Васіль Быкаў, без сумнення, найбольш буйны беларускі пісьменнік з часоў смерці Сталіна. Добра вядомы ва ўсім Савецкім Саюзе, асабліва ў 60-я гг., ён заваяваў павагу і папулярнасць, у першую чаргу дзякуючы сваім надзвычай жывапісным праўдзівым творам пра Вялікую Айчынную вайну і яе наступствы. Быкаў таксама адыгрывае важнейшую ролю ў беларускім нацыянальным жыцці, асабліва ў 90-я гг., падтрымліваючы барацьбу краіны за дэмакратыю і незалежнасць, выступаючы супраць рэпрэсій і апатыі, што хвалявалі многіх сяброў Беларусі як у краіне, так і за яе межамі.
Творчасць Быкава, у вышэйшай ступені рэалістычная па сваёй манеры, адметная моцным маральным імператывам у спалучэнні з шырокай і зразумелай карцінай чалавечых паводзін у экстрэмальнай сітуацыі. Упершыню прыцягнуўшы да сябе ўвагу ў канцы 50-х, ён, дзякуючы перакладам сваіх твораў на рускую і іншыя замежныя мовы, прынёс беларускай літаратуры вядомасць у больш шырокай міжнароднай аўдыторыі, чым які-кольвечы пісьменнік да яго, нават нягледзячы на ўсе спробы савецкіх улад прадставіць яго рускім пісьменнікам. Ягоныя творы былі перакладзены з рускай на шмат замежных моў, згубіўшы ў працэсе перакладу ў нейкай ступені сваю стылёвую арыгінальнасць і індывідуальнасць, не лічачы ўжо палітычных і іншых скажэнняў. У 90-я, калі Беларусь сутыкнулася з рознымі, нават у нечым больш складанымі, чым у савецкія часы, праблемамі, Васіль Быкаў працягваў уздымаць з максімальным аўтарытэтам сацыяльна-палітычныя і літаратурныя пытанні, у гэты самы час асвойваючы ў сваёй творчасці новыя шляхі. У дадатак да шматлікіх узнагарод, атрыманых ім, хоць і з перапынкамі, у савецкія часы, у 1997 г. ён стаў намінантам рускай Букераўскай прэміі.
Васіль Быкаў нарадзіўся ў сялянскай сям’і 19 чэрвеня 1926 г. у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння сямігодкі ён вучыўся на скульптурным аддзяленні знакамітага Віцебскага мастацкага вучылішча, у горадзе высокіх традыцый, пакінутых Маркам Шагалам і Хаімам Суціным, але вымушаны быў пайсці ў сувязі з матэрыяльнымі праблемамі. У Вялікую Айчынную вайну Быкаў служыў у інжынерным батальёне салдатам, а з 1943 г. – малодшым афіцэрам. Быў двойчы паранены. Ягоны салдацкі шлях пралёг праз Румынію, Венгрыю, Югаславію і Аўстрыю і, само сабой зразумела, праз Украіну і Беларусь, дзе і адбываецца дзеянне большасці твораў пісьменніка. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. ён нейкі час працаваў у Гродна мастаком, а пазней – стыль-рэдактарам «Гродненской правды». З 1949 па 1955 г. Быкаў быў зноў прызваны як афіцэр запасу ў армію на Курыльскія астравы, дзе ў 1951 г. і зрабіў першую спробу пісаць апавяданні. У 1956 г. ён вяртаецца да працы ў тую ж самую правінцыйную газету, дзе займае пасаду літсупрацоўніка, а пазней літаратурнага кансультанта (да 1972 г.). У наступныя шэсць год Быкаў з’яўляецца сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў (член Саюза пісьменнікаў СССР з 1959 г.), а ў 1978 г. пераязджае ў Мінск. Гэты пераезд быў зроблены дзеля таго, каб выратавацца ад ініцыяванага афіцыйнымі ўладамі хуліганскіх нападаў, што паследавалі за публікацыяй шэрагу «недапушчальна»-шчырых твораў: Быкаў, якога за грамадзянскую мужнасць параўноўваюць з Салжаніцыным, быў занадта каштоўным для савецкага прэстыжу і прапаганды, каб вельмі адкрыта яго крытыкаваць ці ўвогуле прымусіць замаўчаць, але ўлады прымалі ўдзел у завуаляваным цкаванні, у тым ліку, напрыклад, у біцці вокан ягонай кватэры на першым паверсе.
З часу пераезду ў Мінск Быкаў стварыў цэлы шэраг шырокавядомых твораў на ваенную тэму. На перыяд з 1978 па 1990 г. ён быў абраны народным дэпутатам БССР, а ў 1989 г. стаў народным дэпутатам СССР. У 1990 г. ён быў абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Заслугоўвае згадкі факт, які пацвярджае маральную непахіснасць Быкава – сярод усіх выбітных беларускіх пісьменнікаў ён быў адным з тых, хто не ўступіў у камуністычную партыю.
Дзеянне некаторых ранніх апавяданняў Быкава адбывалася ў мірны час, аднак ён сам быў не вельмі высокай думкі пра гэтыя творы. Адно з найлепшых апавяданняў – «На сцяжыне жыцця» (1958), паказвае жыццё жанчыны, прыгнечанай эгаізмам і бязлітаснасцю навакольнага жыцця, і адлюстроўвае добравядомую антыпатыю аўтара да себялюбства і бюракратыі; падобным жа чынам у сатырычным творы «Суседзі» (1963) ён здзекліва асуджае буржуазныя прэтэнзіі двух старых ветэранаў вайны, якія распачалі сварку наконт радаслоўнай сабакі. У параўнанні з больш спелымі працамі аўтара, у гэтых апавяданнях, магчыма, не хапае экстрэмальных сітуацый, момантаў маральнага выбару, перад якімі стаяць персанажы большасці ягоных ваенных твораў, – у іх звычайна адсутнічае момант вышэйшага напружання, які так выдатна перадаецца Быкавым пазней. Нават у адносна стабільны мірны час ўласцівая пісьменніку маральная пазіцыя супраціву крывадушнасці і падману гучыць досыць выразна. Апавяданне «Незагойная рана», якое апісвае маці, што на працягу шаснаццаці год пасля вайны чакае вяртання свайго сына, можа разглядацца як пераходны твор, паколькі дзеянне адбываецца ў мірны час, а тэмай з’яўляюцца горкія страты вайны, і выкарыстаныя Быкавым успаміны ды сны-кашмары трывала знітоўваюць ваенныя падзеі з мірным часам. Тут, як і ў іншых творах, якія звязваюць вайну і мір, напрыклад, у аповесцях «Мёртвым не баліць» (1965), «Абеліск» (1971) і «Кар’ер» (1986), вострае вока аўтара выхоплівае рэалістычныя сацыяльныя падрабязнасці, і нават у канцы 50-х ужо становіцца ясным, што тэма вайны будзе і надалей прываліраваць у быкаўскай творчасці.
Дзеянне першай аповесці Быкава, «Жураўліны крык» (1960), адбываецца ў 1941 г. Аўтар апісвае некалькі гадзін з жыцця ізаляванай групы салдат, якая атрымала амаль немагчымае заданне абараніць чыгуначны пераезд, каб прыкрыць адыход асноўнай часткі савецкіх сіл. Урэшце пяць з шасці салдат гінуць, але ў ходзе аповесці Быкаў па чарзе дае кожнаму з іх характарыстыкі, паказваючы ўздзеянне вайны на іх ў цэлым і небяспеку іх сітуацыі ў прыватнасці, аналізуючы іх псіхічную і фізічную рэакцыю. Тут ужо можна заўважыць многія тыповыя рысы творчасці Быкава: магутную, але, сапраўды, жывую мову, суровую, адточаную вобразнасць з ледзь улоўным налётам лірызму, сціслы лапідарны стыль з максімальным выкарыстаннем дэталяў, вузкія прасторавыя і часавыя межы, якія пашыраюцца пры дапамозе ўспамінаў, рэмінісцэнцый і сноў. Што датычыць зместу, то у ім даецца мінімальнае апісанне фізічных дзеянняў і драматычных падзей, а пад пастаяннай ўвагай знаходзіцца індывідуальная псіхалогія і ў асаблівасці прычыны гераізму, маладушша і здрадніцтва перад тварам вышэйшага выпрабавання. Людзі, якія ўваходзяць у склад групы, абраны з той мэтай, каб паказаць іх непадобнасць. Напрыклад, Карпенка, просты стары салдат, які памятае папярэднія войны і хоча, каб гэтая была апошняй, проціпастаўляецца Фішару, габрэйскаму гісторыку, які з часам прыходзіць да прызнання некаторых практычных ведаў старэйшага за сябе чалавека, у той час як апошні пачынае патрохі пазнаваць свет інтэлігенцыі, пра які да таго не меў ніякага ўяўлення. Узаемадачыненні і ўзросшыя веды прымушаюць кожнага з гэтых вельмі розных герояў у значнай ступені змяніць сваю класавую прадузятасць. Абаяльны, аднак слабавольны Свіст – досыць цікавы персанаж, чыё каларытнае даваеннае жыццё (узгаданае напярэдадні бою) складалася з цэлай серыі крымінальных эскападаў, якія, у рэшце рэшт, прывялі яго ў турму. Бессэнсоўная смерць гэтага былога ліхадзея была асабліва трагічнай і з’явілася сімвалам бязмежных страт і сведчаннем таго, што вайна забірала жыцці абсалютна розных людзей.
Апавяданне вядзецца ад трэцяй асобы, аднак бліжэй за ўсё да пункту погляду аўтара знаходзіцца беларускі юнак Глечык, які прымае ўдзел у ваеннай аперацыі ўпершыню, і многія падзеі, сітуацыі і персанажы прадстаўлены праз ягонае ўспрыманне і разуменне (сродкамі ўнутранага маналога і іншымі прыёмамі). Ён з’яўляецца напаўбіяграфічным персанажам – не трэба забывацца, што самому Быкаву на пачатку вайны было семнаццаць, – і фігуруе ў розных варыяцыях у многіх творах пісьменніка, часам як апавядальнік, часцей – не, але служыць маральным арыенцірам, у параўнанні з якім ацэньваюцца ўсе іншыя персанажы. У выпадку Аўсеева, разбэшчанага маладога чалавека, перакананага ў сваёй перавазе і неабходнасці любым коштам захаваць сваю скуру, гэты маральны суд набывае вельмі жорсткую форму, што падкрэслівае бескампрамісную пазіцыю аўтара і ягоную веру ў тое, што злу і слабасці трэба процістаяць дужа актыўна не толькі з мэтай забяспечыць ваенную перамогу Савецкага Саюза, але і дзеля трыумфу духоўнасці над бязлітаснай амаральнасцю ворага. Гэтая тэма і ўсё з ёй звязанае з’яўляюцца цэнтральным элементам усёй творчасці Быкава. У «Жураўліным крыку» малады ідэаліст Глечык забівае Аўдзеева, паколькі апошні спрабуе пакінуць свой пост. Гэты інцыдэнт мае паралель з канцоўкай аповесці «Трэцяя ракета» (1961), калі малады герой і адначасова асоба, ад імя якой вядзецца апавяданне, выстрэльвае трэцяй і апошняй ракетай у твар чалавека, які здрадзіў сваім сябрам.
Першая аповесць Быкава мае не поліфанічную, а свайго роду лінейную, ці сегментную, структуру, калі кожная частка прысвячаецца асобнаму персанажу. Апошні з іх, варты нашай узгадкі, – здраднік Пшанічны, адзін з тыповых адмоўных герояў у творчасці Быкава: нічым не цікавячыся, апрача захавання сваёй уласнай скуры, ён робіць спробу перайсці да немцаў, якія, ён спадзяецца, зразумеюць яго лепш, чым савецкія суайчыннікі, аднак яго не разумеюць і, у выніку, забіваюць. Варты ўвагі той момант, што Пшанічны – сын кулака. Нават у моцных беларускіх творах канца 20-30-х гг., такіх, як «Язэп Крушынскі» Змітрака Бядулі, кулак прадстаўляецца сапраўдным ворагам, а прыкладаў, калі ён быў паказаны меладраматычным ліхадзеем, у другараднай літаратуры сотні, але Быкаў, што вельмі тыпова, знаходзіць новы ракурс і паказвае эгаізм і адчужэнне Пшанічнага не як прадукт ягонай класавай прыналежнасці, а як вынік дрэнных адносін і несправядлівасці, якія ён зведаў з боку савецкага рэжыму ў сувязі са сваім класавым паходжаннем. Трэба зазначыць, што ў больш позніх сваіх кнігах – усе яны працягвалі даследаваць прычыны гераізму і здрадніцтва – Быкаў пазбягае ўсіх класавых адрозненняў, магчыма, адчуваючы, што нават трактоўка вобраза Пшанічнага ў «Жураўліным крыку» трохі нагадвае тыя самыя творы, з якімі адкрыта палемізуе ягоная кніга.
Сваёй адсутнасцю павярхоўнага гераізму і абсалютна нерамантычнай атмасферай першая аповесць пісьменніка задала тон усім наступным ягоным творам. Ён паказвае вайну як велізарнае і, па сутнасці, незразумелае бедства, сляпую і бязлітасную сілу, якая кідае свае бездапаможныя ахвяры падобна хвалі і, больш за тое, выступае каталізатарам эмоцый, выпрабаваннем на вернасць, надзейнасць і адказнасць. Напружанне і драматызм першай ягонай аповесці, як і ўсіх наступных твораў, заключаецца не ў трагізме дзеяння альбо нават у чым-небудзь выключных персанажах, а ў драматызацыі пачуццяў сапраўды моцных людзей. Чэшскі крытык В. Жыдліцкі зазначаў, што Быкаў «прадстаўляе вайну праз дыялектыку чалавечай душы».
Як вынікае з назвы аповесці «Здрада» (1961), яе цэнтральнай тэмай з’яўляецца менавіта здрадніцтва. Біяграфічныя дэталі, унутраны маналог і пераканаўчая непасрэдная споведзь перад сябрамі дзяцінства – вось асноўныя сродкі, якія выкарыстоўвае аўтар для стварэння адмоўнага вобраза Блішчынскага. Раскаянне досыць пераканаўчае, паколькі Блішчынскі адчувае, што нічога не згубіць ад сваёй шчырасці, ён лічыць, што два іншыя героі знаходзяцца суцэльна пад ягонай уладай: ён можа выдаць іх за тое, што тыя без дазволу кінулі небяспечную палявую гармату без дагляду. Блішчынскі, абвешаны медалямі сакратар камсамольскай арганізацыі атрада і кандыдат у партыю, які ва ўмовах сталінізму лічыў атмасферу падману нармальнай з’явай і мог выкарыстоўваць яе для бязлітаснага застрашвання, служыць ілюстрацыяй адкрытага асуджэння Быкавым ілжывасці, палітычнага кар’ерызму, розных лозунгаў ды савецкай бескампраміснасці. Тут, як і паўсюдна ў творах пісьменніка, ягоная «праўда пра вайну» на практыцы азначае праўду пра падазронасць, страх, цынізм, некампетэнтнасць і здрадніцтва, якія значна павялічылі і так складанае жыццё простых савецкіх людзей, што імкнуліся абараніць сваю айчыну. Пасля здрадніцтва Блішчынскага Цімошкін малюе ягонае будучае пасляваеннае жыццё, дзе ён стане магутным, уплывовым ды паважаным паразітам:
«Вядома, за іхнімі спінамі ён дарвецца цяпер да ратунку, выжыве, дачакаецца светлага дня і кляшчом увап’ецца ў но-вае, пасляваеннае жыццё – увап’ецца ў яго самае салодкае і мяккае месца. На ягоных грудзях будуць вісець баявыя ме-далі, у кішэнях будуць ляжаць паперкі, што дадуць яму па-трэбныя правы ў жыцці, і ён будзе прапаведваць тое, у што сам не верыць, і здабываць сабе выгаду з тых пропаведзяў» (Быкаў, 1980–1982,1, 295).
Такі акцэнт на пераемнасць і на важнасць мінулага для сучаснасці, вельмі характэрны для твораў Быкава, знайшоў сваю найбольшую праяву ў аповесці «Мёртвым не баліць». I не дзіўна, што гэтая аповесць мае такую шырокую папуляр-насць у сённяшняга чытача і бянтэжыць афіцыйных савецкіх крытыкаў.
Аповесць «Трэцяя ракета» прынесла аўтару шырокую вядомасць. Як і «Жураўліны крык», гэты твор уяўляе сабой вельмі праўдападобнае апісанне групы людзей у час ваеннай аперацыі, аднак без пэўнага схематызму, які адчуваецца ў папярэдняй аповесці. Ён служыць прыкладам таго натхнення, якое дае беларусам радзіма ў творах Быкава, але ў рускім перакладзе ключавы момант аповесці быў скажоны.
Досыць незвычайнай падзеяй для творчасці Быкава стала напісанне аповесці «Альпійская балада» (1963), аднаго з ягоных найменш удалых твораў, паводле якога быў зняты такі ж банальны фільм. Аповесць прысвечана ідэі інтэрнацыянальнага камунізму альбо камуністычнага інтэрнацыяналу, якая ўвасабляецца праз два персанажы збеглых з лагера зняволеных: Івана, простага, мужнага і гераічнага беларускага селяніна, і Джуліі, энергічнай і экзальтаванай італьянскай дзяўчыны, якая выраклася сваёй буржуазнай сям’і і, у выніку, апынулася ў тым самым лагеры, што і беларус. Аповесць апісвае момант іх свабоды, калі яны спрабуюць спусціцца з Альпаў, каб далучыцца ў Трыесце да партызан-камуністаў, але такімі ж важнымі, як і змаганне за ўласнае жыццё, становяцца ўсё больш блізкія і нават інтымныя адносіны паміж галоўнымі героямі. На ідэалагічным плане мы з’яўляемся сведкамі змены фанатычнага захаплення Джуліі Савецкім Саюзам, выкліканага недасведчанасцю, і вымушанымі спробамі Івана ўнесці элемент рэалізму, калі ён апісвае сваёй наіўнай і недаверлівай слухачцы некаторыя менш прыемныя бакі перадваеннага савецкага жыцця. Іх асабістыя адносіны таксама развіваюцца імкліва, і раптоўнае каханне апісваецца Быкавым з надзвычай стрыманым эратызмам. У кнізе выкарыстоўваецца таксама рэтраспектыўны погляд для таго, каб адлюстраваць ранейшы нясмелы намёк на каханне ў жыцці Івана ў перадваенныя дні, і гэта лучыць яе з «Трэцяй ракетай» і «Мёртвым не баліць», дзе жанчына прадстаўляецца маладому, амаль юнаму апавядальніку ў высокарамантычным святле, ідэалізаваная, якой пакланяюцца здалёк. Джулія ў «Альпійскай баладзе» пры ўсёй сваёй эксцэнтрычнасці – найбольш аб’ектыўны вобраз, але ў цэлым сама аповесць сваім экзатычным дзеяннем і цэнтральнай любоўнай калізіяй стварае высокарамантычны вобраз у параўнанні з суровым рэалізмам больш ранніх твораў Быкава. Да моцных бакоў аповесці можна аднесці шматлікія пейзажныя замалёўкі, насуперак якім досыць хадульны і непераканаўчы дыялог не ажыўляе нават неабачлівая спроба аўтара натуральным чынам прадставіць недарэчную мяшанку рускай, італьянскай і нямецкай моваў у вуснах Джуліі. Празмерна натуралістычная мова таксама складае пэўную праблему ранніх твораў Быкава, у «Праклятай вышыні» (1968), напрыклад, ён з вялікай цяжкасцю распрацоўваў украінскую мову афіцэра Піліпенкі, як і ламаную рускую артылерыста-якута Папова ў «Трэцяй ракеце». Шкада, што пры такім выдатным апавядальным стылі Быкава спакусіла празмерная літаральнасць.
Нягледзячы на пэўную розніцу паміж «Альпійскай баладай» і іншымі раннімі творамі Быкава, трэба зазначыць, што прыбілізна ў гэты час некаторыя савецкія крытыкі пачалі адмоўна выказвацца наконт таго, што нядобразычліўцы Быкава называлі паўтаральнасцю, а ягоныя сябры – цыклічным характарам ягонай працы. Аб’ектыўна трэба адзначыць, што не толькі ўсе ягоныя буйнейшыя творы былі прысвечаны вайне, але многія іх сітуацыі і персанажы таксама паўтараліся шматразова з рознымі варыяцыямі. Найбольш яскравымі прыкладамі тыпізацыі з’яўляюцца: просты і сціплы немалады салдат – сучасны варыянт капітана Тушына з «Войны и мира» Л. Талстога; маладушны і цынічны кар’ерыст, які ўвасабляе найгоршыя бакі сталінізму, і юны нявопытны ідэаліст, што дасягнуў свайго роду заўчаснай спеласці ў той жудаснай сітуацыі, у якую трапляе. Што датычыцца сітуацыі, то паўторнасць заключаецца ў тым, што невялікая групка людзей, адарваная ад асноўнай часткі арміі, трапляе ў поўную ізаляцыю. Апынуўшыся перад тварам трагічна-безнадзейнага лёсу, яна можа разлічваць выключна на свае фізічныя і маральныя сілы. Найбольш тыповай апавядальнай тэхнікай Быкава з’яўляецца ўнутраны маналог і ўспаміны.
Улічваючы ўсё гэта, досыць смешнай выглядаюць нападкі з боку камуністычных крытыкаў на самы вялікі на дадзены момант твор Быкава, «Мёртвым не баліць», якія абвінавачаннем у аўтаэпігонстве карыстаюцца як галоўнай зброяй, паколькі гэтая важная аповесць (якая, як і, дарэчы, яе рускі пераклад, заставалася неапублікаванай да 1989 г., пасля таго, як у 1965 г. выйшла яе часопісная версія) моцна адрозніваецца ад больш вузкіх межаў большасці твораў Быкава ў першую чаргу тым, што малюе шырокую панараму ваенных дзеянняў і ўздымае на новы і вельмі своеасаблівы ўзровень повязь паміж мінулым і сучаснасцю праз узаемазвязаныя раздзелы, прысвечаныя падзеям ваеннага часу (1944 г.) і беларускаму жыццю праз дваццаць год. Разам з «Трэцяй ракетай» аповесць «Мёртвым не баліць» – найбольш аўтабіяграфічная сярод усіх твораў аўтара, і ў той самы час гэта найбольш адкрытае абвінавачанне сталінізму. Праз чаргаванне тыпова экстрэмальных сітуацый ваеннага часу са сцэнамі святкавання Дня Перамогі праз дваццаць адзін год Быкаў падкрэслівае важнасць досведу, атрыманага на вайне, для будучага дабрабыту і шчасця беларускага савецкага грамадства. Несумненна, вакол аповесці «Мёртвым не баліць», якая стала пераломным момантам у творчасці аўтара, на працягу доўгіх гадоў разгараліся гарачыя спрэчкі крытыкаў. Спачатку сустрэтая Інстытутам літаратуры Акадэміі навук БССР як важнейшае дасягненне, вельмі хутка яна выклікала шквал палітычнай крытыкі, хоць і звычайна сфармуляванай непалітычнымі тэрмінамі.
Аповесць «Мёртвым не баліць» стаіць збоку ад іншых твораў Быкава па сваіх памерах і будове, але можна сказаць, каб праясніць сітуацыю, што многія нязменныя ідэі аўтара, якія шматкроць паўтараюцца ў ягоных творах, у той ці іншай форме аб’ядноўваюць у ёй галоўнейшыя тэмы ягонай ранейшай працы. Выклікаўшы крытыку за сваё занадта чорна-белае апісанне маральных крайнасцяў, яна прыводзіла крытыкаў у раз’юшанасць сваёй відавочнай актуальнасцю і важнасцю палымянага абвінавачвання сталінізму. Вялікае значэнне твора заключаецца, безумоўна, не толькі ў яго дасягненнях, але і ў недахопах. Усё зло гэтых часоў апісваецца з неверагоднай яснасцю, ад вялікай ваеннай неэфектыўнасці, выкліканай страхам і грубым фармалізмам, да непрадуктыўнай і ахвярнай прыроды «жалезнай дысцыпліны», заведзенай капітанам Сахно. Больш таго, Быкаў прасочвае відавочную паралель паміж сталінісцкім культам дысцыпліны і іншымі праблемамі ваеннага часу, такімі, як маладушша і здрадніцтва. Як здаецца маладому апавядальніку Васілевічу, Сахно мае вялізную сілу, паколькі ён дзейнічае «ад імя ўлады». Калі апавядальнік уяўляе, што ён зноў сустракаецца з жорсткім капітанам на Дзень Перамогі ў сучасным Мінску, аказваецца, што гэта не менш адыёзны дзяржайны чыноўнік Гарбацюк, які не так далёка адышоў ад звышудачлівага Блішчынскага, што ўяўляўся Цімошкіну ў «Здрадзе». Рашучая спроба Быкава напісаць праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ягонае перакананне, што праўда не можа і не павінна быць занядбаная, падкрэсліваецца ў канцы аповесці, калі капітан міліцыі спрабуе ўладзіць канфлікт, як ён лічыць, з далёкага мінулага. Аднак для Быкава значнасць мінулага для сённяшняга дня надзвычай вялікая, каб папросту знайсці паразуменне, і сутычка маладых людзей з непрыемным Гарбацюком у рэстаране падкрэслівае значнасць ды непадзельнасць праўды і справядлівасці: калі капітан міліцыі чуе, што разгарэлася спрэчка наконт прынцыпаў, ён прымірэнча пытаецца: «Якія там прынцыпы?», і атрымлівае недвухсэнсоўны адказ маладых: «Мы за справядлівасць!».
Быкаў ні на крок не адступіў перад шквалам крытыкі, якая вітала з’яўленне аповесці «Мёртвым не баліць», але асудзіла наступны ягоны твор, «Праклятую вышыню», – суровы, нават бязлітасна рэалістычны аповед ад першай асобы пра асуджаную на правал ваенную аперацыю. Вельмі значным у гэтым творы з’яўляецца тое, што такі фармалістычны афіцэр, як Грыневіч, не паказаны аўтаматычна сапраўдным ліхадзеем, а больш сімпатычныя суровыя гуманісты, як, напрыклад, Ананьеў, цалкам не пазбаўлены недахопаў. Гэта служыць сведчаннем таго, што Быкаў быў вельмі далёкім ад стэрэатыпнасці, у высокай ступені ўласцівай многім савецкім аўтарам твораў пра вайну ў 50-60-я гг. У межах насычанай падзеямі кароткай аповесці пісьменнік закрануў многія тэмы, у тым ліку беларускае нацыянальнае пытанне, савецкія адносіны да зняволеных і характар апошніх, а таксама пытанні маладушнасці і страху. «Праклятая вышыня» – гэта добры прыклад майстэрства аўтара ў стварэнні тэматычна адкрытага ваеннага твора.
Новым паваротам ў творчасці Быкава стала напісанне аповесці «Круглянскі мост», апублікаванай у 1969 годзе. Гэта была першая, сапраўды нетрадыцыйная спроба пісьменніка асвятліць партызанскую тэму. Нягледзячы на тое, што апавяданне вядзецца ад трэцяй асобы, твор выражае пункт погляду Сцёпкі Таўкача, простага семнаццацігадовага юнака, чыё ранейшае няшчаснае існаванне Быкаў раскрывае перад чытачом паступова, у адрозненні ад ходу напружанай ваеннай аперацыі. Нявопытны і сарамлівы, ён далучыўся да партызан, каб выратавацца з акупаванай вёскі, але становіцца аб’ектам насмешак і кпінаў з боку двух іншых, старэйшых, партызан, асабліва Брытвіна, чалавека, які, хоць і не з’яўляецца адкрытым ліхадзеем, тым не менш прытрымліваецца бязлітаснай ідэі, сутнасць якой заключаецца ў тым, што мэта апраўдвае сродкі. Тая ж самая ідэя, па меркаванню Быкава, ляжала ў аснове фашызму, супраць якога і змагаліся савецкія людзі. Мост, які фігуруе ў назве твора, – адзін з тых аб’ектаў, ад якіх залежалі нямецкія акупанты, і старэйшыя партызаны падманам прымушаюць пятнаццацігадовага хлопчыка супраць волі стаць інструментам, пры дапамозе якога падрываюць мост, сам жа хлопчык гіне ад выбуху. Хоць і, несумненна, патрэбная для ваеннага поспеху, гэтая ахвяра ў той самы час паўстае бессардэчнай і амаральнай па сваёй сутнасці: Сцёпка кідае выклік прагматычнаму падыходу Брытвіна і змагаецца з ім, аднак у канцы аповесці, як звычайна, чытач застаецца перад адкрытым пытаннем, паколькі камісар, які павінен вынесці заключны прысуд, яшчэ не паспеў дабрацца да лагера. Хоць сам ніколі і не быў партызанам, Быкаў здолеў намаляваць атмасферу і цяжкасці партызанскага жыцця з высокім майстэрствам, абсалютна пазбегшы рамантызацыі, звычайна ўласцівай беларускім творам на гэтую тэматыку.
Наступная партызанская аповесць Быкава, «Сотнікаў» (1970), стала першым ягоным творам, перакладзеным і апублікаваным на Захадзе. Яна, безумоўна, з’яўляецца адным з найлепшых прыкладаў мастацкай прозы пісьменніка. Аповесць расказвае пра надзвычай цяжкае заданне, атрыманае двума партызанамі на акупаванай тэрыторыі, і пра розныя паводзіны гэтых двух у аднолькава высокай ступені кампетэнтных герояў у сітуацыі, калі яны пацярпелі правал і былі схоплены немцамі. Асаблівасцю рэалістычнай манеры Быкава з’яўляецца магутны дар у апісанні фізічных перажыванняў, калі чытач падзяляе дыскамфорт, роспач і нясцерпны боль партызан, якія змагаюцца з лютым холадам. Акрамя ўсяго гэтага, адзін з партызан, Сотнікаў, быў хворы яшчэ да пачатку аперацыі, але добраахвотна вызваўся з-за гордасці. Па гэтай прычыне, не ўлічваючы нават усе непазбежныя перашкоды, паспяховы зыход аперацыі з самага пачатку падаваўся сумнеўным. Паколькі яму становіцца ўсё горш, Сотнікаў змагаецца за тое, каб выжыць толькі дзеля таго, каб падтрымаць свайго таварыша Рыбака. Са свайго боку Рыбак абвінавачвае ў іх страшэнна цяжкім становішчы свайго хворага напарніка. У хуткім часе ім даюць прытулак некалькі сялян, сярод якіх аказваецца і вясковы стараста. Двое партызан, у выніку, апынаюцца перад вышэйшым маральным выпрабаваннем, якое ім учынілі бязлітасныя беларускія марыянетачныя паліцаі, у чые рукі трапілі героі твора. Сотнікаў з гонарам прайшоў выпрабаванне – і загінуў, ягоны таварыш Рыбак на падобным допыце і катаванні пайшоў на першы (абсалютна рацыянальны) кампраміс, потым на другі і скончыў як здраднік, сведка і памагаты на публічным павешанні не толькі свайго таварыша, а таксама двух сялян і трынаццацігадовай габрэйскай дзяўчынкі. Выпрабаванне на мужнасць перад тварам вялікіх мукаў, праз якое Быкаў праводзіць сваіх герояў ва многіх творах, дала магчымасць некаторым крытыкам параўнаць яго з Дж. Лонданам, пісьменнікам, добра вядомым савецкай чытацкай аўдыторыі. Тым не менш у быкаўскіх апісаннях пакут няма нічога непатрэбнага, празмернага, як у выпадку, напрыклад, з вынікам катаванняў, якія прымянілі паліцаі. Аўтара цікавіць хутчэй матыў, а не вынік, і ягоныя творы ў большай ступені прысвечаны псіхалагічнай сутнасці, чым творы Лондана.
Тое, што гісторыя расказваецца з пункту гледжання двух розных герояў, Сотнікава і Рыбака, надае твору не толькі высокую ступень аб’ектыўнасці, але таксама выключную псіхалагічную глыбіню і кідае чытача ў самы цэнтр жахлівай сітуацыі, у якой апынуліся партызаны. Быкаў вельмі далёкі ад поўнага асуджэння слабасці Рыбака: менавіта прасочваючы ягоныя думкі, аўтар здолеў паказаць, наколькі тонкая мяжа можа аддзяляць храбрасць і маладушша, як гульня ў кошкі-мышкі з няўмольнымі захопнікамі, хоць і выкліканая ў значнай ступені слушным матывам выйграць час, можа прывесці ў гэтым канкрэтным выпадку да маральнай дэградацыі. Ідэя Быкава заключаецца не столькі ў тым, што кампрамісу быць не можа, колькі ў тым, як проста ўсё можа павярнуцца дрэнным бокам у напружанай сітуацыі ваеннага часу: кожны выпадак, кожны індывідуальны лёс, падкрэслівае аўтар (безумоўна, наперакор непахіснаму дагматызму і максімалізму, уласціваму савецкім адносінам да Вялікай Айчыннай вайны), трэба разглядаць асобна, не ў плане дактрыны, а ў плане разумення. Чытач мусіць не толькі адчуць фізічны жах і цяжкасці партызан, але і паразважаць над тым, а што б ён (ці яна) зрабіў бы ў падобнай сітуацыі. Усёй сваёй творчасцю аўтар нязменна процістаіць догмам, што ігнаруюць рэальныя абставіны: як Салжаніцын, і амаль у той самы час, ён абараняе тых, хто, па няшчасцю трапіўшы ў варожае акружэнне, лічыўся здраднікам. Іншымі аб’ектамі ўвагі Быкава былі ахвяры калектывізацыі і лёсы простых нямецкі, рускіх і беларускіх салдат, нават тых, хто (часам праз сваю самаадданасць) займаў ва ўмовах нямецкай акупацыі афіцыйныя пасады, як у выпадку з вясковым старастам. У сувязі з гэтым варты ўвагі той факт, што Рыбак, будучы здраднікам, мае значна больш непрымірымыя адносіны да вясковага старасты, чым ягоны высокамаральны адважны таварыш Сотнікаў. Гэта адзін з выпадкаў шматлікіх сведчанняў Быкава супраць папяровай праўды ды літаратурнага спрашчэння і апашлення вайны. Пры ўсёй сваёй вялікай напружанасці гэта вельмі шырокая тэматычна кніга, якая пралівае святло на многія аспекты савецкага жыцця і гісторыі, а таксама на асноўныя пытанні вернасці прынцыпам і страху, маральнасці і рацыянальнасці.
Наступная аповесць аўтара, «Абеліск» (1971), развівае тое, што часам называлі маральным максімалізмам Быкава: вясковы настаўнік даведваецца, што акупацыйныя ўлады схапілі некалькіх ягоных вучняў за спробу скінуць у ваду нямецкую машыну з правіянтам. Нягледзячы на тое, што сам ён не прымаў у гэтым удзелу і нават нічога пра гэта не ведаў, настаўнік адчувае маральны абавязак духоўна падтрымаць сваіх хлопчыкаў, што супрацоўнічалі з партызанамі, і сам пакідае адносную бяспеку партызанскага лагера, каб здацца фашыстам і памерці разам са сваімі выхаванцамі. Гэтая гісторыя заснавана на сапраўдных фактах і прысвечана «Светлай памяці М. А. Пашкевіча». Аповед пачынаецца ад першай асобы, калі апавядальнік атрымлівае горкую вестку пра смерць адзінага з выжыўшых вучняў, які ўзвёў мемарыяльны абеліск свайму гераічнаму настаўніку. Большая частка аповесці расказана ад імя гэтага хлопчыка, і яго апавяданне з лёгкасцю пераходзіць ад мінулага да сучаснага і наадварот. Асноўны канфлікт кнігі заключаны ў афіцыйным поглядзе на ўчынак школьнага настаўніка (прадстаўлены папулістам і фармалістам Ксяндзовым, камісарам, які не можа даць веры таму, што чалавек, які добраахвотна здаўся немцам, не здраднік) і аповедзе сведкі пра тое, што здарылася на самой справе. «Абеліск» – выдатны прыклад працяглай палемікі, у якую Быкаў быў уцягнуты тымі, хто жадаў перапісаць гісторыю і пабудаваць штучныя помнікі на руінах манументаў сапраўдным героям вайны. У канцы кнігі аўтар, здаецца, дае чытачу свабоду выбару ў вырашэнні маральных пытанняў, вакол якіх пабудаваны гэты аповед: «I вось хай цяпер рашае чытач. Хай разбіраецца. Кожны адпаведна свайму светапогляду, свайму позірку на вайну, на гераізм, на свой абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй…».
На працягу 70-х Быкаў звярнуўся да больш адкрытых апісанняў ваенных подзвігаў, хоць ягонае майстэрства ў абмалёўцы экстрымальных сітуацый не пакінула яго. Да гэтага перыяду адносяцца «Дажыць да світання» (1973), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975) і «Пайсці і не вярнуцца» (1978). У першым творы, дзеянне якога адбываецца напрыканцы верасня 1941 г., лейтэнант Іваноўскі павінен правесці да світання сваіх людзей праз засыпаную снегам акупаваную тэрыторыю, каб разграміць склад нямецкай амуніцыі. Твор мае многа агульнага з творчай манерай Дж. Лондана: подзвігам вынослівасці, фізічнымі пакутамі, апісанымі ў жахлівых, нехта нават скажа – празмерна натуралістычных падрабязнасцях. Адзін за адным людзі, нявопытныя і дрэнна падрыхтаваныя для такога рызыкоўнага прадпрыемства, становяцца ахвярамі шэрагу няшчасных выпадкаў, так што ўрэшце застаецца толькі Іваноўскі, які выжывае ў гэтай сумнеўнай і небяспечнай аперацыі. Як заўсёды ў Быкава, персанажы павінны прымаць пэўнае рашэнне ў самы крытычны момант, і тут Іваноўскі, горка расчараваны тым, што склад, які было запланавана знішчыць, кудысьці з’ехаў, з-за безвыходнасці і адчаю забівае гранатай немца перад тым, як загінуць самому. «Яго батальён» апісвае іншую дрэнна прадуманую аперацыю, у дадзеным выпадку паспешную і несвоечасовую атаку добра абароненых нямецкіх пазіцый, якую мы бачым вачыма капітана Валошына, загартаванага ў баях камандзіра. Абодва гэтыя творы даюць жывую карціну велізарных ахвяр, якія патрабаваліся ад савецкага народа з мэтай дасягнуць хоць невялікай перамогі над фашыстамі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны.
Аповесць «Воўчая зграя» спалучае два элементы, з якімі мы ўжо сутыкаліся вышэй, – а менавіта партызанскую тэматыку: спроба людзей выжыць у практычна немагчымых абставінах і сувязь мінулага з сучасным праз рэмінісцэнцыі, дзе мірны час адыгрывае ролю свайго роду абрамлення. Аповесць пачынаецца з таго, што галоўны герой Ляўчук, зараз чалавек сярэдніх гадоў, шукае дом трыццацігадовага мужчыны, якога ён выратаваў дзіцёнкам, але не бачыў з часоў вайны. Як часта бывае ў творах Быкава, гераізм застаецца непраслаўленым і неўзнагароджаным. Леўчука, пасля таго, як ён выратаваў дзіця коштам велізарных намаганняў, хутка паслалі на іншую партызанскую аперацыю, нягледзячы на ягоныя сур’ёзныя раненні, а потым, пасля ампутацыі рукі, адправілі даглядаць коней, і ён правёў у невядомасці канец вайны. У адрозненні ад гэтай аповесці «Пайсці і не вярнуцца» – гісторыя здрады: савецкі партызан, які верыў, што Сталінград падзе і вайна будзе прайграна, збягае ад сваіх таварышаў, спакушае маладую дзяўчыну, якая была партызанскай сувязной, і пасля спрабуе выкарыстаць яе, каб выратаваць сваю ўласную скуру. Розніца паміж прынцыповай дзяўчынай і яе «захопнікам» вельмі паказальная, аднак тое, што робіць кнігу асабліва цікавай – гэта пранікненне аўтара ў свядомасць дэзерціра, у разважанні, якімі ён апраўдвае свае дзеянні. Гэтыя чатыры аповесці 70-х з’яўляюцца выдатным узорам творчасці Быкава, дзе жахлівыя апісанні фізічных пакут не азначаюць, як меркавалі некаторыя ў гэты час, адыходу ад ягоных адносін да маральных прынцыпаў і звароту да больш традыцыйнай ваеннай творчасці. I ў кожнай з іх фактычна паказаны цэлы шэраг ідэй пра савецкі ваенны досвед і пра савецкі мірны час, пра характар нацыянальнай ідэнтычнасці (беларускай, рускай, нямецкай сярод іншых) і, як заўсёды, пра сапраўдныя і фальшывыя бакі гераізму, дваістую прыроду здрадніцтва і маладушша.
Пасля беспрасветнага застойнага перыяду канца 70-х – пачатку 80-х Быкаў у 1982 г. выдае адзін з найлепшых сваіх твораў – «Знак бяды». У нейкім сэнсе гэта быў пэўны адыход ад ягонай ранейшай творчасці, паколькі тут савецкія салдаты і партызаны, відавочна, не адыгрываюць ніякай ролі. Дзеянне адбываецца ў ваенны час і перададзена з вялікім майстэрствам, калі чытач знаёміцца з поўным трагізму жыццём немаладой пары, Петрака і Сцепаніды Багацькаў, якія жывуць на бедным хутары ў нядаўна акупаванай Беларусі і якія церпяць аднолькава як ад бесчалавечнасці немцаў, так і ад задзірлівых, набраных з мясцовых паліцаяў. У характары Петрака займаць пазіцыю найменшага супраціўлення і спадзявацца на тое, што іх няшчасці самі сабой хутка скончацца, у той час як Сцепаніда храбрэйшая і значна больш актыўная за яго ў сваім процістаянні несправядлівасці. Вельмі важныя ў гэтым рамане (і выдатна перададзеныя ў надзвычай удалым фільме, знятым паводле кнігі) рэтраспектыўныя сцэны, якія вяртаюць нас на дзесяць год назад, калі калектывізацыя не адно толькі разбурала сельскую гаспадарку і руйнавала жыцці, але і стварала цалкам новы, моцна незадаволены сацыяльны слой, які складаўся з дзяцей раскулачаных сялян, некаторыя з іх дзесяцігоддзем пазней ішлі служыць у паліцыю, што лічылі добрай магчымасцю адпомсціць савецкай дзяржаве.
Перыяд, пра які распавядае аповесць, – гэта пачатак вайны, калі нямецкая армія змятала ўсё на сваім шляху, як вынікае з размовы Сцепаніды з іншай вясковай кабетай, сын якой вярнуўся дамоў з фронту кантужаны:
«– Трудна?
– Ой, не кажы! Танкамі, кажа, душыць ycіx, а ў нас жа адны вінтовачкі, і тыя… Паразбягаліся каторыя па лясах, каторыя ў палон, а каторыя во дамоў, каму недалёка…».
Аднак больш адкрытым і, у нейкім сэнсе, больш важным для аповесці з’яўляецца зварот да тэмы калектывізацыі. Памяць пра тое, што здарылася дзесяцігоддзе таму, мела для сучаснасці рашучае значэнне ва ўсіх адносінах. Гэтая тэма ўзнікае на першых старонках кнігі пасля апісання закінутага і разбуранага хутара старой пары:
«Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.
Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым».
Жывая карціна калектывізацыі адрозніваецца сваім рэалізмам і дакладнасцю і малюе ролю фанатызму і несправядлівасці, павялічаных ў тысячу разоў, якія складаюць адно з велізарнейшых злачынстваў XX ст. У цэнтры твора – вясковы сход, на якім Гуж (чый сын пазней пайшоў у паліцаі) быў прыгавораны да паказальнага раскулачвання, не ў апошнюю чаргу дзякуючы актыўнаму ўдзелу партыйца Новіка, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у дачыненні да сваіх аднавяскоўцаў. Гэты момант варты таго, каб быць працытаваным цалкам:
«– Ну што, будзе паўнамоцна. Сельсавет, камбед, прадстаўнік акружкома – будзе паўнамоцна. Трэба рашаць. Ударыць па сабатажніках. А то развялі галавацяпства!.. Адкрывай сумеснае пасяджэнне.
– Гэта… Сумеснае пасяджэнне шчытаецца адкрытым, – прабурчаў Лявон і змоўк.
– Пытанне адно: адпор сабатажнікам калгаснага руху, – падказаў Новік. – Прадлагаю раскулачыць Гужова Івана. Як кулацкага падпявалу і сабатажніка.
Костачкамі пальцаў Новік прыстукнуў па абшкрэбанай сталешніцы, зірнуў на Сцепаніду, затым – працяглым позіркам на Лявона. Лявон узваліўся грудзьмі на стол і заціх.
– А па якой стацці? – запытаў ён, памаўчаўшы. – у Яго зямлі чатыры дзесяціны. Самы серадняк.
– Знаю, – сказаў Новік. – Яго ж надзел поруч з нашым. Зямлі не багата, сагласен. Але – сабатажнік. Сам жа ты казаў, што ён сарваў сход. Зрыўшчык, значыцца. Калі ўпрэцца, нічым не зрушыш. Ужо я яго ведаю».
Само галасаванне праводзілася маладым селянінам Ганчарыкам, толькі што вярнуўшымся з арміі, які ў хуткім часе пасля таго здзяйснае самазабойства, бо сорам за ўчыненае не дае яму жыцця. Так атрымалася, што гэты момант больш ясна падаецца ў арыгінальнай беларускай, чым у рускай версіі (такое цэнзураванне было ўласцівае да таго толькі рускім перакладам ранніх твораў Быкава 60-х гг.). Трагедыя працягваецца далей, калі нямога сына Ганчарыка немаведама за што забіваюць немцы. Старшыню Лявона пазней таксама арыштоўваюць уночы, і дзеці кажуць Сцепанідзе: «Ой, цётачка, ноччу ж Анціпа з Андрэем забралі – прыехала міліцыя і забралі, усё ператрэслі…». Думкі, падобныя гэтым, прыходзяць у галаву Сцепаніды, калі яна прыходзіць у сябе пасля абразаў з боку сына Гужа ды іншых паліцаяў:
«Усю тую доўгую ветраную ноч яна не заплюшчыла вока –ляжала, як дзеравянная, не палку пры печы, – думала. Думы былі бясконцыя, цяжкія, беспрасветныя, з безліччу пытанняў, на якія яна не знаходзіла адказаў. Нешта ў свеце заблыталася, перамяшалася, зло з дабром ці адно зло з другім, яшчэ большым злом. Ці, можа, у ёй самой што змянілася – перайначылася, надламілася, спапялела, спрахнула? Яна шмат чаго не разумела, але добра адчувала адно: так не павінна быць, не пачалавечы гэта, значыць, нешта трэба рабіць».
Сувязь паміж калектывізацыяй і вайной прасочваецца на працягу ўсёй кнігі: людзі думаюць, напрыклад, што замкнёнасць Карнілы абумоўленая тым, што ён быў дзесяццю гадамі раней рэпрэсаваны, хоць, на самой справе, ён, фактычна, ухітрыўся зажыць не горш за тых, хто застаўся ў калгасе, «а можа, і лепей». Аднак не так гэта бачыцца паліцаю, сыну Гужа, які марыць адпомсціць тым, якія «…тут раскашавалі, як мой бацька на Салаўках канаў». Большасць сялян верыла, што рэпрэсіі – гэта недагляд, памылка і што ўлады з гэтым пагодзяцца, як толькі пра ўсё даведаюцца. Аднак калі Сцепаніда выбіраецца збіраць подпісы пад петыцыяй аб Лявоне да Чарвякова, любімага ў народзе палітычнага лідэра, яна даведваецца, што Аўтух, чалавек, які заняў месца Лявона, не жадае падпісваць дакумент: «А скуль я ведаю, «урадзіцель» ён ці не. Калі органы ўзялі, дык нешта знаюць».
Не толькі адносіны да народа, аднак і паводзіны савецкіх улад на пачатку 30-х маюць шмат агульнага з фашысцкімі. Агульная падазронасць і варожасць паміж савецкімі салдатамі, якія апісаў Быкаў у такіх сваіх ранніх творах, як «Здрада» і «Мёртвым не баліць», мае свае карані, як паказвае аўтар у «Знаку бяды», у маральным распадзе, выкліканым сталінскай прымусовай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі. Існуе многа іншых важных паралеляў у гэтай надзвычай захапляючай аповесці, якая адначасова выступае і як выдатны ўзор беларускай прозы, і як жывое, псіхалагічна тонкае апісанне асобных людзей як ахвяр гісторыі. Гэтая аповесць ці не самая вяршыня ўсёй творчасці Быкава.
Наступны важны твор Быкава, «Кар’ер», упершыню апублікаваны ў 1986 г., таксама лучыць два гістарычныя перыяды, а менавіта вайну і сучаснасць. У гэтым плане ён блізкі да «Сотнікава» і «Абеліска», паколькі падкрэслівае ролю памяці, якая дапамагае не толькі пазбегчы дэградацыі, але таксама і стэрэатыпнасці. Хоць Быкава і высмейвалі такія рэакцыйныя ідэалагічныя выданні, як, напрыклад, «Политический собеседник», ён змагаўся супраць яўнай «папяровай» праўды, спрабуючы схапіць дух свайго часу ва ўсіх яго падрабязнасцях і унікальнасці і адлюстраваць тонкія нюансы пачуццяў і маральнага выбару, з якім сутыкаюцца галоўныя героі ў абсалютна безнадзейных сітуацыях. Гэтая гісторыя расказвае пра Агеева, параненага на вайне салдата, які мусіў даверыцца некалькім беларусам на акупаванай немцамі тэрыторыі. Закахаўшыся ў маладую дзяўчыну Марыю, ён выпадкова становіцца прычынай яе захопу і магчымай смерці пасля таго, як яны разам прымалі ўдзел у шэрагу рызыкоўных аперацый і трапілі ў цяжкае ў маральных і фізічных адносінах становішча, што нагадвае «Альпійскую баладу», напісаную амаль за чвэрць стагоддзя да таго, хоць і без рамантызацыі і спрашчэння, якія сапсавалі тую кнігу. Як і ў папярэдняй аповесці, на першы план выступае пытанне беларускай нацыянальнай самасвядомасці. У «Кар’еры» маладая гераіня з Мінска – сапраўдная беларуска, добра знаёмая з нацыянальным фальклорам і мовай. З іншага боку – Кавешка, былы калабарант, чые экстрэмісцкія погляды адрозніваюцца крайнім антысемітызмам, а злавесная знешнасць мае не шмат агульнага са знешнім выглядам іншых герояў рамана. У любым выпадку, савецкі супраціў нацыянальнай самабытнасці становіцца відавочным, калі Агееў узгадвае, як цяжка было быць беларусам у арміі, дзе ім пагарджалі з-за ягонай нацыянальнасці. У рамане даецца амаль жахлівае апісанне аблавы на мясцовых габрэяў, у тым ліку і жанчыну, якая была адной з тых, што выхадзіла Агеева.
У той частцы рамана, што прысвечана сучаснасці, пасталеўшы галоўны герой без перапынку капае на гарадскіх могілках, спрабуючы адшукаць хоць які-кольвечы намёк на лёс сваёй каханай дзяўчыны Марыі, якая знікла ў 1941 г., пасля таго, як ён адправіў яе, як аказалася, на гібельную справу. Калі ён вядзе раскопкі, да яго прыходзяць розныя людзі, у тым ліку і афіцыйныя мясцовыя «камісіі», ягоны далёкі ад яго і абыякавы сын Аркадзь і Сямён Сямёнаў, ветэран, які любіць выпіць і пагутарыць. Апісанне амаль донкіхоцкага ўчынку Агеева і розных ягоных наведвальнікаў перарываецца разгорнутымі ўспамінамі пра тыя часы, калі ён, паранены чырвонаармеец, апынуўся ў акупаванай беларускай вёсцы. Як і ў «Знаку бяды», паліцаі з’яўляюцца найвялікшымі ліхадзеямі, а тэма маладушша, выгады, вернасці і здрадніцтва стаіць на першым плане, як ва ўсіх ранніх творах Быкава. «Кар’ер» можна параўнаць з аповесцю «Сотнікаў», але пытанні эксплуатацыі, эгаізму і здрады не настолькі ясна акрэслены, і чытач вымушаны не проста падзяляць з героямі іх рашучы маральны выбар, але таксама разумець, што існуе безліч сітуацый, якія не маюць адзінага вернага выйсця, многа пытанняў, якія не маюць пэўных адказаў. I ўрэшце, знакамітая маральная непахіснасць Быкава, ягонае непрыманне кампрамісаў застаюцца такімі ж нязменнымі, як і раней. Такім чынам, нягледзячы на пэўны недахоп у «Кар’еры» напружання, мы бачым моцнае напружанне паміж маральнай пазіцыяй аўтара і ягонымі чалавечымі сімпатыямі і разуменнем, якое ён прыўнёс у апісанне сваіх персанажаў – ад герояў вайны да чыноўнікаў-бюракратаў з розных камісій.
Раман пашырае і ўдакладняе шэраг тэм і пытанняў, якія ўздымаліся ў ранняй творчасці пісьменніка, а таксама уздымае і некаторыя новыя тэмы. Сярод апошніх – матывы і ўмовы супрацоўніцтва з немцамі, пра якія расказвае са свайго ўласнага досведу сябар Агеева афіцэр Малаковіч, апраўдваючы шэфа паліцыі Драздзенку. Довады ветэранаў вайны, якія сачылі за галоўнай справай Сямёнава, залежаць ад таго, ці змагаліся яны на перадавой, ці знаходзіліся ззаду ў бяспечным штабе; раней Агееў тлумачыў Марыі недарэчнасць і несправядлівасць многіх ваенных узнагарод і званняў, якія раздаваліся (або не) ў ходзе вайны. Сляпы лёс ваеннага часу – таксама досыць блізкая творчасці Быкава тэма, выражаная ў «Кар’еры» з вялікай горыччу: «Сляпы ён, ваенны лёс, нічарта не выбірае. Каго папала косіць, часцей добрых людзей, а свалату якую не зачэпіць і куля».
Сярод праблем і пытанняў, упершыню ўзнятых у «Кар’еры», знаходзяцца пытанні, якія датычацца адносін да рэлігіі ў сталінскія часы. Няма нічога асабліва дзіўнага ў тым, што на пытанне Агеева, ці было яе жыццё цяжкім да вайны, Бараноўская, жонка святара, адказвае: «У наш час лёгкага наогул не было. I не магло быць. Але нам дасталося асабліва катаржнае». Больш цікавай, магчыма, падаецца яе размова з Агеевым пра веру, якая таксама пралівае святло на скажэнне літаратуры, якую вывучалі ў сталінскія часы:
«– Скажыце [пытаецца Агееў], вы дужа ў бога верыце?
– А ў што ж мне яшчэ верыць?
– I моліцеся? Ну, там і другія абрады выконваеце?
– Абрады тут ні пры чым. Верыць у бога – зусім не значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй – мець бога ў душы. I паступаць адпаведна. Адпаведна сумленню, гэта значыць па-боску.
Яна змоўкла, седзячы за сталом насупраць, і ён падумаў, што ўсё ж, мабыць, не надта разбіраецца ў гэтай рэлігіі, аб якой пачаў гутарку. Сапраўды, што ён пра яе ведаў? Хіба тое, што яна – опіум для народа.
– Вы святое Евангелле чыталі? – запытала Бараноўская, уставіўшыся ў яго ўважлівым паглядам нябачных у прыцемку вачэй.
– Не, не чытаў. Таму што…
– Ну, зразумела. А, напрыклад, хоць бы Дастаеўскага чыталі?
– Дастаеўскага? Чуў. Але ў школе не праходзілі.
– Не праходзілі, канечне. А гэта ж вялікі рускі пісьменнік. Нароўні з Талстым.
– Ну, пра Талстога я ведаю, у Талстога было шмат памылак, – сказаў ён, узрадаваўшыся, што ужо тут трохі ведае. – Напрыклад, непраціўленне злу».
У рамане «Кар’ер» таксама значна паўней, чым у больш ранніх творах Быкава, абмяркоўваюцца праблемы штодзённага савецкага жыцця і іх прычыны, такія, як, напрыклад, хранічны дэфіцыт бензіну, але больш важным унёскам у ваенную літаратуру з’яўляюцца вельмі трапныя разважанні пра адрозненне паміж грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайной, асабліва ў адносінах да чалавечага жыцця: у Вялікую Айчынную «жыццё чалавечае не падаражэла цаной і, мабыць, ужо не падаражэе ніколі». Магчыма, звязаны з гэтым феномен супрацоўніцтва з ворагам па пэўных прычынах – альбо так гэта здавалася схільнаму да разважанняў Агееву – не існаваў у часы грамадзянскай вайны.
Следам за «Кар’ерам» выйшаў, магчыма, самы змрочны твор Быкава – аповесць «У тумане» (1987). Туман у назве служыць метафарай маральнага замяшання, якое ўзнікае ў выніку спалучэння жорсткіх ваенных умоў, вераломства фашыстаў і скажонага савецкага менталітэту, які мы звязваем са сталінізмам. Кароткі змест гэтай аповесці, дзеянне якой адбываецца на другі год вайны, з’яўляецца тлумачэннем значэння і так празрыстай назвы твора. Два партызаны, Бураў і Войцік, атрымалі заданне забіць Сушчэню, рабочага-чыгуначніка, які, як памылкова меркавалася, выдаў сваіх таварышаў, разам з каторымі павінен быў пусціць пад адхон нямецкі цягнік з боепрыпасамі. Пасля страшэнных катаванняў і беспаспяховых спроб завербаваць яго ў якасці асведамляльніка, паліцаі каварна выпусцілі Сушчэню, публічна павесіўшы ягоных таварышаў, такім чынам зрабіўшы яго здраднікам у вачах усіх людзей. Два партызаны выхапілі яго з дому і павялі ў лес, каб забіць, але паступова да Бурава пачынае даходзіць, што ягоны сусед Сушчэня не здраднік, тым не менш ягоны бязлітасны напарнік не верыць у невіноўнасць Сушчэні. У выніку партызан забіваюць у сутычцы паліцаі, нягледзячы на смелыя спробы іх ахвяры выратаваць іх, а Сушчэня пасля таго вымушаны пайсці на самазабойства, паколькі ніхто зараз ўжо не паверыць у ягоную невіноўнасць і ягонае існаванне можа стварыць небяспеку жыццю жонкі і дзяцей. Героі блукаюць у тумане амаральнасці, дзе толькі злы лёс, здаецца, мае сілу: такім чынам, дабрадзейнасць і адвага пазбаўлены ўсялякага сэнсу.
Персанажы гэтай трагедыі бездапаможнасці – відавочны прадукт савецкай культуры: нават Бураў спачатку без ваганняў збіраецца забіць таго, каго ён ведаў і любіў усё сваё жыццё. Для яго велізарным маральным дасягненнем з’яўляецца сумненне ў праваце загаду, які ягонае выхаванне прымушае выконваць без аніякіх пытанняў. А Войцік, з іншага боку, лічыць здраду і падазронасць натуральнымі рэчамі і мысліць абсалютна сталінскімі клішэ і формуламі. Сушчэня таксама вельмі савецкі герой у сваім прыманні «віны без віны» і ў сваёй пакорнасці непазбежнасці лёсу, нягледзячы на тое, што па натуры ён рашучы і храбры чалавек. Аповесць Быкава не толькі надзвычай змрочная, яна таксама выносіць абвінавачанне савецкаму рэжыму, які зрабіў усё для стварэння homo sovіetіcus.
У канцы 80-х – пачатку 90-х Быкаў рабіў усё, каб падтрымаць нованароджаны, аднак хутка падаўлены дэмакратычны рух за нацыянальнае адраджэнне Беларусі. З часу распаду Савецкага Саюза ён часта выказваў апазіцыйныя погляды, калі ягоная краіна стала ўсё больш і больш варожа ставіцца да нацыянальных ды дэмакратычных перакананняў і ўрэшце апынулася ў стане эканамічнага крызісу ў спалучэнні з рэпрэсіўнай таталітарнай палітыкай. Нягледзячы на важнейшую грамадзянскую ролю Быкава, ён працягваў плённа пісаць і ў 90-я: адной з найбольш цікавых прац гэтага перыяду была аповесць «Пакахай мяне, салдацік» (1996). Два галоўныя героі – беларусы з адной мясцовасці, што, натуральна, не магло не зблізіць іх. Франя, чыё прозвішча не называецца, – прыслужніца, тады як Змітрок Барэйка – вельмі тыповы для Быкава персанаж – малады лейтэнант, ад імя якога расказана гэта гісторыя. Пасля вельмі рознага даваеннага і ваеннага досведу яны сустрэліся ў апошнія дні вайны і пакахалі адзін аднаго, але гэтая гісторыя, як і многія творы аўтара, заканчваецца трагічна. Барэйка нарадзіўся ў вёсцы і зведаў у дзіцячыя гады многа гора да таго, як на пачатку вайны быў прызваны ў армію, скончыў ваенную школу і трапіў на перадавую. Бацька Франі, наадварот, узначальваў у Мінску НКУС і быў сябрам сумнавядомага Ф. Дзяржынскага. Аднак у 1938 г. яго рэпрэсавалі, а ягоную жонку прымусілі публічна адрачыся ад яго. На пачатку вайны яна ў хуткім часе ўступіла ў партызаны, але была схоплена і павешана фашыстамі. Франя таксама парвала з партызанамі пасля таго, як камандзір лагера зрабіў яе жыццё проста невыносным. Яна ўцякла, ледзь пазбегшы помсты партызан. Заняўшы месца сяброўкі, якую павінны былі везці на прымусовыя работы ў Нямеччыну, Франя, пасля паездкі ў вагоне для перавозкі скаціны, замест чаканай страшнай долі ў адным з падземных нямецкіх хімічных заводаў становіцца прыслужніцай бацькоў нямецкага афіцэра, – старая пара адносіцца да яе амаль як да роднай дачкі. Калі Савецкая Армія прыходзіць у горад, а разам з ёй і вышэйшыя ваенныя чыны і палітычныя камісары, ласыя да пажывы, якія з падазронасцю адносяцца да Барэйкі і ягонага сяброўства з нацыянальна свядомай беларускай, невядомыя марадзёры гвалцяць і забіваюць Франю разам з яе нямецкімі гаспадарамі і абаронцамі. Лейтэнант Барэйка, поўны беларускага патрыятызму, з якога ён чэрпае натхненне і сілу, прыходзіць, каб забраць Франю, аднак ужо занадта позна.
Пытанне беларускай нацыянальнай самабытнасці адкрыта ставіцца амаль ва ўсіх мастацкіх і немастацкіх працах Быкава, і яшчэ адзін позні твор разглядае гэтае пытанне ў гістарычным кантэксце, тое, да чаго аўтар прыйшоў апасродкавана ўжо раней. «На чорных лядах» (1994) – першае апавяданне трылогіі, якое адлюстроўвае падзеі, што адбываліся ў Беларусі ў 1920 г., а менавіта вядомае Слуцкае паўстанне супраць бальшавікоў. Дзеянне разгортваецца ў апошнія дні існавання невялікай групкі беларусаў рознага паходжання (ад белага афіцэра да беззямельнага селяніна), аб’яднаных магутным пачуццём сваёй агульнай нацыянальнай прыналежнасці. Пытанне, якое перадусім хвалюе іх – таксама як і Быкава ў 90-я – чаму большасць беларусаў пасіўна прымае свой лёс. Кансерватыўныя, недаверлівыя, нясхільныя да зменаў і паслухмяныя, яны, здаецца, патураюць чужым сілам, будзь то бальшавікі ў 1920 г. ці русіфікатарскае, дэмакратычна абранае кіраўніцтва ў 1994-м. Як часта здараецца ў творах Быкава, у змрок немінучай трагедыі ўносіцца элемент аптымізму. У гэтым апавяданні паўстанцы вырашаюць здзейсніць самазабойства і схаваць свае целы так, каб іх немагчыма было ідэнтыфікаваць, і выратаваць такім чынам сваіх родных ад праследавання бальшавікоў. Разважанні апавядальніка, які з’яўляўся лідэрам групы, падводзяць рысу пад гэтай вельмі істотнай праблемай:
«Але добра яшчэ, калі ўсіх пераб’юць. А калі каго возьмуць параненым, непрытомным, павязуць у горад ды пачнуць вызнаваць, чый, каму якая радня, хто бацькі, жанкі, дзеці? Тады што? Не, яны даўно ўжо ведалі, што пагібель – не найгоршае з усяго, што нарыхтаваў ім іхні паўстанцкі лёс. Горш, калі яны, гінучы, пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго па сутнасці распачалі ўсё тое. Нават забітымі яны не знойдуць паратунку ад бальшавікоў».
Аптымізм твора звязаны з пятнаццацігадовым хлопчыкам Валодзькам, якога паўстанцы пакідаюць працягваць барацьбу за палітычную і нацыянальную свабоду пасля таго, як самі вымушаны ахвяраваць сабой дзеля агульнай справы.
Другое апавяданне 1994 г. мае назву «Перад канцом». Ахвярамі рэжыму тут выступаюць белы паручнік Глушкевіч, арыштаваны і кінуты ў засценак чэкістамі, а таксама ягоныя сакамернікі: Блатняк, Эсэр, Стары і Маўчун. Адсутнасць уласных імёнаў падкрэслівае тыповасць іх лёсу ў руках бальшавікоў: гэта ў нейкай ступені адносіцца і да поўнай адсутнасці імёнаў і прыватных дэталяў, звязаных з бальшавікамі, у першым апавяданні «На чорных лядах». Сцэнарый пабегу распрацаваны, і Глушкевіч становіцца галоўным арганізатарам, аднак паловы вядра кашы-пярлоўкі аказваецца дастаткова, каб прымусіць Блатняка і Эсэра адмовіцца ад сваіх планаў. Стары назірае за тым, што адбываецца, з характэрна беларускай пасіўнасцю, нават бездапаможнасцю, аднак Глушкевіч выносіць свой прысуд:
«– Мала што скаты! Вы яшчэ і падляцы! – з раптоўнай адвагай сказаў паручнік, адчуўшы, што нешта назаўжды адразае ў сваім жыцці. Паправіць ці перайначыць ужо не будзе магчымасці. Ды ён і не хацеў перайначваць, ён пайшоў напралом».
Маральныя прынцыпы пастаўлены на першы план і ў трэцім апавяданні гэтай трылогіі, «Бедныя людзі» (1994), назва якога, несумненна, пераклікаецца з назвай рамана Ф. Дастаеўскага, з якім часам параўноўваюць Быкава. У той час, як рускі тонкі эпісталярны раман дае магчымасць рабіць розныя інтэрпрэтацыі, Быкаў з мэтанакіраванай дакладнасцю хірурга робіць псіхалагічнае даследаванне савецкай амаральнасці, абумоўленай страхам. У апавяданні прафесар Скварыш, спецыяліст па тэорыі марксізму-ленінізму ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, праважае свайго аспіранта Краснянскага, глыбока засмучаны думкай пра тое, што гэты аспірант можа быць правакатарам і даносчыкам. Справа ў тым, што Скварыш, нягледзячы на свой увогуле канфармісцкі характар, стаў нечым кшталту «дысідэнта» і таму знаходзіцца пад пастаянным наглядам з боку камуністычных улад. I ўсё гэта нягледзячы на тое, што ён ніколі не паказваў нават слабага намёку на лібералізм і дысідэнцтва. Адзінай ягонай памылкай было тое, што ён аднойчы пераказаў двум сваім сябрам змест праграмы, якую ён слухаў па Бі-бі-сі ў папярэднюю ноч. Зараз прафесар пакутуе ад таго, што не ведае, хто з ягоных сяброў данёс на яго. Быкаў апісвае ягоныя маральны і псіхалагічны стан з непарушнай аб’ектыўнасцю: прафесар узгадвае, як дзіцём шкадаваў мядзведзя ў клетцы, і разумее, што зараз ён патрапіў у такую ж пастку: «Цяпер сам ён ці не ў гэткім становішчы. У клетцы. Толькі яму ці паспачувае хто? Апроч хіба гэтага аспіранта Краснянскага». Апошні для Скварыша застаецца загадкай – выказвае ён шчырую сімпатыю ці з’яўляецца правакатарам? Ягоны папярэдні вопыт прымушае яго верыць у другую з гэтых альтэрнатыў, і ён даносіць на Краснянскага ў КДБ за рэчы, якія той, як здаецца, казаў у час свайго візіту. Быкаў заканчвае гэтую абсалютна тыповую савецкую гісторыю пра падазронасць і здрадніцтва вельмі горкімі словамі: «Бедны, няшчасны аспірант Краснянскі. Бедны, няшчасны прафесар Скварыш».
У нашым аглядзе мы яшчэ не сказалі пра тое, якую ролю адыгрывае ў большасці твораў Быкава беларуская прырода. У творы «Пакахай мяне, салдацік» апавядальнік з глыбокім лірызмам гаворыць пра родны куток як пра крыніцу свайго натхнення: «Там была мая радзіма – без гор і прыгожых збудовак, са сваім мілым для мяне зялёным хараством». У іншых сваіх працах, сярод якіх «Сотнікаў» і «Дажыць да світання», аўтар паказвае высокае майстэрства ў апісанні суровай прыроды: непралазнага ляснога гушчару, раскіслага альбо падмёрзлага поля, дрыгвы, дажджу, снегу і лютага холаду.
Васіль Быкаў не толькі аўтар ці не найбольш выдатных узораў беларускай літаратуры XX ст., але таксама чалавек, які мае надзвычай вялікую грамадзянскую і нацыянальную важнасць для сваёй шматцярплівай краіны. Не дзіва, што ён з’яўляецца выразнікам многіх спадзяванняў і апасак інтэлігенцыі і ў сваіх публіцыстычных працах, і, у першую чаргу, у сваіх выбітных мастацкіх творах.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.