Рыгор Крушына — Родныя гукі

Рыгор Крушына

Зноў абуджаюцца родныя гукі,
Я не самотны — натхненьне са мной.
Думка трывожная ў часе разлукі
Цягнецца звонкай ігранай струной.

Слова, што ўладна і ладна ўплялося
Ў лёс мой, жыцьцё і пачуцьці мае, —
Як на палёх пад вятрамі калосьсе,
Бурнаю хваляю сёньня ўстае.

Слова сьпявае. Палае. Чаруе.
Матчын запеў — нясуцішны — у ім.
Я пазнаю гэту праўду старую.
Сьвет, цэлы сьвет б’ецца ў сэрцы маім.

Хочацца добрае ў песьню укласьці!
Я перажыў колькі сьветлых гадзін.
Слова мяне ратавала ў няшчасьці
I суцяшала, што я не адзін.

Зноў я праходжу праз творчыя мукі,
I зацьвітаю вішнёвай вясной.
I абуджаюцца родныя гукі…
Я не самотны, бо слова са мной.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий