Сяргей Грахоўскі — Мая радаслоўная

Сяргей Грахоўскі

Сваіх не ведаю вытокаў
І радаслоўную забыў:
Назад зірну на пару крокаў –
I не скажу, кім прадзед быў.
 
Забыты прашчураў магілы,
Палеглі продкі ў курганы,
А лішку неадольнай сілы
Нашчадкам аддалі яны.
 
Іх сіла нашы крышыць горы,
Іх кроў спрадвеку ў пас цячэ,
І прашчуры глядзяць на зоры
Праз шчыліны маіх вачэй.
 
Маё здзіўленне – іх здзіўленне,
Іх неспакой – мой неспакой,
І ловяць прашчуры праменні
Маім паглядам і рукой.
 
А кім яны былі калісьці,
У той, непрыгаданы век?
І як яны шукалі выйсця
З лясоў, з дрыгвы, з таежных рэк
 
І з тупікоў чужой улады?
Як іх лавілі цівуны
І білі па законах здрады,
Але ўскрасалі зноў яны?
 
Не знаю, хто ў маёй аснове –
Вандроўнікі ці ўцекачы,
І хто ў маім азваўся слове –
Радзімічы ці крывічы.
 
А можа, ў грэнадзёрскай шапцы,
Ў мундзіры на заморскі лад,
Прыйшоўся да душы прабабцы
Напалеонаўскі салдат?
 
Магчыма, ёсць пачатак польскі?..
Аднойчы, мне зірнуўшы ў твар,
Віталі Фрыдрыхавіч Вольскі
Сцвярджаў, што быццам я з татар.
 
Усё магчыма, усё магчыма,
Калі згубіўся продкаў след,
Калі наіўнымі вачыма
Гляджу, як і яны, на свет
 
І тым заўсёды ганаруся,
Што ў шчаслівейшую пару
Я нарадзіўся ў Беларусі
І так, як маці, гавару.

Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий