Стракаты дзяцел

Пераказы і дыктанты

   У птушак ёсць свае аблюбаваныя мясціны. Няхай іншыя хваляць, можа, і лепшыя лясы, пералескі, але стары стракаты дзяцел з чырвоным абадком на шапцы любіць толькі свой лес.
   На невялічкай прагаліне сярод ельніку стаяла высокая, з шэра-зялёным ствалом і купчастай верхавінай асіна. Пад самай верхавінай на яе гладкім ствале дзяцел выдзеўб дупло і зрабіў сабе гняздо. Адсюль увесь лес быў відаць як на далоні. I многія птушкі зайздросцілі стракатаму дзятлу.
   Міналі дні за днямі, і ў старога стракатага дзятла вывеліся птушаняты. Дзеці ўбраліся ў пер’е і хутка пачалі вылятаць з гнязда. Наляціць, бывала, дзятлава сям’я на дрэва, учэпяцца маладыя дзятлы лапкамі за шурпаты ствол, а стары дзяцел аглядае з усіх бакоў дрэва. Дзяўбе ён кару сваім вострым, як піка, носам. Тое ж робяць і маладыя. Стары дзяцел выцягвае доўгім вузкім языком з маленькіх дзірачак-хадоў караедаў – тое ж робяць і маладыя. Вось толькі адзін малады дзяцел кару не дзёўб, а прыладжваўся побач з бацькам і настойліва крычаў, патрабаваў ежы.
   Малады і кроку не мог ступіць без бацькоў. Стары дзяцел сам галадае, а ўвесь час кідае караедаў, зярняткі яловых шышак у пражэрлівае горла гультая.
   Непрыкметна падкралася восень. Халодныя вятры пачалі гуляць па лесе. Чародамі праносіліся над лесам пералётныя птушкі. А хто не пакідаў лес, той рыхтаваўся да зімы. У каго запас ежы ў кладоўцы, таму і мароз не страшны. Стары дзяцел таксама зрабіў кладоўку для яловых шышак. Малады дзяцел запасаў на зіму не рабіў, спадзяваўся на запасы бацькі.
   Па суседстве ў гушчары стаяла тоўстая прысадзістая бяроза, у развілцы якой было глыбокае дупло – кладоўка вавёркі. Спраўная гаспадыня нанасіла туды многа сушаных грыбоў, арэхаў, ягад, яловых шышак.
   А аднойчы вечарам пайшоў густы снег. Малады ельнік засыпала так, што месцамі ён нагадваў вялікія гарбы, з якіх тарчалі вострыя верхавінкі.
   У птушак такія звычкі: зімой ратуйся ад холаду і голаду як умееш, маладых глядзі, толькі пакуль у сілу ўбяруцца. Забраўся малады дзяцел у пакінутае шпакам дупло, сядзіць там, нічога не еўшы. Холад яго прабірае, студзіць кроў. Сядзіць ды думае, каб бацькі прынеслі яму якога-небудзь жучка.
   Вылецеў нарэшце малады дзяцел з дупла і пачаў прыглядацца, ці не ўбачыць дзе-небудзь сваіх бацькоў. Не могуць жа яны пакінуць яго ў бядзе.
   I тут заўважыў ён, што з дупла выскачыла шустрая вавёрка, а ў зубах у яе – яловая шышка. Скок з бярозы на елку і села на сук, заднімі лапамі трымаецца, а ў пярэдніх – шышка.
   Неўзабаве вавёрка пачала прыкмячаць, што ў яе кладоўцы ўсё менш і менш становіцца запасаў. Гаспадыня лічыць не ўмела, але на вока прыкінула, што столькі з’есці яна адна не магла. I вось аднойчы вавёрка толькі хацела залезці ў сваё дупло, як раптам заўважыла, што нехта ў кладоўцы варушыцца. Гаспадыня падрыхтавалася да скачка, хацела з усяе сілы ўпіцца зубамі ў горла злодзею. Але нечакана з дупла выскачыў малады дзяцел ды як дзеўбане яе ў галаву! Вавёрка ад болю ажно зацокала ды з усіх ног скочыла на самую верхавіну бярозы.
   Малады дзяцел тым часам вылецеў з дупла вавёркі і сеў на сухі сук, быццам нічога і не здарылася, хоць і няёмка яму было. У той жа момант да маладога падляцеў стары стракаты дзяцел. Ён наставіў тырчма пер’е, прыўзняўся на лапках і злосна закрычаў на ўвесь лес, бо быў глыбока абураны паводзінамі маладога дзятла, які залез у вавёрчыну кладоўку ды яшчэ моцна пакрыўдзіў гаспадыню.
   Малады дзяцел маўчаў, толькі крылы яго раз-пораз уздрыгвалі.
   Нарэшце дзятлы паляцелі ў ельнік. Стары сарваў доўгім носам шышку. Затым яны пераляцелі на асіну, дзе была кузня старога дзятла. Зашчаміў стары дзяцел шышку ў шчыліну, дзеўбануў яе раз-другі, а потым па-бацькоўску пачаў гультая вучыць, што трэба самому здабываць сабе ежу.
(585 слоў)

Паводле Я. Зазекі.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий