Сваё

Пераказы і дыктанты

  Нам шанцавала неверагодна: пагода ўвесь час стаяла як на заказ. I хоць кастрычнік пераваліў за сярэдзіну – ніводнага слотнага дня. Наадварот, кожны дзень – музыка фарбаў і колераў, ды такіх, што як раніцой прачнешся – жыць хочацца! Уявіце толькі: вакол сасновы лес, шчыльны, як сцяна, з-за якога ніяк не праб’ецца сонца, але вось-вось паднімецца над ім. З таго боку, дзе гэта павінна адбыцца, неба налілося такой густой жаўцізной, быццам пераспелы гарбуз. I сапраўды, яшчэ колькі часу, і з-за гэтай сцяны пырскаюць першыя мяккія промні, слізгаюць па вершалінах сосен і да нас у пакой…
 Ужо некалькі дзён я назіраю за гэтым цудам, хаця, шчыра кажучы, прачынацца рана невялікі аматар. А тут – як патрэба нейкая. Мае суседзі расплюшчылі вочы, таксама чакаюць. I да таго моманту, пакуль сонца не зірне з-за сосен і не ўвальецца ў наш пакой, ніхто слова не вымавіць: як штось парушыць баяцца… А паветра якое!
 Вось тут і зразумей чалавека! Як той камень, гадамі сядзім у горадзе, не выцягнуць адтуль, пакуль якая патрэба не прымусіць выехаць на прыроду, як нас, напрыклад. I ўжо тады, як дзеці, глядзім на траву, на лес, на сонца… Дыхаем… Дзіву даёмся: няўжо ёсць такое, няўжо сапраўднае?! I, бадай, толькі ў той момант пачынаем разумець, што ў сваім жыцці страцілі нешта такое, чаго ніколі не вернеш…
 Край мой! Радзіма мая! Зямля маіх бацькоў і навек мая зямля, з якой я выйшаў і куды сыду. Колькі сонца і святла ў табе! Колькі блакітнай чысціні на зямлі і ў небе! I ўсё тое для мяне і ўсіх астатніх людзей: знаёмых і незнаёмых, блізкіх і далёкіх. Усё гэта для нас. I мы – усё гэта.
 Ды толькі чамусьці сляпое непаразуменне баламуціць нашы душы, глушыць іх, зводзіць у зман. I так проста і лёгка мы таму паддаёмся, коцімся ўсё ніжэй і ніжэй…
 I вось палова зямлі нашай – пад крыжам Чорнага Болю.
 Мы быццам і не чулі ніколі дзесяці святых запаветаў.
 …Чаго прыходзіць чалавек на зямлю? Навошта і каму гэта трэба? У чым сутнасць яго з’яўлення? Што ён такое ў вечна тайным і вечна адкрытым ланцугу прыроды?
 Якія складаныя, якія банальныя пытанні! I, вядома, адказ атрымаецца такі ж – складаны і просты, звычайны. I будзе ў ім і пра Хрыста, і пра Карфаген, і пра Бетховена, і пра Пушкіна, і, можа, пра Купалу слова знойдзецца. Але, мусіць, амаль ніхто і ніколі не ўспомніць пра ячны колас.
 Гэтая кветка прыроды і ёсць нешта такое, для чаго прыходзіць чалавек на зямлю…
 Што наканавана Богам – рабі! А каб тое ўсвядоміць – паслухай сябе. I тады амаль абавязкова пачуеш сваё… I ўжо не пярэч лёсу. Пачынай свой шлях з таго, што пачуў, што ахіліла і залюляла твая душа, васільковым колерам зацвітаючы ў сэрцы.
(445 слоў)

Паводле А. Жука.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий