Сяргей Грахоўскі — Песня будзе жыць

Сяргей Грахоўскі

Памяці Якуба Коласа

Сягоння журацца бары на Беларусі,
Прыбіты сцежкі кроплямі расы,
Замоўкла песня на асеннім лузе,
І падаюць на пожню каласы.
Над Нёманам схіліліся рабіны,
Маўчаць над Сожам пушчы і сады.
Мой родны кут, якога сына,
Якую песню страціў ты!
Маўчаць палі у кроплях буйных рос,
Бары маўчаць, а сэрца плача ўголас.
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на тваёй зямлі узрос.
Ён не паспеў аб нашым слаўным часе
Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць.
Пайшоў пясняр, а песня засталася,
Памёр паэт, а песня будзе жыць.

1956

Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий