Сяргей Грахоўскі — Пачатак

Сяргей Грахоўскі

За Глускам, у глухіх барах,
Яшчэ маё блукае рэха,
І дзень суніцамі працах,
Даспелі першыя арэхі,
 
І золкі золак на Пцічы
Мяне штодня дадому кліча,
Дзе расцвітаюць касачы
І дзе гады зязюля лічыць,
 
Дзе каля цёмнае вады,
На вузенькім пясчаным мысе,
Мае дзіцячыя сляды
Дасюль, магчыма, засталіся.
 
Я іх ніколі не знайду,
Не адшукаю хісткай кладкі,
А ўсё ж лячу к свайму гнязду,
К свайму адзінаму пачатку.

1964
 

Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий