Скрозь стагоддзі

Пераказы

   Дзвіна. Паўночная водная артэрыя Беларусі. Магутная рака, якую не абмінула гісторыя сваёй увагай ад даўніх часоў, схаваных у глыбінях стагоддзяў.
   Глядзіш на яе серабрыста-блакітную гладзь – і міжвольна думаецца пра тое, што вось па ёй калісьці, у сівую мінуўшчыну, плылі вастраносыя ёмістыя лодкі, кіруючы да «славного града Полоцька»: купцы з далёкіх краін везлі розныя вырабы| рамеснікаў, каб абмяняць іх на торжышчы пад Сафійскай гарой у Полацку на зерне, мёд, воск, скуру, дарагія футры. А вось] гэтымі берагамі праз цёмныя лясныя нетры, як ваўчыныя зграі, прабіраліся з захаду сквапныя да чужога дабра захопнікі, перш за ўсё нямецкія псы-рыцары.
   Вось тут, – прыгадваюцца старонкі гісторыі, – ішлі жорсткія бітвы і ў далёкім мінулым, і на памяці нашых дзядоў і бацькоў, ды і на памяці нашага пакалення.
   Курганы, гарадзішчы, сляды колішніх абарончых умацаванняў, помнікі-абеліскі… Легенды і казкі ў народзе… Сведкай якіх толькі падзей не была Дзвіна – і крывавых, змрочных, і часам радасных, урачыстых! Змяняліся поры года, мінаў час, ляцелі гады за гадамі, праходзілі стагоддзі, а яна ўсё гэтак жа горда несла свае воды на захад, і працоўны люд, што жыў на яе берагах, мужна пераносіў ліхалецці, змагаўся з чужынцамі і сваімі прыгнятальнікамі, песціў мару аб лепшай долі.
   Ёсць нешта задумлівае, незабыўна чароўнае ў прыдзвінскіх краявідах.
   Шырыня, прастор – не акінеш вокам!
   Круты бераг з глініста-пясчанымі выступамі, і тут жа паблізу – пакаты, у густой шаўкавістай траве, адхон.
   Пры беразе – вялікі камень, на ім высечаны крыж і надпіс стараславянскімі літарамі: «Божа, памажы рабу свайму Барысу». На думку вучоных, надпісы на некалькіх такіх камянях на Дзвіне былі зроблены па загаду полацкага князя Барыса ў XII стагоддзі для арыенціроўкі ў суднаходстве.
   Гісторыю Полацка прынята лічыць з летапіснага запісу 862 года ў «Аповесці мінулых гадоў». Але гэта дата не заснавання горада, а першага ўпамінання пра яго ў гістарычным дакуменце. Мы не ведаем, як выглядаў, якім быў Полацк у тыя далёкія часы, але ведаем той факт, што ён называецца ў летапісах як буйнейшы горад старажытнай Русі.
   Потым – летапісная гісторыя Рагнеды, дачкі Рагвалода, аднаго з першых вядомых нам князёў полацкіх. Уладзімір, будучы «хрысціцель Русі», сватаўся да яе, але яна адмовіла па той нібыта прычыне, што ён быў сын рабыні. Тады Уладзімір напаў з Ноўгарада на Полацк, абрабаваў яго, забіў бацьку і двух братоў Рагнеды, а яе ўзяў сабе за жонку. Рагнеда спрабуе адпомсціць яму, але няўдала. Уладзімір высылае яе разам з сынам Ізяславам назад, у Полацкую зямлю. Ізяслаў праз некаторы час становіцца полацкім князем.
   Сафійскі сабор і ў сваім сённяшнім выглядзе пакідае ўнушальнае ўражанне. Сабор пабудаваны ў канцы XI стагоддзя. У XVIII стагоддзі ён, разбураны, быў перабудаваны, яму надалі выгляд каталіцкага храма.
   Аб узроўні дойлідства таго часу мы можам меркаваць па другім помніку – Спаса-Ефрасіннеўскай царкве. Невялікая ў памерах, яна здзіўляе манументальнасцю і гарманічнасцю форм. Будаваў яе ў першай палавіне XII стагоддзя полацкі дойлід Іаан для княжны Ефрасінні – манашкі і асветніцы свайго часу, перапісчыцы кніг.
   У гэтай царкве захоўваўся унікальны па свайму мастацкаму выкананню, абкладзены тонкімі лістамі золата і серабра, упрыгожаны каштоўнымі камянямі, мініяцюрнымі малюнкамі і надпісамі крыж, зроблены ў 1161 годзе мясцовым майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Дзе крыж цяпер, пакуль не выяўлена.
   Не было бадай што ў старажытнасці такой неспакойнай, такой, кажучы сучасным тэрмінам, недысцыплінаванай зямлі, як зямля Полацкая. Князі полацкія то выступалі супраць Ноўгарада, то вялі бясконцую спрэчку з Кіевам, то на іх саміх нападалі князі амаль усёй Русі.
(541 слова)

Паводле Т. Хадкевіча.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий