Рыгор Ігнаценка — Ганарлівая птушка

Рыгор Ігнаценка

  Прыносіць мне неяк восенню сябар падраненага цецерука.
 «На, – кажа, – ты з птушкамі любіш важдацца. Можа, і прыручыш яго».
 Я змясціў ляснога пеўня разам з курамі ў хляве. Няхай, думаю, звыкаюцца. Як ні кажы – сваякі. Усяго тае і розніцы, што куры ля чалавека жывуць, а цецерукі – у лесе.
 Двое сутак дзікун нічога ў рот не браў. Я ўжо вырашыў: загіне небарака. А які ж прыгажун! Яму б толькі песні спяваць.
 А тут яшчэ заходзіць да мяне адзін знаёмы паляўнічы і кажа:
 – Дарэмныя ўсе твае старанні. Дзе ты бачыў цецерука ў няволі?
 – Не, – прызнаюся я, – нідзе не бачыў.
 – У тым жа і справа. Цецерукі вельмі ганарлівыя птушкі. Няволі яны не пераносяць. Пакуль певень яшчэ не снедаў, згатуй з яго добрую смажаніну, – параіў мне на адыходзе паляўнічы. – Інакш усё роўна загіне.
 Я нічога не адказаў, а сам сабе падумаў: «Няхай лепш загіне, а смажаніну з яго рабіць не буду».
 Калі паляўнічы пайшоў, я засунуў цецерука ў калашыну ад старых штаноў, каб не так трапятаўся, і пачаў карміць. Скачаю галачку хлебнага мякішу, разяўлю яму дзюбу – і туды. На шосты дзень дзікун сам пачаў дзяўбці. А неўзабаве цецярук еў усё, што давалі курам. «Усё-такі прыжыўся! – радаваўся я. – Яшчэ, чаго добрага, на дзіва ўсім суседзям, вясной і заспявае ў мяне ў хляве!»
 З курамі цецярук усё ж не сябраваў. Усяляк пазбягаў іх кампаніі. I спаў асобна ад курэй. Куры на жэрдачцы ў адным канцы хлява, а цецярук – у другім, на старой баране. Ніяк яму гонар не дазваляў апусціцца да ўзроўню курэй.
 К палове зімы ў цецерука загаілася крыло. Нават, як мне здавалася, і бляск на пер’і з’явіўся. Птушка птушкай – хоць сёння ў лес выпускай. Чакаю вясны. Цікава ўсё ж: а ці заспявае ён у няволі?
 У канцы сакавіка забалбаталі на Яснай паляне цецерукі. Ранкам не ўлежаць у ложку. Так душа і рвецца туды, дзе вясна спраўляе сваё радаснае свята. Цярэнцій мой маўчыць. А добра ведаю – не спіць. Чуваць, як на баране топчацца. Дзень чакаю, другі, трэці – усё дарэмна: не спявае.
 I праўда, што ганарлівая птушка, урэшце згадзіўся з паляўнічым. I хлеў, здаецца, прасторны, а душы, выходзіць, цесна? Яму зараз падавай усе навакольныя лясы, пералескі, шырокія палі з чарнеючымі на іх праталінамі.
 – Ну што ж, – кажу, расчыніўшы насцеж вароты ў хляве, – да вясны датрымаў, а зараз на ўсе чатыры бакі адпраўляйся. Толькі глядзі, мне не пападайся. У лесе ўжо некалі будзе разбірацца: дзе свой, а дзе чужы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий