Трывога за лёс Бацькаўшчыны: вершы «Перад будучыняй», «О так! Я — пралетар!..»

Янка Купала

  Вобраз Беларусі, Радзімы — заўсёды скразны, цэнтральны ў творчасці Янкі Купалы. Змястоўнае напаўненне гэтага вобраза вызначалася мастацка-эстэтычнымі мэтамі, якія ставіў перад сабой паэт, і было шматстайным, арыгінальным, кожны раз выяўляючы нейкі новы ракурс гэтай глабальнай тэмы. Горкі роздум Купалы над сутнасцю савецкай улады, абурэнне яе крывадушшам у дачыненні да беларускіх праблем гучаць у вершы "Перад будучыняй" (1922). Твор напісаны пасля таго, як у Беларусі пасля шматлікіх інтэрвенцый і акупацый нарэшце ўсталявалася адна ўлада — улада бальшавікоў. Але змест верша далёкі ад аптымізму:

 

Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў <…>

  У вобразна-метафарычнай форме паэт узнаўляе падзеі 1917 года, час распаду Расійскай імперыі, і з горыччу канстатуе, што ў той спрыяльны момант беларусы не змаглі рэалізаваць свой шанс на незалежнасць:

 

Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць!
А там — "Паўстань, пракляццем"… Ну, а мы?
Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць…
Без толку крыллем хлопаем, як цьмы.

  Гнеўныя выкрывальныя інтанацыі, іронія і сарказм гучаць у радках, дзе паэт гаворыць пра негатыўныя праявы нацыянальнага менталітэту, наракае на пасіўнасць, баязлівасць і пакорлівае прыстасаванства беларусаў:

 

Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі,
На нас, ды з нашых нітак-валакон.

  Сродкі публіцыстычнага выказвання ў рамантычным паводле сваёй скіраванасці творы суседнічаюць з фальклорнай вобразнасцю:

 

I так жывём, сябе саміх не знаўшы.
Учора, сёння лазім між канаў…
Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?

  Паводле народных легендаў ведзьмары і чараўнікі, калі хочуць нашкодзіць чалавеку і наклікаць на яго бяду, прыходзяць на яго поле і завязваюць у вузел некалькі жытнёвых сцяблін (гэта называецца залом). На гэтай трагічнай ноце спрадвечнага праклёну, амаль безнадзейнай невядомасці і заканчваецца купалаўскі погляд у будучыню Беларусі. На жаль, гісторыя XX стагоддзя (сталінскі тэрор, калектывізацыя, вайна, Чарнобыль) пацвердзіла праўдзівасць інтуітыўных прадчуванняў паэта.
  У гэты перыяд, перыяд горкіх расчараванняў і няспраўджаных надзей наконт шчаслівай будучыні роднага краю, быў напісаны і верш "…О так! Я — пралетар!.. (1924):

…О так! Я — пралетар!..
Яшчэ ўчора раб пакутны —
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!

Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся…
Адно … не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!

  Акадэмік У. Гніламёдаў сказаў, што ў гэтым творы Янка Купала пранікліва "разгадаў намеры бальшавікоў <…> ператварыць Беларусь у сацыяльна-эксперыментальны палігон па будаўніцтве так званага новага грамадства, сутнасць якога зводзілася да вырачэння ад ўсяго нацыянальнага".
  Твор напоўнены іранічным падтэкстам. Лідары бальшавізму найвышэйшым прывіліяваным грамадскім саслоўем называлі рабочых-пралетарыяў, людзей, якія не валодаюць уласнай маёмасцю. (Іншыя саслоўі: арыстакратыя, духавенства, інтэлігенцыя, а таксама сялянства — лічыліся класава заганнымі і пераследаваліся.)
  Ідэолагі бальшавізму марылі заваяваць увесь свет, знішчыўшы "класава заганныя саслоўі". Яны пачалі сваю "працу" ў Беларусі, якая была аграрнай, а гэта значыць, сялянскай краінай. Ужываючы тагачасную лексіку ("раб пакутны", "зямлі ўладар" і інш.), Купала перафразіруе гімн "Вставай проклятьем заклейменный Весь мир голодных и рабов", узяты на ўзбраенне новай уладай. Паэт іранізуе над глабальнымі антыгуманнымі памкненнямі новай улады. Ён перакананы, што нельга прымусіць чалавека забыцца пра свае карані, адрачыся ад сваёй Айчыны.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий