Сяргей Грахоўскі — Размова з маці

Сяргей Грахоўскі

Я ўсё шукаю матчыну магілу
I не магу знайсці пасля вайны.
Дзе бэз буяў і крыж стаяў пахілы,
Сівыя адцвітаюць палыны.
 
На могільніку – бомбавыя ямы,
На соснах – абламаныя сукі,
Крышылі іх і «юнкерсы», і «рамы»
I ў чорных павуках штурмавікі.
 
Цяпер спакой і ціша на пагосце.
У добрую асеннюю пару
Прыходжу я сюды, нібыта ў госці,
I да змяркання з маці гавару.
 
Яна у памяці маёй жыве заўсёды,
Яна – ў крыві, у сэрцы і ў душы;
Здаецца, проса поле ў непагоду,
То месіць хлеб на досвітку ў дзяжы
 
То абувае лапці на узмежку,
То ціхенька ўздыхае па начах,
I радасці, і гора, і усмешку
Я пазнаю ў зажураных вачах.
 
Яна мяне люляла і лячыла,
Збірала зёлкі, травы і кару,
Яна мяне з маленства навучыла
Так гаварыць, як сёння гавару.
 
Такою ў памяці і асталася маці,
Калі ішла сцяжынкай за сяло,
Калі збірала збожжа да зярняці,
Каб кожнае сцяблінкай узышло.
 
Напэўна, ў жыце, што шуміць сягоння
I зіхаціць іскрынкамі расы,
Згінаюцца, калышуцца, гамоняць
З яе зярнят жывыя каласы.
 
Ты чуеш, маці, вось твае унукі;
З маленства ім цябе недастае;
Здаецца мне, што ў іх такія рукі
I валасы, і вочы, як твае.
 
Тваім унукам свет увесь адкрыты,
I сняцца ім сягоння нездарма
Далёкія блакітныя арбіты.
Жыццё ідзе.
Жыццю канца няма.
 
1964 г.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий