Сімяон Полацкі

Іншае

   Называючы Афанасія Філіповіча «апошнім беларускамоўным пісьменнікам», К. Тарасаў патлумачыў, што «храналагічны» наступнік Філіповіча — Сімяон Полацкі (Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч 1629-1680) — выступіў з друкаваным словам пасля ад’езду ў Маскву, дзе, уласна, і прайшло яго творчае жыццё. Пісаў ён і на лацінскай мове, і на рускай, у якой асабліва адчувальныя беларускамоўныя адметнасці, і на польскай, і непасрэдна на «языку тоему, иже свойственный бе» яго радзіме і народу. Знітаванасць з родным домам, роднай зямлёй у Сімяона Полацкага была вельмі моцнай, аб чым сведчыць і яго перадсмяротны тэстамент, які ён склаў загадзя, прадчуваючы блізкую смерць. Распараджаючыся сваёй немалой маё-масцю, Сімяон прызначыў вялікія сумы некалькім беларускім манастырам, што заставаліся абаронцамі роднай культуры на беларускіхземлях. Гэта была яго апошняя даніна радзіме і дапамога аднадумцам. Полымя жыцця паэта-гуманіста, асветніка і філосафа згасла, адмерыўшы яму ўсяго пяцьдзясят гадоў, але створанага ім нельга перабольшыць — яго хапіла б на некалькі гістарычных постацяў.

   Лёс Сімяона Полацкага склаўся больш-менш удала. Ён не зведаў крыўдаў і здзекаў, адзіноты і беднасці ў такой ступені, як Сымон Будны; маральнага злому і краху асобы, як М. Сматрыцкі; гвалту, як A. Філіповіч.

   А час быў змрочны, трагічны. Полацк дзіцячых і юнацкіх гадоў Сімяона Полацкага выглядаў больш сумна, чым пры Ф. Скарыну. Гвалтоўныя формы прыняло абарачэнне праваслаўных ва уніяцтва. Да ўсяго яшчэ войска Івана Грознага, а пасля Стэфана Баторыя, баявыя дзеянні ў вайну 1632-1634 гг. моцна разбурылі горад. Асабліва горкай была страта унікальнай бібліятэкі Сафійскага сабора ў жніўні 1579 г.

   Правучыўшыся дзесяць гадоў у лепшай навучальнай установе праваслаўных у Рэчы Паспалітай — у Кіева-Магілянскай калегіі, Сімяон Полацкі ў 1650 г. паступіў на філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі.

   У 1654 г., пасля Пераяслаўскай рады, Расія распачала вайну супраць Рэчы Паспалітай і галоўным тэатрам ваенных дзеянняў стала Беларусь. Вільня таксама зведала вялікія разбурэнні і разгром: каталіцкія касцёлы і кляштары былі разрабаваны. Таму студэнт Пятроўскі, зразумеўшы, што не толькі працягваць навучанне, але і жыць у такім горадзе небяспечна, пакідае Вільню і вяртаецца дадому, у Полацк.

   Усё ішло да таго, што Рэч Паспалітая магла знікнуць з карты Еўропы. На хвалі ўзнясення праваслаўнай веры Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч падстрыгся ў манахі. Свецкае жыццё з яго абавязкамі перад дзяржавай і сям’ёй, па яго меркаванні, магло толькі пашкодзіць навуковай і паэтычнай дзейнасці, да якой ён меў не проста схільнасць, але якой прагнуў:

Ибо не будет мощно с книгами сидети,

Удалит от них жена, удалят и дети…

И Феофраст в князи си того возбраняет,

Препятствие мудрости женитбу вещает.

Ей неудобно книги довольно читати,

И хотение жены в доме исполняти.

   Вось так у 27 гадоў, даўшы зарок бясшлюбнасці, Самуіл Пятроўскі стаў манахам Сімяонам Полацкім і прысвяціў сябе працы дыдаскала (настаўніка) брацкай школы, што асабліва адпавядала імкненням яго душы. Выбар зроблены! A літаральна праз месяц ён стаў удзельнікам падзей, якія вызначылі ўсё яго далейшае жыццё.

   Распачаўшы ў 1656 г. вайну са Швецыяй, цар Аляксей Міхайлавіч выехаў у войска. Шлях яго ляжаў праз Віцебск і Полацк. Айцы Богаяўленскага манастыра надумалі ўславіць цара панегірычнымі вершамі. A некалькімі днямі раней Сімяон ездзіў у Віцебск, і там таксама школьнікамі былі прачытаны для цара «Метры», складзеныя Сімяонам Полацкім:

Вітаем тя, православный царю, праведное солнце,

Здавно бо век пригнули тебе душы наши и сердце,

Вітаем тя, царю, от востока к нам пришедшаг о,

Белорусский же от нужд народ весь свобождашаго.

   У прывітанні цару Сімяон Полацкі не абмінуў увагай і хвалой усіх з баярскай світы самадзержца, што, паводле панегірыка, «за веру з смелостью пошли яко дети Львовы».

   Так Сімяон Полацкі скарыстаў выпадак, каб выставіць для ацэнкі свой паэтычны дар і палітычныя погляды. Абставіны патрабавалі ад твораў палітычнай начынкі. У горадзе распаўсюдзіліся чуткі аб магчымым абранні цара Аляксея вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Ніхто не мог прадбачыць, што вырашыць сейм, але Сімяон піша «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства».

   Адчуваючы ў сабе вялікі талент, Сімяон стараўся скарыстаць спрыяльныя ўмовы для яго развіцця, не грэбуючы нават заняткам, да якога ў яго не ляжала душа. Слушна сцвярджае паэт, што звяртаць увагу на марнае, дробязнае, траціць на яго сілы — закопваць свой талент:

Талант в землю сокрыты, есть то благодати

Данныя на тлетворны вещи обращати.

   Нерэалізаваны талент, ва ўяўленні Сімяона Полацкага, тое ж самае, што

Знающе правду, а о ней молчати,

Есть злато в землю тщетно закопати.

   Але далей абставіны склаліся для Сімяона Полацкага не лепшым чынам. Палякі замірыліся з Расіяй і далі адпор шведам. Пасля смерці Багдана Хмяльніцкага новы гетман Выгоўскі паддаўся ўладам караля. Казацтва скасавала артыкулы Пераяслаўскай рады пра з’яднанне з Расіяй і ў 1659 г. разам з татарамі пад Канатопам разбіла адборныя войскі князя Пажарскага. Пачалася новая вайна Расіі з Рэччу Пас-палітай, і на гэты раз з адчувальнымі няўдачамі для рускіх.

   Нядоўгія гады дабрабыту і шчаслівага жыцця праваслаўнай царквы на Беларусі скончыліся, і новая прышласць магла абяцаць толькі помслівы ўціск. Што да становішча народа, то жахі той вайны апісаў Г. Сянкевіч у рамане «Патоп» у адпаведнасці з гістарычнай праўдай. Час тых войнаў вобразна параўноўвалі з патопам: і вайна, і выкліканыя ёю голад і эпідэміі звялі на той свет палову беларускага насельніцтва. Набрала моцы і пыхі непазбежнае пасля шматгадовых войнаў невуцтва, разлютаваліся норавы, уступіла ў сілу, у свае «законный» правы помслівасць.

   Нічога добрага для сябе ў сваім родным горадзе і наогул у княстве Сімяон Полацкі не чакаў. У любы момант яму маглі прыгадаць і яго красамоўныя ўхваленні рускага манарха («праведнае солнце», «светит о солнце, в полском горызонте»), і размах пажаданняў («Прийми митру Литовску, прийми и корону Полскую, Алексею, под свою оборону»). Не толькі абыякавасць да сваёй асобы, але знявагу і здзек зведаў Сімяон Полацкі: за нейкую правіннасць біскуп Каліста абавязаў паэта да працы ў хляве. Нават больш: давялося паэту зведаць і пакуты турэмнага зняволення.

   «Молитва в скорби сущего и клевету терпяшего» перадае перажытыя ім у тыя дні пачуцці:

Призри оком милости на мене скорбя ща,

От неправедна мужа клевету терпяща.

Их же ум мой не мыслил, он на мя клевещет.

А душа в невинности от страха трепещет.

Крови моея хощет, пагубы желает…

   Трагедыя асобы адоранай, моцнай, незвычайнай, якая не можа рэалізаваць свой дар, сіла абставін для якой аказалася мацней за сілу дару, засведчана Сімяонам Полацкім у яго аўтабіяграфічных вершах, поўных гаркоты безвыходнага расчаравання і адначасова здольнасці пасмяяцца з сябе ў такім становішчы:

Вся глава умом велми ся наткана.

А мозгу мало, что места не стало.

Времем сквозь нос разум вытекает,

Да Семён умен — языком принимает.

А сколько силы не можно сказати —

Льва на бумагу мощно мне раздрати.

Другий то Сампсон, да нет с ким побиться,

Кого вызову, всяк мене боится.

Да кто с богатирем бороться посмеет,

Мечем, пистолъми — все Семен умеет.

Мнози видают, как сильно борюся,

Когда с рубахи в вечер раздегнуся.

Не один недруг тогда пог ибает,

А кровь от ногтей аж в очи плискает.

По такой битве рад я спочиваю,

На мяккой лавке так трудов збываю…

Свои палаты за печью имею.

А про бог атство хвалиться не смею,

Чтоб вор не окрал, а стану дарити,

Кто мя изволит скоро оженити.

Я буду ему праведно служити —

Хлеб дармо ести, вино добре пити.

   Жаданне штосьці змяніць, каб рэалізаваць свой дар, было дамінуючым у яго душы, бо паэт зноў і зноў піша пра гэта:

Видите меня, как я муж отраден.

Возрастом велик и умом изряден.

Ума излишком, аж негде девати,

Купи, кто хочет, а я рад продати.

   Аднак рэпутацыя песняра рускага цара адбівала ўсіх пакупнікоў. і Сімяон Полацкі рызыкнуў: летам 1664 г., узяўшы маці і пляменніка, паехаў у Маскву. Цяпер ужо назаўсёды (першы раз ён ездзіў у Маскву ў 1660 г. прасіць дапамогі для Полацкага манастыра і нават жыў там некаторы час).

   Літаратурная спадчына Сімяона Полацкага беларускага перыяду вылучаецца жанрава-тэматычнай разнастайнасцю: «віршы» рэлігійнай тэматыкі (акафісты, кондакі, трапары), у якіх услаўляецца Ісус Хрыстос, выяўляюцца пачуцці шчырага верніка; дэкламацыі, прысвечаныя канкрэтным падзеям і рэальным гістарычным асобам; эпітафіі на смерць розных асоб, вершы, прысвечаныя гістарычным падзеям; сатырычныя («На лянотніка», «На п’яніцу», «На грэшніка» і інш.), вершы на астралагічныя тэмы, у якіх ён вытлумачваў залежнасць характару і лёсу чалавека ад становішча зорак і планет, вершы на тэмы антычнай міфалогіі і гісторыі культуры («Чатыры вякі чалавецтва», «Восем цудаў свету» і інш.).

   Вершаскладанне было галоўным захапленнем Сімяона Полацкага. Ён пакінуў вялікую спадчыну — 50 тысяч радкоў, пісаў ва ўсіх жанрах і дасягнуў вытанчанасці формы. Першым у Расіі Сімяон Полацкі ператварыў паэзію з рамяства ў мастацтва. Вобраз і яго мастацкі эквівалент — вось схема яго вершаў. Асацыятыўнасць як атрыбут сапраўднага мастацтва — самая адметная асаблівасць яго творчасці. З дапамогай асацыятыўнасці ён выяўляў сваю філасофію, сваё светаўспрыманне:

Колесо скрипящее путнику стужает,

Человек же ропотный Богу досаждает.

   Менавіта праз параўнанні і асацыяцыі паэт дасягае выключнага ўздзеяння на чытача, бо вершы яго адшліфаваныя да ўзроўню афарыстычнасці:

Яко врачество болезнь исцеляет,

Философиа нрав зол души исправляет.

   Галоўны зборнік паэзіі С. Полацкага — «Вертаград шматкаляровы» выявіў усе дыдакгычныя памкненні паэта, яго філасофію. Ён лічыў свае вершы дапаможнікам для выпраўлення нораваў: «Обрящет зде благородный и богатый врачества недугом своим; г ордости — смирение; сребролюбию — благорасточение… Обрящет гневливец — кротость и прощение удобное; ленивец — бодрость; глупец — мудрость… ненавистник — любовь… блудник — воздержание». Не толькі «вучыў царанят у Маскве Сімяон з пасівелага Полацка», як з гордасцю за свайго земляка пісаў Пімен Панчанка ў вершы «Мы з тых беларусаў…». Спецыяльна для царэвіча Пятра Сімяон падрыхтаваў і выдаў «Буквар», аздобіўшы падручнік гумарыстычным прысвячэннем, што выдатна характарызуе яго як аўтара падручнікаў для дзяцей:

Плевелы от пшеницы жезл тверд отбивает,

Розга буйство из сердец детских прогоняет.

Розгы малому, бича большим трэба,

А жезл подросшим, при нескудном хлебе.

Та орудия глупых исправляют,

Плоти целости ничтоже вреждают

И волю злую к Богу прилагают…

Целуйте розгу, бич и жезл лобзайте,

Та суть безвинна, тех не проклинайте…

   Указам цара Сімяон Полацкі прызначаецца настаўнікам у спецыяльнае вучылішча для пад’ячых Прыказу тайных спраў. Вучняў там было ўсяго чацвёра, сярод якіх быў і аўтар эпітафіі, напісанай і высечанай праз 15 год на надмагільным помніку Сімяону Полацкаму, Сільвестр Мядзведзеў.

   Галоўнымі прадметамі ў вучылішчы былі лацінская і польская мовы, але акрамя іх Сімяон выкладаў сваім дарослым слухачам граматыку, рыторыку, паэтыку, багаслоўе, філасофію з астралогіяй. Дарэчы, ён складаў гараскоп пры нараджэнні Пятра Аляксеевіча, прадказаўшы долю, на якой «слава почивает». Сам жа паэт лічыў, што не зоркі вінаваты, «егда кто зло некое обыче деяти».

   Пра сур’ёзнае стаўленне Сімяона Полацкага да сваёй педагагічнай дзейнасці, у якой ён рэалізаваў сябе як асобу, спатоліў прагу непасрэднага ўздзеяння на людзей, сведчыць і той факт, што ён зрабіў вершаваны пераклад Псалтыра — «Псалтырь рифмотворная».

   Па гэтай кнізе вучылася некалькі наступных пакаленняў. Яе разам з «Граматыкай…» М. Сматрыцкага і «Арыфметыкай» Магніцкага Ламаносаў назваў «вратами своей учености». Прапаганда асветы была часткай яго дзейнасці, a ўсведамленне невуцтва, неадукаванасці як вытоку зла — адзін з элементаў яго светапогляду: «Многие невежды, не бывшие никогда учениками, смеют называться учителями… по правде это не учители, но мучители. Оттого умножились в людях злоба, преуспело лукавство, волхвование, чародейство, разбой, воров-ство, убийства, пьянство…» Гэтыя абуральныя словы адрасаваны духавенству, неадукаванасць якога Сімяон Полацкі лічыў асабліва небяспечнымі для грамадства.

   Верш, у якім выяўлена тая ж думка, захапляе багаццем асацыяцый, трапных параўнанняў невука з невідушчым, што вядзе таго, хто бачыць, і з савой, якая разважае пра сонечныя промні:

Невежда пути вожд да не бывает

Книг неискусный да не поучает.

Невежда мудрого елма поучает —

Слепец очитого провождает.

Сова о лучах солнца рассуждает,

Егда невеглас о мудрых вещает.

   Сімяон Полацкі марыў стварыць у Маскве вышэйшую навучальную ўстанову накшталт Віленскага універсітэта ці Кіева-Магілянскай калегіі і заняць пасаду рэктара. Ён ужо шмат зрабіў для рэалізацыі гэтай задумы, але ідэя была рэалізавана ўжо без яго: на аснове яго праекта ў 1686 г. была створана Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Нельга не пагадзіцца са сцверджаннем К. Тарасава, што наш слынны зямляк «абагнаў расійскую рэчаіснасць на цэлае стагоддзе».

   Кнігавыдавецкая дзейнасць Сімяона Полацкага — яшчэ адно сведчанне унікальнасці гэтай гістарычнай постаці і яе ролі ў развіцці рускай культуры. Сімяон Полацкі быў поўным распарадчыкам друкарні ў Крамлі, свабоднай ад патрыярхавай цэнзуры. Першай кнігай, якую ён выдаў у гэтай друкарні, быў «Буквар языка славенска, сиречь начало учення детем хотящим учитися чтению писаний».

   Атрымаўшы друкарню, Сімяон Полацкі хацеў выдаваць творы, адпаведныя свайму светапогляду, і найперш уласныя. Ён ужо сабраў і падрыхтаваў для апублікавання ўсе свае літаратурныя творы, але ў самы разгар гэтых прыемных клопатаў раптоўна памёр. Яго вучань С. Мядзведзеў выдаў два тамы пропаведзяў Сімяона: «Абед душэўны» і «Вячэра душэўная». Зборнік «Вертаград шматкаляровы» (у якім у алфавитным парадку былі размешчаны царкоўныя легенды, звесткі з гісторыі, анекдоты, погляды на ідэальнага манарха) — своеасаблівая энцыклапедыя. «Вертаград…» і «Рыфмалагіён» з’явіліся ў друку толькі ў XІX ст.

   Сімяон Полацкі з’яўляецца і заснавальнікам драматургіі ў Расіі (п’есы «Камедыя прытчы пра блуднага сына», «Пра Навухаданосара цара…»); ён стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, створанага ў 1672 г. пры двары Аляксея Міхайлавіча.

   Жыццяпіс Сімяона Полацкага прыводзіць нас да высновы, што ён, усведамляючы ўсю веліч Богам дадзенага яму дару, добра разумеў і другое: галоўная і першая ўмова рэалізацыі гэтага дару — жыццё. Гэта і вызначыла галоўны яго выбар — развітанне з Радзімай, якую ён так моцна любіў і адкуль чэрпаў і сілы, і натхненне. і як не пагадзіцца з Кастусём Тарасавым: «Хоць і кажуць: радзіма там, дзе свабода, усё ж кожны марыць аб свабодзе на роднай зямлі…»

   Літаратурная спадчына Сімяона Полацкага палоніць нас глыбокай мудрасцю, багаццем і нярэдка парадаксальнасцю асацыяцый, вытанчанасцю метафар, дасканаласцю рыфмы… і поўніць сэрца шчымлівым шкадаваннем, што толькі ўскосна паўплываў ён на развіццё нашай нацыянальнай культуры, непасрэдна ж спрычыніўся, даў штуршок і па-сапраўднаму ўзбагаціў хай сабе і братнюю, але ўсё ж не нашу нацыянальную культуру. Сапраўды, няма прарокаў у сваёй Айчыне!
 

На лянотніка

 

Дарма, лянотнік, за стол ты сядаеш,

Бо ты ж да працы ахвоты не маеш.

Дробны мураш, a глядзі, як працуе,

Цэлае лета спажыву рыхтуе:

Рана сабе ён запасы збірае,

Прыклад уласны табе пакідае,

Гэтым табе незнарок памагае,

Бліжніх любіць ён цябе навучае,

Зерне абкусіць, каб росту не мела,

З добрымі справамі вучыць умела

Сэрцам не ўзносіцца, ведаць змірэнне,

Мець сваю добрасць нібы паніжэнне

Вузкая вучыць сцяжына, што трэба

Вузкі шлях выбраць да светлага неба,

Вось ён зямлю выкідае з гняздзечка,

Каб вымеў справы зямныя з сардэчка.

Прыклад жа ёсць, на яго і раўняйся,

У працы штодня мурашом заставайся,

Як хочаш жыць не ва ўбогасці заўжды,

A ў вечнай ласцы нябеснае праўды. 

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 2 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений