Світанак над Нёманам

Пераказы і дыктанты

  Было яшчэ цемнавата, калі я ўладкаваўся на стромкім беразе Нёмана, каб сустрэць світанак, паглядзець, як нараджаецца новы дзень. Над галавой драмалі старыя разложыстыя вербы і векавыя явары. Навокал панавалі перадсвітальная шэрань і празрыстая цішыня, ад якой звініць у вушах, знікаюць думкі.
 Непрыкметна на ўсходзе неба ледзь-ледзь пасвятлела. За Нёманам, у лозах, парушыў цішыню першы пошчак салаўя. Яму адказалі ў вербах і на ліпах. Раз-пораз салаўіны перасвіст гусцеў і затым зліўся ў неразрыўную мелодыю.
 А ўсход усё ружавеў. На старой ліпе загаманілі буслы, і іх клёкат рэхам адазваўся ў бары. Выгнуўшы шыю, павольна праляцела чапля і, ужо мінуўшы мяне, прагаварыла нешта скрыпучым голасам.
 Я зірнуў на ўсход: з-за гарызонта выплываў вялізны край чырвонага дыска. Усё ў прыродзе гучала, цешыла слых непаўторнай мелодыяй: Нёман спяваў старадаўнюю калыханку роднага краю; у звонкім шамаценні лісця чулася ўсхваленне сонцу і вадзе; птушкі пераклікаліся на розныя галасы, услаўляючы лета і цяпло; ад мух звінела ў паветры; мурашкі, спяшаючыся, шасталі па шурпатым ствале вярбы.
 Шчасце было слухаць гэты шматгалосы гімн жыццю.
(167 слоў)

Паводле Я. Крамко.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий