Сцяжынкі

Пераказы

   За сотню крокаў ад чыгуначнага палатна, уклініўшыся ў жытнюю паласу, стаяла пад новенькім дахам хаціна. Будыніна ўзвышалася на пакатым зялёным пагорку, ад парога яе бегла паўз самае жыта сцяжынка, і па ёй, яшчэ ледзь трымаючыся на ножках-таўкачыках, ішло малое дзіця – віхрасты белагаловы хлопчык. Садзілася сонца, і ад яго промняў усё было ружова-чырвоным: і гонтавы дах хаціны, і спелае жыта, і сцяжынка, і на ёй гэты адважны маленькі чалавек, які, напэўна, першы раз у жыцці пусціўся ў такое падарожжа. Ён тупаў басанож і то страшыўся, то заліваўся радасным смехам, гледзячы, нібы на дзіва, на калоссе, якое, як лес, высока вісла над яго галавой.
   А сцяжынка роўнай стужкай прабегла каля жыта, адарвалася ад яго і вільнула ў нізінку.
   За акном цягніка ўжо цесна тоўпіліся і адыходзілі назад шурпатыя камлістыя сосны. Паказаліся сярод іх першыя станцыйныя домікі, дашчаныя буданы, затым штабелі бярвення, скрынак, горы бязладна насыпаных дроў, а перад вачыма ўсё выразна стаяла паляна – гэты ўтульны палескі куточак у ружовай аздобе вячэрняга сонца. I тая сцяжынка ля жыта, па якой патупала да сваёй маці малое.
   Цяпер яно сядзела, напэўна, на дужых і ласкавых руках. Са шчырым цяплом, з нейкім прыемным хваляваннем думалася не пра адну гэтую сцяжынку, а пра ўсе сцяжынкі на зямлі, па якіх ходзяць людзі. I асабліва пра вясковыя. Бягуць яны за сяло, за ваколіцы, прамыя, як шнуры, і крывыя, вытаптаныя абутымі і босымі нагамі, бягуць па скібістай і пульхнай раллі, па аксамітнай руні, сярод шэпту спелага калосся, па белых разлівах грэчкі і блакітных азёрах ільноў. У зімовую замець іх тоўста пакрываюць сумёты, але сцяжынкі не губляюць свайго кірунку: чалавечая нага намацвае, вытоптвае ў кожнай з іх любы паварот, любы выгіб, і сцяжынка адноўлена, яна меціць свой след у белым прасторы палёў да вяртання сонца, да прыходу вясны. I колькі на іх галасоў, колькі яны ўсяго перачуюць! Гучнага і ціхага, шумнага і спакойна-разважлівага, бесклапотна-вясёлага і задуменна-журботнага. Яны рэдка бываюць пустымі. Па іх бягуць людзі па справах, паважна ідуць да суседзяў у госці. На іх знаёмяцца, праводзяць спатканні, на іх нараджаюцца песні дзяўчат. I тады, калі яны ідуць у вянках з першых, яшчэ кволых кветак вясны, і сярод лета, у жніво, калі ў гэтых вянках буйная раскоша ўсяго рознакаляровага. Звіняць на іх, на сцяжынках, галасы дзяцей: яшчэ цёмнымі зімовымі ранкамі купкамі і ланцужкамі бягуць яны ў школу, а ў абед, пасля ўрокаў, ужо ў звычайнай гамане і ў розных забавах вяртаюцца са школы дамоў.
   I доўга, не дзень і не два, будзе глядзець на поле праз акно яшчэ зусім малое дзіця. Будзе глядзець і напружваць свой розум: куды бяжыць гэтая сцяжынка, куды ідуць па ёй людзі? I прыйдзе такая хвіліна, што яно не вытрымае, не саўладае са сваёй дапытлівасцю, перабярэцца праз парог і пусціцца, патупае па сцяжынцы да гары ці пагорка, каб пабачыць, ці ёсць там далей зямля.
   Разбягаюцца, уюцца сцяжынкі вакол вёсак і сёл.
(464 словы)

Паводле М. Ракітнага.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий