Слаўны мой дзядуля

Пераказы і дыктанты

  Вова падышоў да п’едэстала, на якім узвышаўся грозны танк. Дзядуля хлопчыка заўсёды хваляваўся, калі бачыў гэту стальную машыну. Старому здавалася: апыніся ён зараз у танку, усё знайшоў бы з заплюшчанымі вачыма.
 Унук спытаў:
 – Дзядуля, а праўда, што нават пасля перамогі шмат яшчэ нашых салдат загінула?
 Дзед сеў на лаўку, расшпіліў пінжак і пачаў расказваць:
 – Было гэта недалёка ад Берліна, у невялікім гарадку Батцлаў. Абвясцілі мір. Мы даведаліся аб гэтым ноччу 9 мая. Колькі радасці было! Мы спяшаліся паведаміць дамоў, што засталіся жывыя.
 Мясцовыя жыхары спачатку баяліся нас, думалі, што мы будзем помсціць. Але ішлі дні, і яны зразумелі, што наш салдат ненавідзіць вайну. I змагаўся ён не толькі за вызваленне сваёй Радзімы, але і за вызваленне немцаў ад фашызму.
 Да нас прыходзілі галодныя дзеці. Мы дзяліліся з імі ўсім, чым маглі. Салдацкія кухні варылі ежу і нам, і нямецкім жанчынам, старым і дзецям.
 Канчаўся яшчэ адзін мірны дзень, калі недзе ўдалечыні глуха грымнуў выбух. Але ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Выбухі ў той час чуліся часта: працавалі сапёры. I раптам я пачуў галасы і жаночы плач. Выбег на вуліцу і ўбачыў: людзі трымаюць пад рукі жанчыну. Высветлілася, што два яе сыны на ўскраіне гарадка падарваліся на мінным полі. Яны там ляжаць, а ўсе баяцца да іх падысці. Узяў я некалькі салдат, і мы кінуліся на дапамогу. Людзі стаялі каля пакінутай нашымі сапёрамі шыльдачкі са страшным папярэджаннем пра міны.
 У першыя дні міру, прайшоўшы жахі вайны, усе баяліся ступіць на поле смерці. Трэба было ў лічаныя хвіліны прымаць рашэнне. Салдаты чакалі загаду. Я паглядзеў ім у вочы. Паслаць салдат на поле я не мог, бо для кожнага з іх вайна ўжо скончылася, адгрымеў пераможны салют.
 Пачало цямнець. I я сам рушыў да месца выбуху. Зрабіў крок, яшчэ адзін, на імгненне спыніўся, глыбока ўздыхнуў, азірнуўся. За мной ішоў радавы Дзенчык, мой зямляк. Чамусьці адразу ўспомнілася, што нядаўна мы з ім напісалі дамоў: «Жывыя, здаровыя, чакайце!»
 Рушылі павольна, след у след. Дзесьці тут прытаілася і чакала смерць. Напружанне ўзмацняла мёртвая цішыня. Трэск кожнай галінкі пад нагамі здаваўся стрэлам.
 Старэйшаму хлопчыку было каля дванаццаці гадоў, малодшаму прыкладна столькі, колькі і табе. Старэйшы быў паранены ў абедзве нагі і жывот. У малодшага асколкамі было разбіта калена. Рашылі вынесці першым старэйшага. Дарога назад была яшчэ цяжэйшай. Глядзець пад ногі было нязручна, а ісці даводзілася ўжо прыцемкам. Нарэшце і малодшага вынеслі на дарогу. Перавязалі хлопчыкаў проста на вуліцы. Ад цяжкіх ран старэйшы памёр. Салдаты паслалі ў грузавіку пярыну і асцярожна паклалі на яе малодшага. Некалькі гадзін пятлялі па дарогах, пакуль знайшлі шпіталь, адшукалі ўрача.
 Праз некаторы час я наведаў шпіталь. Хлопчык пазнаў мяне. Нага яго была ў гіпсе. А ўрач паабяцаў, што малы будзе не толькі хадзіць, але і танцаваць.
 – Дзядуля, дык ты ж герой! Чаму ты ніколі пра гэта мне не расказваў? – усклікнуў Вова.
 – Які там герой? Гэта тады зрабіў бы кожны салдат.
 Вова ўважліва паглядзеў на дзядулю. Мноства маршчынак сабралася ля вачэй, ветрык ласкава перабіраў зусім белыя валасы.
 «Які ж у мяне слаўны дзядуля!» – падумаў хлопчык і паправіў ордэнскія планкі на дзядулевым пінжаку.
(502 словы)

Паводле Э. Луканскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий