Звярніце ўвагу! Поўны змест.
(Апавяданне з жыцця леснікоў)
I
Лес шумеў неяк вельмі нудна.
Лес рэдка калі маўчыць. Прывычнае вуха лавіла ў ім галасы, але ніхто яшчэ не ўнікнуў у тайну яго мовы; толькі сэрца смутна адгадывае у ім нуду і трывогу. Касматыя яловыя вяршыны трасліся, як у шалёным танцы. Лапы то падымаліся, то апускаліся, як бы лавілі нявідзімага ворага, каторы не даваў спакою і запраўляў трасціся лес…
Лес шумеў. Нудна шумеў стары лес.
С краю лесу стаяла хатка лесніка, Васіля Чурылы Маленькае ваконца хаткі смутным значком пазірала ў поле. Здалёк яно здавалася воўчым вокам. Над самым ваконцам звісла голая вярбіна і глуха шумела, усё роўна, як стагнала.
Маленькая лянпачка смутна свяціла ў хатцы. Агонь баязліва дрыжэў, і чуць заметна скакаў і пераліваўся змрок па сцяне. Каля стала сядзела жонка Васіля, Алеся. Ёй нічога не хацелася рабіць, дый і работа падала з яе рук.
Дзеці даўно ўжо спалі.
– Божа ж мой! Гдзе ж гэта Васіль? – з уздохам пытала Алеся.
Васіль не першы раз прыходзіў дадому ў такі позні час. Знала Алеся сабачу леснікову службу, знала пана ляснічага, што то быў за чалавек. Але, чаму ж так нудна і страшна за Васіля сягоння? Алеся і сама гэтага не знала, толькі некая глухая трывога залезла ў душу і, як чарвяк, грызла сэрца.
Доўга чакала Алеся Васіля.
Перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём у гэту неспакойную ноч.
А лес усё шумеў. Нудна шумеў стары лес…
ІІ
Гдзе ж дзеўся Васіль?
Ужо пачынала змяркацца, як паслаў яго ляснічы з пісьмом да суседняга двара.
Была ўжо глыбокая ноч, покі зайшоў Васіль у двор да пана. Пан затрымаў Васіля на некалькі часу, покі пісаў адказ ляснічаму. Ніхто не спытаў Васіля, ці ён еў; ніхто не накарміў галоднага. I выйшаў Васіль ад пана з горкай крыўдай у сэрцы…
Беднасць заправіла Васіля кінуць бацькаву хату і ісці ў леснікі. Нямала прыйшлося яму паабвіваць панскія парогі, не раз мусіў ён стаяць без шапкі прад панам ляснічым, цалаваць яму рукі, гнуцца. А ўсё гэта любіць пан. Тое лясніцтва – глухі вугалок Беларусі, – у каторым служыў Васіль, захавала ў сабе яшчэ старыя парадкі таго цёмнага часу, калі-то было права памяняць чалавека на сабаку, таго часу, каторы зваўся «паншчызнай». Жыццё йшло далей сваёю дарогаю, йшло, шырылася, а гэты кут аставаўся глухім, акамянелым, і свет жыцця новага адскаківаў ад яго, як адскаківае луч сонца ад ледзяной гладзі.
Йшоў Васіль адзінокі нудны.
Снег хутка замятаў дарогу, вецер збіваў Васіля з ног, а горкія думкі, як пчолы кружыліся над яго галавою. Усё яго жыццё, усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Дастаць бы кусок зямлі, пабудаваць сваю хату і жыць, як Бог паложыць на душу, нікога не баяцца, нікому не гнуцца.
А тут што?
I ўсё лесніковае жыццё яго ўстала прад ім, як жывое, усё роўна, як пазіраў ён на яго, як на адзін цэлы закончаны абраз уніжэння і крыўды.
IIІ
А вецер усё крапчэў. Васіль адвярнуў каўнер кажушка, глыбей насунуў на вушы круглую шапку, апусціў стрэльбу руляй уніз, каб не надзьмула снегу. Лес скончыўся. Васіль выйшаў на адкрытае мейсца. І ён усё думаў аб сваім жыцці, аб лесніковай службе.
Яшчэ б, сказаць, можна было б служыць, каб трымаўся толькі службы. Але ўся бяда ў тым, што ляснічы папіхаў лесніка да ўсяго, як дарэмнага каня. Пры адной толькі думцы бачыцца з ляснічым мароз прабегаў па скуры Васіля. Васіль не раз гаварыў, што лепей хацеў бы ён сустрэцца з гадам, або воўкам, як папасці на вочы ляснічаму. Не раз стаяў Васіль, як палатно белы ад крыўды і несправядлівасці, выслухваючы спаведання пана ляснічага. Рукі самы згортваліся ў кулакі, і не раз нейкая сіла падбівала Васіля кінуцца на ляснічага, разбіць твар, кінуць аб землю, таптаць нагамі, біць, біць, без жалю, без міласэрдзя. Тады б, здаецца, спагнаў сваю злосць, адамсціў бы за ўсе здзекі і ўніжэння. Але ўспамінаў Васіль, што у яго ёсць жонка, ёсць маленькія дзеткі, і рукі самі апускаліся, і стаяў ён як акамянелы, маўчаў – ні слова. Што ж, кінуцца на пана? а што далей? Далей турма, жабрацкая торба. Далей гэтых граніц не ходзіць забітая, прыніжаная душа простага чалавека.
Лаяўся пан ляснічы, як праўдзівы майстар свайго дзела. Лаянка яго лілася доўга, плаўна, без запінкі. Кожнае слова было ўзважана і біла па сэрцы цяжкім абухом. Адным словам, думаў Васіль, абмылкаю нейкаю прыйшоў на свет гэты чалавек і замест астрога або вар’яцкага дома папаў ў ляснічыя. А ў рэшце, чорт яго разбярэ, хто жыве тут не па абмылцы! На гэтым пункце патыкаліся мыслі Васіля і не маглі здалець яго, бо далей прад вачыма яго адкрывалася многа непанятных парадкаў, за каторыя можна папасці ў турму або чорту на скавараду.
IV
У тахт думкам Васіля спяваў вецер ў полі нiкому непатрэбныя песні. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, гдзе ён, куды ідзе.
Васіль стаў, каб разгледзець, гдзе ён. Ногі яго па калені ўлазілі у снег. Але што разгледзіш у такую ноч? Неба змяшалася з зямлёю… Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разгледзець вока адзінокага Васіля. Усё роўна, як нехта выкінуў яго, непатрэбнага, беднага ў гэтую зяўру страшнай ночы, прынёсшы ў ахвяру сярдзітай буры, каб яго жыццём купіць сабе спакой.
– Гдзе ж я? – трывожна спытаў сябе Васіль.
I адразу ахваціў яго страх, самы большы страх чалавечы – страх за сваё жыццё. Рукі яго апусціліся, яму захацелася прысесці. Але не сеў Васіль і стаў перабіраць нагамі ў глыбокім снягу, як спутаны.
А думкі, бесталковыя, дзікія думкі заварушыліся ў ім скора-скора, як той снег, каторы з усіх старон так безжаласна сыпаўся на Васіля. То думалася Васілю, што ён сам шукае сваёй магілы, то здаваліся прад ім сцены, камення, гатовыя кожны момант наваліцца на яго усім цяжарам. Яму, здалося, што ён адышоўся далёка-далёка… Ужо раз спатыкнуўся Васіль, вецер збіў яго з ног. Ён выбіўся на луг, як яму паказалася. У яго думках пранесліся азярыны ў высокіх берагоx, замеценыя снегам, але ніколі незамярзаючыя. Снег усё глыбейшы і глыбейшы, а сілы ўсё таюць і таюць. От ён зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго адзервянелымі нагамі.
V
– А-а-а – у!
Васіль і не думаў крычаць, як не думаў ён і плакаць. Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля, і самі пацяклі слёзы.
Вецер падхапіў яго нямы крык, рвануўся з ім і тут жа загубіў яго, разцёр, як мыльную бурбаўку.
– Хто я? Васіль?
– Васіль, хто ж я?
– Што ж ты тут робіш?
– Сяджу ў снягу.
– Ну, Васіль, гайда дадому!
Усё у ім мяшалася, і сама сабою навязалася яму гэтая безталковая гутарка…
Во ў вачах яго як бы прасвятлела. Усюды, куды ён ні гляне, віднеліся морды ляснічага, яго вышчараныя зубы. Гэтых мордаў набралася многа-многа; яны абнімаліся, скакалі варушыліся, як па камандзе, дрыжалі, як лісце асіны перад навальніцаю.
А вун, там, відаць худы, змучаны, заплаканы твар Алесі… Вунь яго дзеці…
А ляснічыя скачуць, насміхаюцца з Васіля, падаюць яму рукі і борздзенька прымаюць, як толькі Васіль памыкаўся ўзяцца за іх.
Рвануўся Васіль са злосці на ляснічых!
I пачуў Васіль лёгкасць, як бы ён павіс над зямлёю. Ён ціха апусціўся, стаў лёгка, свабодна ўлазіць ў нешта мяккае і халоднае. От як бы затрымаўся.. Чуў ён яшчэ, я к лопнуў рэмень на яго стрэльбе, як улазіў уніз і… болей нічога не чуў Васіль.
Вецер спяваў цяпер «вечны пакой» слузе Божаму і чалавечаму…
Крыніца: Тарас Гушча (Якуб Колас). Апаведаньня. – Вільня. Друкарня «Прамень», 1912.