Ўставай, сявец! бяры сяўню,
Аўса, вады давай у волю
Свайму ты вернаму каню
I ўжо рыхтуйся ехаць ў поле.
Прыйшла вясна, і там цябе
Чакае вызвеўшая ніва;
Яна гатовая к сяўбе
Й сяўца чакае ўжо рупліва.
За зіму ўспрэўшая зямля
Табе аддасць за працу многа!
Ўставай, сявец! Няхай сяўня
Не будзе пуста і убога.
Рукой зярнят бяры паўней
Ды кідай мерна жменя ў жменю;
Са збожжам ў сэрцы думкі сей
Надзеі, волі, адраджэння.
Ўставай, сявец! I тое знай,
Што думак глеба не абмане,
А дасць багаты ураджай
За пот праліты, за старанне.
Ўставай, сявец! Ідзі, ары
Здзярнелай нівы твае гоні;
Прыйшоў твой час – ужо пара
Пачаць сяўбу яшчэ сягоння!
Капыль, 1909
Крыніца: Гартны Ц. Збор твораў. У 4 т. Т. I: Вершы, 1909-1935. Апавяданні 1909-1927. Аўт. прадм. С. Александровіч. – Мн.: Маст. літ., 1987. – 438 с.