Талент Леаніда Шчамялёва

Пераказы і дыктанты

  Якім шчаслівым дарам павінен валодаць мастак, каб захапленне светам, сваёй зямлёй і сваёй каханай, настаўнікамі і сябрамі перадаць іншым!
 У Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва шчаслівы лёс: усё, перажытае народам, перажыта і ім. Станаўленне новага ладу, змаганне супраць фашысцкай навалы, аднаўленне спаленай, пакалечанай зямлі, мірныя, поўныя клопатаў і радасных памкненняў будні… Ніводзін з гэтых гадоў і часоў не абмінуў яго, у працы гартуючы мару мастака расказаць людзям пра іх саміх і пра сябе. Ніводзін з гадоў не стаў цяжкім каменем на душы, нават калі прыносіў адны няўдачы і горкія расчараванні. Справа была не ў гадах – у супрацьстаянні ім, з юнацтва, з першых крокаў у сталасць, з першых крокаў у мастацтве. Гэта супрацьстаянне ішло ад характару: мастак рана ўведаў, што залячыць, адагрэць, абнадзеіць чалавечую душу можа толькі радасць.
 А радасць – ва ўсім навокал, яе трэба толькі ўбачыць, толькі занатаваць на палатне, ці на паперы, ці на кардонным аркушы. Занатаваць і паказаць людзям, паказаць усім, што шэрым здаецца свет толькі тады, калі ў душы згасае святло, калі чалавек перастае змагацца за гэта святло.
 Шукаючы вызначэнні таленту Леаніда Шчамялёва, не перастаеш здзіўляцца яго проста-такі жыццядзейнай сіле: кожнае імгненне, кожнага чалавека, на якім спыняецца яго позірк, кожны парастак і воблака мастак імкнецца адарыць самымі светлымі і яркімі фарбамі.
 Леанід Шчамялёў не пісаў вялікіх эпічных палотнаў, свет яго вобразаў, роздуму і захапленняў рос, убіраючы ўсё новыя і новыя далягляды. I якія б мастацкія задачы ён ні ставіў, у кожным палатне вынікала адно: праца была для яго служэннем прыгажосці зямлі і чалавека.
 «Пачакайце, спыніцеся на момант, – нібыта звяртаецца ён да нас штораз. – Угледзьцеся ў звонкія струмені паветра, паглядзіце, як пераліваецца лістота таполяў, якім цяплом дыхаюць снягі, не здолеўшы скаваць зямлю, як светла ўладарыць роздум над чырвоным зарывам надвячорка і над жанчынай з яе вечным чаканнем цуду!»
 Творы Шчамялёва не зблытаеш ні з якімі іншымі: занадта ўжо адметная, яркая, жывапісная мова ў мастака! Кожнай сваёй работай, да якога б жанру яна ні належала, ён нібыта сцвярджае: свет такі, якім мы хочам яго бачыць, такі, за які мы хочам змагацца і змагаемся.
 Ёсць словы, што, відаць, найлепшым чынам вызначаюць кірунак пошуку Шчамялёва-мастака: трэба жыць з шырока адкрытымі вачамі, каб бачыць свет такім, які ён ёсць, і адкрываць іх яшчэ шырэй, каб убачыць свет іншым, чым ён ёсць, і яшчэ шырэй, каб убачыць свет лепшым, чым ён ёсць.
 Цяжка сказаць, чым вылучаецца талент Леаніда Шчамялёва. Ён шчодра дзеліцца з людзьмі радасцю жыць. Радасцю, ім выпакутаванай, адстаянай у барацьбе з варожай навалай, выпеставанай доўгімі гадамі пошуку і працы. I пакуль б’ецца сэрца, пакуль сонца штораніцы запальвае фарбы на падрыхтаванай да працы палітры, ён будзе імкнуцца бачыць свет лепшым, чым ён ёсць, і расказваць пра гэты свет сучаснікам і сваім нашчадкам. Каб людзі збудавалі свет такім сонечным і дасканалым, якім напісаў яго ён, мастак.
(455 слоў)

Паводле Т. Бондар.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий