Шчыт зямлі гарадзенскай

Пераказы і дыктанты

   Ён быў шчытом Панямоння ў адзін з самых цяжкіх перыядаў гісторыі нашага народа. У час, калі фактычна вырашалася пытанне: быць беларусам ці не быць, бо толькі з 1287 па 1306 гады рыцары-крыжаносцы зрабілі 130 паходаў на беларускія землі.
   Кажуць, што эпоху вызначаюць дзеянні людзей тых часін. Некалькі дзесяцігоддзяў, на працягу якіх у Гародні кіраваў князь Давыд, смела можна назваць часам Давыда Гарадзенскага. Пры знаёмстве з яго жыццём з’яўляецца ўражанне, быццам гэта якісьці былінны або казачны персанаж, але яно памылковае, бо гэты мужны воін і таленавіты палкаводзец, які ні разу не пацярпеў паражэння, існаваў на самай справе.
   Лёс гэтага чалавека яркі і нечаканы, падобны следу падаючай зоркі на начным небасхіле. Так ужо здарылася, што Давыд з’явіўся на свет у Пскове. З маленства хлопчык выхоўваўся як воін. Яго вучылі стральбе з лука, верхавой яздзе. Ён выдатна валодаў мячом, кап’ём. Паходнае жыццё прывучыла яго да начоўкі ў любы час года, у любое надвор’е пад адкрытым небам.
   У 1299 годзе па паўночнарускіх землях пранеслася эпідэмія чумы. Мор літаральна выкасіў насельніцтва гэтай тэрыторыі. Сярод тысяч памерлых былі і бацькі Давыда, якія, паміраючы, наказалі сыну ехаць на радзіму, і той выканаў запавет.
   Давыд апынуўся ў Літве. Князь Гедымін, цудоўна разбіраючыся ў людзях, дальнабачны і мудры палітык, хутка звярнуў увагу на розум і незвычайныя ваенныя здольнасці юнака і даручыў яму пасаду каштэляна (каменданта) Гародні. Больш таго, крыху пазней ён выдаў замуж за Давыда сваю дачку Бірутэ.
   Гародня і гарадзенскія землі атрымалі надзейнага абаронцу. На працягу чвэрці стагоддзя ён умела абараняў беларускую зямлю. Людзі былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Яны смела сеялі хлеб, не баючыся, што ўраджай дастанецца ворагу; нараджалі дзяцей, не баючыся, што тыя, не паспеўшы вырасці, памруць ад варожага мяча.
   Крыжаносцы ўпершыню адчулі гэта ў 1305 годзе. Зімой таго года шматтысячнае рыцарскае войска напала на Гародню, але неаднаразовыя іх спробы захапіць яе не ўвянчаліся поспехам. Не дабіліся поспехаў крыжакі і ў 1311 годзе.
   Былі ў Гарадзенскага каштэляна і паходы. Ён нават дапамагаў жыхарам іншых гарадоў. Напрыклад, менавіта да яго паслалі з просьбай аб дапамозе жыхары Наваградка, калі восенню 1314 года іх горад спрабавалі захапіць крыжакі. Невялічкі атрад Давыда, які складаўся з дружыннікаў і купкі гарадзенскіх апалчэнцаў, падышоў да горада і дапамог яго жыхарам.
   Ведаючы, што лепшая абарона – нападзенне, Давыд нярэдка сам наносіў крыжаносцам моцныя ўдары. Так, вясной 1319 года, выкарыстаўшы разліў рэчак, ён з 800 вершнікамі пераадолеў адлегласць па бязлюдных мясцінах і ўварваўся ў адну з багацейшых абласцей Прусіі. Яго войска з бліскучай перамогай вярнулася ў Гародню.
   Крыжаносцы не без падставы бачылі ў Давыдзе Гарадзенскім свайго найбольш небяспечнага ворага і, не маючы моцы знішчыць яго, вырашылі адпомсціць інакш. У сакавіку 1324 года тры нямецкія рыцары, маючы пры сабе больш за шэсцьсот воінаў, таемна прабраліся да маёнтка Давыда і спалілі яго. Яны забілі звыш трох дзесяткаў жыхароў, захапілі коней і жывёлу. Сярод загінуўшых была і жонка гарадзенскага каштэляна. У адплату за гэта Давыд абрушыўся, як смерч, на ворагаў. Здавалася, яшчэ некалькі дзён, яшчэ адзін удар, і драпежны Тэўтонскі ордэн будзе знішчаны. Але здарылася непрадбачанае: Давыд ударам кінжала ў спіну быў забіты ў сваім шатры здраднікам.
   Князь Давыд загінуў непераможным. За сваё жыццё ён не прайграў ніводнай бітвы. Яго лёс у гэтым падобны на лёс яго прадзеда – Аляксандра Неўскага. Той таксама ўсё жыццё змагаўся з крыжаносцамі, не прайграўшы ніводнай бітвы, і быў па-здрадніцку забіты (атручаны).
(536 слоў)

Паводле М. Багадзяжа.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий