Рыгор Ігнаценка — Пасадзіце рабінку

Рыгор Ігнаценка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Той чалавек, які не пасадзіў ніводнага дрэўца, дарэмна жыццё пражыў. Так вучыць мудрая народная прымаўка.
 Але чаму я раю пасадзіць рабінку, а не бярозку альбо клёнік ці ліпку?
 Можна, вядома, і іншыя дрэўцы пасадзіць. У мяне, напрыклад, ёсць каля дома і бярозка, і елачка, і асінка.
 Дык вось паслухайце, чаму я раю менавіта рабінку пасадзіць.
 Вясною гэта дрэўца адно з першых распускаецца. Наўкол яшчэ шмат якія дрэвы голыя стаяць, а яно ўжо тонкімі карункамі каля дома зелянее.
 А як прыгожа цвіце рабіна! Па зялёнай кроне белымі шапкамі раскіданы пышныя суквецці. Прыемны водар ад іх за вярсту чуцён.
 У канцы лета, калі ўсё ў прыродзе пачынае блякнуць і губляць сваю пышную прыгажосць, раптам пад акном успыхне рабіна. Загарыцца чырванню полымя і прамяніцца не згасаючы. I вось часам спыніцца які-небудзь прахожы і падзівіцца:
 – Хараство якое!
 Восенню каля вашага дома ўвесь час будуць трымацца розныя птушкі – шпакі, дразды, снегіры. На дрэўцы яны будуць ласавацца сакавітымі ягадамі, дзякаваць звонкімі галасамі гаспадару за смачны пачастунак.
 Калі лісце на дрэвах ападзе, на рабінцы доўга яшчэ будуць чырванець гронкі ягад, звычайна аж да самага снегу.
 Не здзіўляйцеся, калі да вас завітаюць стары дзядок або бабулька, якія ўжо не могуць схадзіць далёка ў лес. Яны папросяць ягад на лекі.
 Пасадзіце, дзеці, сабе рабінку, не пашкадуеце. А як гэта лепей зрабіць, думаю, вам кожны дарослы дапаможа.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений