незвычайна, што мы са Стасікам нават не сталі чапаць баравіка. Толькі пазней, знайшоўшы яшчэ з паўдзесятка грыбоў, вярнуліся і забралі яго, прыгажуна.
 Цудаў у лесе было шмат. I ярка-чырвоныя ягады шып-шыны на белых кустах. I малінавыя завушнічкі брызгліны. I зялёныя венічкі чарнічніку. I лісіныя ды заечыя сляды на снезе. А Стасік выпараў нават даўганосага камара, які схаваўся ад голаду пад грыбам-нарастам на старой асіне.
 Мы ўдосталь налюбаваліся заснежаным лесам дый такія-сякія дарункі прынеслі дамоў. Чырвоным жарам гарэлі ў кошыках буйныя гронкі каліны, зелянела лісце малінніку, залаціліся яловыя шышкі. I, вядома ж, радавалі вока крамяныя баравікі. Снег растаў, і яны ўжо ляжалі ў нашых кошыках без хусцінак.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий