Рыгор Ігнаценка — Чырвоныя гронкі рабіны

Рыгор Ігнаценка

  На бярозе каля школы вісіць кармушка. Разам з настаўніцай вучні назіраюць, як жаўтагрудыя сініцы з вераб’ямі дзяўбуць хлебныя крошкі.
 – Ганна Паўлаўна, – пытае Лёня, – чаму снегіроў няма?
 Настаўніца адказала:
 – Яны хлеба не ядуць. Снегіры любяць ягады: бузіну, рабіну, крушыну.
 Рабіну! Тут толькі Лёня ўспомніў пра ягады, якія яны схавалі са Сцёпам.
 Пагодлівым асеннім ранкам хлопчыкі гулялі па лесе. На светлай прагалінцы нарвалі рабіны. Пакаштавалі, а яна горкая, у рот не ўзяць. Хлопчыкі схавалі ягады пад дрэвам, накрылі зялёным мохам, спадзеючыся забраць зімой, калі яны перамерзнуць.
 У той жа дзень пасля заняткаў сябрукі на лыжах паехалі ў лес. Яны адшукалі дрэва, пад якім былі схаваны ягады рабіны, і пачалі капаць снег.
 – Ура! Цэлая! – усклікнуў Лёня і пакаштаваў. Ягады былі смачныя, салодкія. Хлопчыкі забралі іх і памчаліся дахаты. Дома павязалі рабіну ў невялікія пучкі і павесілі на гарышчы. А некалькі чырвоных гронак занеслі на кармушку.
 Назаўтра Лёня са Сцёпам першыя прыбеглі ў школу. Глядзяць – снегіры на кармушцы. Сядзяць і паважна дзяўбуць ягады рабіны.
 Падыходзілі вучні і з цікавасцю глядзелі на чырванагрудых гасцей.
 Са школы выйшла настаўніца.
 – Ганна Паўлаўна, снегіры! – закрычалі дзеці.
 – Хочаце іх кожную зіму бачыць? – спытала настаўніца.
 – Хочам.
 – Тады давайце вясной шмат сваіх рабінак пасадзім каля школы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий