Таямнічы бугай

Пераказы і дыктанты

  Бусла ведае кожны. Вось ён, паважна пераступаючы цыбатымі чырвонымі нагамі, паволі крочыць па сенажаці, вось кружыць па-над вёскай, зрэдку ўзмахваючы шырокімі крыламі, а вось нерухома застыў на засохлай верхавіне старога дуба, чорнай постаццю выдзяляючыся на пунсовым фоне заходняга неба, – такія мілыя і па-сапраўднаму беларускія малюнкі вядомы нам з маленства. Пэўна, таксама не сустрэнеш чалавека, які хоць бы раз не бачыў і буславу сваячку – шэрую рыбалоўку-чаплю. Але бадай што на гэтым наша знаёмства з буславым родам і заканчваецца. Значна менш вядома такая буслава радня, як лясны жыхар – бусел чорны, экзатычныя рудая і белая чаплі, што зрэдку гняздуюцца на Палессі па суседстве са сваімі шэрымі сястрыцамі. I, відаць, ужо толькі сапраўдным аматарам прыроды даводзілася сустракаць малых чапляў-бугаёў. Не тое каб яны і вельмі рэдкія былі, і жывуць часам амаль што пад бокам у нас, але ж такія хітруны і асцярожнікі, што можна ўсё лета побач пражыць і не пабачыцца.
 А жывуць бугаі абавязкова каля вады: вялікі – у густых трысняговых зарасніках па берагах азёраў ды вадасховішчаў, малому ж дастаткова вузкай палоскі трыснягу з раскіданымі там-сям купінамі вербаў ды чароту па берагах невялікіх затокаў і рэчак.
 Не вельмі добры лятун гэты таямнічы бугай, лётае цяжка, нязграбна, але ж дабіраецца к канцу красавіка да роднага возера з далёкай зімоўкі, што аж у Паўночнай Афрыцы знаходзіцца. Прыляціць ды і зашыецца ў любыя трыснягі-чароты, каб аж да восені дзюбы адтуль не высоўваць. Там і працякае ўсё летняе жыццё-быццё бугая, там і сустрэць яго можна. Але сустрэць – гэта яшчэ паўсправы, сустрэць – не пабачыць. Такая ўжо птушка бугай – можна глядзець яму ў вочы і не заўважаць яго, а ўсё таму, што афарбоўка ў бугая асаблівая: на агульным рудавата-карычневым фоне размешчаны вертыкальныя чорныя рысачкі. З такой афарбоўкай быццам раствараецца птушка сярод трыснягу, ды яшчэ і паводзіны адпаведныя: застыне наш хітрун нерухома, доўгую шыю з дзюбай угору выцягне – ні даць ні ўзяць – сухі корчык з вады вытыркаецца. А што яшчэ рабіць застаецца? На крылы, як мы даведаліся, спадзявацца бугаю асабліва не выпадае, на кароткіх нагах па густых трыснягах не вельмі пабегаеш, вось і вырашае бугай такім чынам праблему ўласнай бяспекі. Эх, жыццё, і не пабегаць і не палятаць, затое акрабат бугай адмысловы. I гэта адзіная ўцеха. Абхоплівае доўгімі пальцамі трысцінкі і вандруе ў густых зарасніках, нібы той цыркач-хадулечнік. Зробіць пару нетаропкіх крокаў, пастаіць крыху, па баках агледзіцца, а потым далей шыбуе.
 Ва ўсіх птушак спевы як спевы, а вось уся буслава радня нешта незразумелае спявае: хто клёкае, хто крумкае, а бугаю бухаць ды раўці падабаецца. Так, так, менавіта бухаць – таму і мянушка такая прычапілася – бугай.
(414 слоў)

Паводле С. Зуёнка.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий