Рыгор Крушына — Да цябе, дарагая

Рыгор Крушына

Дзень нахмурыўся, плача і жаліцца.
Родзіць смутак. Сляза на вакне.
Чую – маці пяшчотнымі пальцамі
Ціха, прывідна лашчыць мяне.

Сэрцу мірсціцца даўнае, роднае!
Толькі боль узрастае ўдвая:
За паўсветам, за далеччу воднаю
Ты гаруеш, матуля мая.

Душыць крыўда… Ніякімі лекамі
Не загоіцца смутак душы.
Заспявай нашы песні, як некалі,
I за сына малітву скажы.

Акіянскія горка-салоныя,
Перамерыўшы мілі, вятры
Прынясуць твае словы ў зялёныя
На ўзбярэжжы сады-гушчары.

I як толькі ізноў распагодзіцца,
Я паеду за горад, і там –
У кляновых прысадах ваколіцы –
Тваё гора ссяку папалам.

На гадзіну пазбаўлюся негадзі
Адзіноцтва, тугі і турбот…
Паплывуць мае думкі, як лебедзі,
Да цябе, дарагая, на ўсход.

1953

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий