Цётка — Сварба

Цётка (Алаіза Пашкевіч)

  Пасварыліся вясна з зімою, ну і давай адна адной на злосць рабіць.
  — Я,— кажа вясна на зіму,— не буду з табой шмат гаварыць! За каўнер і так шпургану, што аж за лясамі ты ў мяне апынешся!
  — Маўчы, маўчы,— бурчала белая зіма.— Хіба я цябе ў барані рог заганю, як сцісну, то аж табе вылезуць вочы.
  Ну і пачалі адна адной наперакор рабіць. Зіма паўзе з марозам — вясна лезе з адлігай, і зноў няма парадку. Цярпелі людзі, цярпелі, а после давай сход рабіць, давай радзіць, на чыёй тут старане ім стаць. Адны казалі:
  — Мы яшчэ не вымалацілі збожжа, не навазілі дроў, не адпачылі после летняй працы, хай пабудзе зіма.
  Другія зноў крычалі:
  — Вон зіму! Яна нас памарозіць; мы і так лапці патапталі, кажухі абадралі. Досыць нам яе; хочам вясны.
  I немаведама, як то яно прайшло б на тым сходзе, каб не ўвайшоў старэнькі жабрак і не пачаў жаліцца на зіму.
  Праўда: вушы былі абмарожаны, рукі пакрэпшы, світка рвана, сам ён дрыжаў ад холаду. Увесь сход закрычаў у адзін голас:
  — Не хочам зімы! Хай вясна ідзе да нас!
  Бедная зіма заплакала горка на людзей, слёзкі яе цяклі са стрэх, білі па абалонках1, разліваліся па зямлі, збягалі ў лужы, з лужаў у рэчкі, з рэчак у моры, з мораў у акіяны.
  А вясна смяялася, строілася ў кветкі, гарцавала па палях, песцілася па садох, шчабятала з птушкамі, цалавалася з дзеткамі, аж пакуль не пасварылася з летам.
  Хто цяпер абдалее, скажыце, дзеткі, самі.

1. па шыбах (заўвага аўтара)

 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий