Таямніцы ляснога свету

Пераказы

   На палянцы, акружанай з усіх бакоў баравымі соснамі, стаяла леснічоўка. Гэта была хата-пяцісценка, пры хаце клуня, пасека, воддаль груша-дзічка, студня з цыбатым жураўлём. У студні вада, халодная нават у летнюю спёку.
   Калі ляснік стаў дзедам, то меў звычку пасядзець пад той грушай, забаўляючы ўнукаў леснікоўскімі прыгодамі. З асалодаю стары слухаў шум лесу.
   – I я буду, як вырасту, лесніком, – лашчыўся да дзеда меншы, Міколка.
   – Во малайчына! – хваліў дзед унучка.
   Міколка рос на ўлонні прыроды, у суседстве з вячыстым борам, любіў сваю леснічоўку. Каб не вайна, то, можа, і цяпер стаяла б тая іх пяцісценка. Сёння не журылася б адна ў асенняй смузе любімая груша-дзічка, што засталася ўдавець на палянцы…
   Пасля выгнання з роднай зямлі акупантаў бацька Міколкі Станіслаў Сцяпанавіч вярнуўся на ранейшую пасаду. Вайна многіх пакінула без даху над галавой: хто жыў у суседзяў, хто ў халодных зямлянках, а хто і проста ў добрых людзей. Усім патрэбна было жыллё, і кожны стараўся як мага хутчэй адбудавацца. Усе, здалёк і зблізку, рынуліся ў лес. З пілою і сякерай чалавек пагражаў лясным дзялянкам, і лесніку нялёгка было справіцца з парубшчыкамі. Станіслаў Сцяпанавіч цвёрда стаяў на варце народнага багацця, не даючы бяздумна пілаваць дрэвы.
   Ішлі ў клопатах дні. Канчалася лета, надыходзіла дажджлівая восень, і непрыкметна гаспадыняй на баравых абшарах станавілася зіма. А тады на крылах цёплых вятроў прылятала з-за мора зялёная вясна-чараўніца, і лясы першыя дружна адгукаліся на яе малады покліч. На вачах прачынаўся, маладзеў стары бор.
   Звычайна на досвітку, калі яшчэ няма сонца, у гушчары гарэзнічае рознае птаства. Яшчэ хвіліна – і наваколле поўніцца рознагалосым птушыным спевам. А як праз верхавіны соснаў працэдзяцца промні-ніткі і на ігліцы заварушацца рыжыя сонечныя плямы, на прыгрэве між старога, пажоўклага лісця можна ўбачыць, як выскоквае з зямлі сон-трава.
   Станіслаў Сцяпанавіч мог гадзінамі стаяць і, нібы зачараваны, слухаць шолахі лесу, бо чуў у іх лясныя радасці і трывогі. I сына свайго Міколу часта браў з сабою і спыняў яго ў самых нечаканых месцах, раскрываючы перад ім таямніцы ляснога свету.
   – Глядзі, вунь тая небарака, пэўна, хворая, – бацька паказваў на высокую сасну. – Бачыш, у яе рэдкаватая ігліца на вяршыні. А ўсё ад таго, што побач вось тая вілаватая бярозка, яна адбірае ў яе сокі. А на той, глядзі, кара зашурпацілася. Каб хаця караед не ўбіўся…
   На даўніх палянах яшчэ перад той вайною ляснік сваімі рукамі пасадзіў сасонкі. Яны добра прыжыліся і разрасліся, узняўшыся пышнымі кронамі ў самае неба. Наведваючыся ў гэты барок, Станіслаў як бы між іншым гаварыў свайму сыну:
   – Во як станеш на ногі, можа, заменіш мяне. То беражы сасонкі гэтыя. Дзедава памяць!
   Мікола моўчкі ківаў галавою. I неяк нечакана, магчыма, першы раз так пільна паглядзеў на бацьку і заўважыў, што ў яго інеем прыхапіла скроні і вакол вачэй столькі маршчынак. Відаць, старэе бацька, але той ішоў лёгка, спорнымі крокамі, і сын супакоіўся.
(456 слоў)

Паводле С. Кухарава.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий