Шчасце

Пераказы

   Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусі. Сонца пячэ, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і зараснікі аеру ды чароту, і густыя паплавы, і непралазны алешнік ды лазняк. Зеляніна, што жыве навакол, запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека.
   Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскокваючы на адной назе ды махаючы белым дубцом.
   Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я разумею яго. Калі і я гатоў усіх абняць у гэты дзень, дык што ж павінна адбывацца ў яго маленькім чыстым сэрцы? Я лагодна ўсміхаюся яму і кажу:
   – Добра жыць на свеце, браток, га?
   Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў. Мы і без слоў разумелі адзін аднаго.
   Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. З вачэй яго пырскала шчасце, і здавалася, што ён вось-вось нешта скажа. Скажа, што надта прыемна ў такі дзень басанож скакаць па мосце ды махаць свежым дубцом, што ўвесь свет вельмі прыгожы, што дзядзька, якога ён сустрэў на мосце, таксама прыгожы і добры, ды і наогул усе дзядзькі і цёткі прыгожыя і добрыя – Ён нічога не казаў толькі таму, што не ўмеў выказаць такіх думак і пачуццяў. Ды яно і не трэба было. Я і так усё разумеў.
   Хіба я сам калісьці не быў такім, як ён? Хіба я сам не адчуваў радасці жыцця?
   Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Для яго маёй шчырай і ветлівай усмешкі было мала. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я да яго адчуваю? Мне засталося ступіць толькі адзін крок – і мы размінёмся. Размінёмся, можа, навекі.
   – Як цябе зваць? – сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.
   Сказаў і зараз жа пачырванеў ад сораму: хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся. А потым… потым з грудзей яго вырваўся крык!..
   Гэта быў шчыры, мімавольны крык дзіцячай душы. У ім былі і крыўда, і расчараванне, і надзея, і горкі папрок…
   Два словы толькі было ў гэтым крыку:
   – Дзядзька! Шапка!…
   У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная1. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін, усяго толькі адзін крок заставалася зрабіць – і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша?
   I яна не сцярпела…
   Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.
   – Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! – крыкнуў я. – Пакажы, пакажы!
   Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю.
   Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная.
   Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.
   – Які казырок! I шнурок! I гузікі два! – стараўся я. – А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?
   – Мамка! – з гордасцю адказаў хлопчык.
   Несправядлівасць была выпраўлена.
(477 слоў)

Паводле Я. Маўра.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий