Творчасць Язэпа Пушчы

Язэп Пушча

  У канцы 20-х і пачатку 30-х гадоў у Савецкім Саюзе эканамічнае і культурнае жыццё пачало пераводзіцца на рэйкі жорсткага таталітарызму. Пачаліся беспадстаўныя рэпрэсіі. Многія пісьменнікі па фальшываму прысуду былі расстраляны, а іншыя, хто выжыў і вярнуўся, пасля шматгадовых пакут у страшных умовах сталінскіх ГУЛАГаў нібы нанова ўступяць у літаратуру.
  Язэп Пушча — прадстаўнік «вернутай» (рэпрэсіраванай) літаратуры. Тонкі лірык, эксперыментатар у галіне вобразнасці, рытмікі, мелодыкі, псіхолаг, які мог перадаць найтанчэйшыя псіхалагічныя зрухі чалавечай душы: «Раскаяннем сэрца ніяк не расчулю, Ад болю не рвецца, сціскаецца ў камень», па сіле трагедыйнага пачуцця, па захапленню імажынісцкай вобразнасцю амаль роўны любімаму ім Ясеніну (у аўтабіяграфіі ён прызнаваўся, што захапляўся творчасцю гэтага выдатнага мастака слова) — такім увайшоў пясняр у грамадскую свядомасць. Увайшоў, каб застацца мастаком слова з «неагульным выразам твару», наватарам, а ў асобных творах (паэма «Цень Консула» (1928), цыкл вершаў «Асеннія лісты», вершы са зборніка «Песні на руінах» (1929)) прарокам нялёгкай народнай будучыні.
  Раннія публікацыі ў друку з’яўляюцца ў 1922 г., і хутка выходзіць кніга лірыкі таленавітага майстра «Раніца рыкае». Першыя крокі творчасці звязаныя з дзейнасцю самага масавага літаратур-нага аб’яднання «Маладняк», адным з арганізатараў і стваральнікаў якога разам з сябрам Міхасём Чаротам, Алесем Дударом, Анатолем Вольным і іншымі ён і становіцца. Тым часам даводзіцца працягваць вучобу ў БДУ (1925-1927), у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, пасля пераводу ў які ў 1929 г. закончыў чатыры курсы. Мяняецца жыццё, сталеюць погляды на задачы мастацтва, адзін за адным выходзяць зборнікі паэзіі «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах», якія сведчаць пра паглыбленні маральна-этычных і палітычна-сацыяльных уяўленняў іх аўтара ранняй пары. Адчуванне складанасці і неўладкаванасці чалавечага жыцця замяняе ружовую і светлую летуценнасць, стасункі да сябе, узрастаюць патрабаванні да мастацтва слова. Трывогай напаўняюцца многія творы — пра народ, Радзіму, адзіноцтва, пакуты душы. Паэт канфліктуе з былымі сваімі таварышамі-«маладнякоўцамі», уступае ў «Узвышша», імкнецца ствараць наватарскае ў вобразна-выяўленчым плане мастацтва, павышае культуру творчасці, беручы за эталон пошукі Сяргея Ясеніна. Вулыарна-сацыялагічная крытыка накідваецца на яго ў ліку першых, вінаваціць ва ўсіх цяжкіх грахах: упадніцгве настрою, песімізме, дробнабуржуазнасці, прыклейвае яму ярлык нацдэма. Чорным павоем ахутваецца імя чалавека, які хацеў выказацца па-свойму, шчыра раскрыць прычыны разлому ў грамадскім жыцці і ўласнай душы. Аднак трагедыйны настрой расцэньваўся тады як злачынства.
  Ранні перыяд творчасці Язэпа Пушчы выразна пазначаны стылістычнымі канцэпцыямі «Маладняка», абвешчанай гэтым літаратурным аб’яднаннем дэкларацыяй на стварэнне ўрачыстай, радаснай песні сацыялістычнаму будаўніцтву, праявай новага ў жыцці. Але і ў межах літаратурна-тэарэтычных маладнякоўскіх установак паэзія юнака з Каралішчавіч вызначалася пэўнай адметнасцю. Вядома, у гэты перыяд у яго вершах пераважае «чыста» маладнякоўская вобразнасць.
  Аднак ўжо у гэты час Язэп Пушча пастаянна заглыбляецца у сферу інтымнага, асабістага, патаемнага і забароненага, паказвае агульнае праз канкрэтнае, індывідуальнае, асабіста перажытае. У яго няшмат вершаў на вытворчую тэматыку, якім аддавалі перавагу Цішка Гартны, Міхась Чарот ды іншыя мастакі. Наадварот, ён лічыць сябе «паэтам лучын», «сынам дубровы круглалістай» і ўступае ў палеміку з фармальна-афіцыйнай урбаністычнай тэндэнцыяй у літаратуры як вынікам палітызаванага патрабавання паэтызаваць рабочы клас як вядучы клас грамадства:

 

Жыццё ж бывае часта рубам, —
Ну, дык аб чым жа пець сягоння нам?
Ці ж толькі аб дабрачынных трубах,
Што дымяцца між жалезных брам?

«Я сын дубровы круглалістай…»

  Як паэт ён увесь у прыродзе, жывой, зменлівай, залітай промнямі сонца, веснавой і восеньскай, зімовай і летняй, радаснай і засмучонай, але ў аснове сваёй гарманічнай і суразмернай. Тут у яго нараджаецца радасная надзея на лепшае, тут выбліскваюць прасветліны добрых памкненняў і спадзяванняў.
  Прырода ў Пушчы, як і ў класікаў нацыянальнай літаратуры Купалы, Коласа, Багдановіча, вельмі часта ўцягваецца ў вір сацыяльных праблем, не абыякавая да таго, што робіцца ў свеце, не ізаляваная, не адгароджаная ад свайго часу: праз асабістае ўспрыманне прыроды, часам глыбока інтымнае, паэт выражае і глыбока сацыяльнае. Пра гэта сведчаць раннія вершы паэта, датаваныя 1922-1924 гг.: «Рэчанька не спіць», «Не пагасла», «Радзіма і сонца», «Я раніцы кланяўся ў пояс», «Раніцу шчэбет пільнуе», «Песня сонцу», «Вясна».
  Пазіцыя паэта, яго адносіны не толькі да прыроды, але і да жыцця наогул выяўляюцца ўжо ў загалоўках твораў, што грунтуюцца на раскрыцці і мастацкім тлумачэнні вобразаў-сімвалаў сонца, раніцы, вясны. Менавіта гэтыя міні-вобразы дамінуюць у ранняй лірыцы песняра. Зрок паэта на ўсё, што адбываецца ў жыцці, пераламляецца ў гэтых вобразных знаках, а іх змест знаходзіцца ў руху, у дынаміцы, перадае хваляванне, неспакой, імкненне наперад. Напрыклад, у вершы «Вечна…» (1926) душэўнае суладдзе лірычнага героя з прыродай пабуджае яго да душэўнай шчырасці, падаграе яго спавядальны пераскок да праблем грамадскага жыцця.
  Паэт надзвычай чуйны да навакольнага жыцця, да тых з’яваў, якія народ прызвычаіўся адухаўляць у фальклоры. Памяць народа, вопыт народа становяцца яго памяццю і вопытам.
  Вершы «Раніца», «Песня сонцу» (абодва — 1923) на першы погляд таксама чыста пейзажныя замалёўкі. Аднак пры ўсёй выразнасці, закончанасці створаных у іх малюнкаў, пры ўсёй адухоўленасці, якая дасягаецца высокай ступенню метафарычнасці («Бярозка усміхаецца, цалуючы прамень»; «З сявенькай працы на плячах Ратай яго спаткаў. Уцеха сонца у вачах і ў росах кожнага лістка»; «Прамяніся, сонейка, у полі, — Крынічнай вадзіцай цябе мы напоім»), галоўнае ў гэтых творах — гарманічны, некалькі ўрачысты аўтарскі настрой, выкліканы тым, што, нарэшце, сонца асвяціла неабсяжныя зямныя прасторы, агарнула ласкай палі, лясы і лугі, акрыліла хлебароба, натхніла яго на працу, змяло «плаксівую смугу». Менавіта ў пейзажных вершах ўскладняецца лірычнае пачуццё, адбываецца сплаў прыватнага і агульнага, канкрэтнага і абстрактнага, якога так не ставала паэзіі 20-х гадоў.
  Верш «Я раніцы кланяўся ў пояс» (1924) адносіцца да ліку аўтабіяграфічных твораў. Вялікае значэнне надаецца ў ім рэаліям з асабістага жыцця паэта: «Апрануты латаным зрэб’ем, У хаце сялянскай я вырас». Ён ужыты ў першай і паўтораны ў апошняй страфе. На яго нанізваюцца і іншыя вобразы-рэаліі сялянскага жыцця: «Сахою я гонейкі песціў»; «Падпаскам, ганяючы быдла, Я раніцы кланяўся ў пояс»; «I ветры мяне калыхалі ў ядрана-жытняй пасцелі». Менавіта такія рэаліі, трапныя мастацкія дэталі сведчаць пра сталасць мыслення маладога Пушчы, пра яго вучобу ў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
  У ранняй лірыцы Язэпа Пушчы сустракаюцца і вобразы, «замкнёныя самі ў сабе», сэнс якіх трэба разгадваць як рэбус. Верш «Мне чупрыны не хочацца звесіць» (1924) пачынаецца кідкімі тропамі, «прыдуманымі» эпітэтамі:

 

Беланогі, расчухраны месяц
Лявоніць у лісці кляновым.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

  Кожны троп — самамэтны, разлічаны на знешні эфект, на знешняе зрокавае ўспрыманне, на арнаментальнае аздабленне думкі пра тое, што паэту не хочацца сумаваць. Кожны эпітэт у вершы надзвычай цяжка суадносіцца з рэчаіснасцю: узнікаюць і згасаюць ледзь улоўныя сітуацыі, галоўная з якіх так і не прасвечваецца да канца. Цяжка ўявіць, напрыклад, што месяц — беланогі. «Аўсяна-зялёны» вечар — гэта яшчэ так-сяк. Зацемненасць — вынік толькі фармальнага, «экзатычнага», а не удумлівага, сур’ёзнага эксперыментатарства. Паэт заклікае паплавы «веснавеяцца», а песні — «закаласіцца». Адчуваецца, што ўсе сродкі мастацкай выразнасці ў ранняй паэзіі Язэпа Пушчы падпарадкаваны задачы стварэння вясковага каларыту, паказу незвычайнага, патаемнага, а часам і «стракатага» пейзажу. I ў дадзеным выпадку ўплыў Сяргея Ясеніна відавочны. Атрымліваецца амаль так, як і ў рускага паэта, але толькі з адной, вельмі істотнай розніцай: у Ясеніна падобны пейзаж з’яўляецца зусім натуральным у кантэксце яго «разломнага», трагедыйнага мыслення ў цэлым, адной з формаў раскрыцця лірычнага характару, а ў Пушчы за гэтым пейзажам слаба праглядваецца індывідуальны лірычны характар.
  Такім чынам, ужо на самым пачатку дарогі паэт адмаўляе прыземленае, натуралістычнае мастацтва. Дух пратэсту супроць традыцыйнага пісьма апаноўваў яго, штурхаў на пошукі новай літаратурнай вобразнасці, выяўленне дадатковых магчымасцей слова. Падобную асаблівасць яго індывідуальных пошукаў заўважыў тонкі знаўца літаратуры Максім Гарэцкі. Ён прыгадаў у сваім артыкуле «Беларуская літаратура пасля «Нашай нівы» прозвішча Язэпа Пушчы ў сувязі з імажынізмам: «Шуканне і навізна выявіліся ў беларускай літаратуры пасля Кастрычніка, найперш, у імажынізме. Але (…) беларускі імажынізм неяк сам сабою знік, як нешта асобнае, і перайшоў, напрыклад у Пушчы, у зусім здаровую і патрэбную творчасць арыгінальных слоў і вобразаў».
  Сапраўды, ранняя творчасць Язэпа Пушчы, асабліва зборнік «Раніца рыкае», поўніцца пошукам арыгінальных мастацкіх вобразаў-дэталяў, тропаў, пластычных і разам з тым поўных неадназначнага сэнсу малюнкаў. У многіх вершах адчуваецца эксперыментатарства, імкненне дабівацца філіграннай адточанасці і слова, і рытмікі, і гукавой арганізацыі верша. Самы ўлюбёны яго вобраз гэтай пары — вобраз раніцы:

 

Раніца
Ў полі рыкае
Ў зялёную сінь.
Раніць
Грудзі рака ёй.
Вісне вясны каласнік.

«Вясновае»

  Кожны вобраз-дэталь тут мае сэнсавае значэнне і з’яўляецца мастацкай знаходкай. Сапраўды, арыгінальны змест мае і традыцыйны вобраз раніцы, якая рыкае ў полі, пачутая, а не толькі ўбачаная. Аднак перанасычанасць верша разумовымі вышукамі, тым больш калі іх зашмат, звычайна не робіць верш глыбокім па настрою, пачуццю, лірычнаму перажыванню. У ім губляецца агульная думка.
  Так і атрымалася, што самая ранняя лірыка Язэпа Пушчы часта распадаецца на асобныя састаўныя міні-часткі, прыгожыя і яркія, але слаба сцэментаваныя філасофскай ідэяй: «песняю поўдзень аўсяніць», «сэрца руняць аўсяныя рытмы ў вечар дажынкавы, буйны», «з-за лесу ды дзень белапенны», «марозныя далі — сочнавішнёвыя грудзі». I як не сцягваюцца ў адзіны сэнсавы клубок усе астатнія вобразы-сімвалы (дарэчы, даўно вядомыя, рамантычныя ў аснове) — сонца, дзень, вецер, бярозы, поле, — свет у ранняй паэзіі маладога аўтара рассыпаецца на асколкі, і на фоне гэтых асколкаў паўстае асоба самога аўтара — захопленага жыццём юнака, сентыментальна-расчуленага ад любавання прыродай і некалькі расслабленага. Падобная расслабленасць у спалучэнні з зухаватасцю была адзнакай добрага тону ў паэзіі сярэдзіны 20-х гадоў і сведчыла пра запраграмаванасць у ёй лірычных хадоў і матываў, пра перыяд вучнёўства, захопленасць імажынізмам, новымі, раней мала ўласцівымі ёй наватарскімі пошукамі.
  Язэп Пушча ў ранніх творах хоць і выступіў як наватар, але часта паўтараў купалаўскі і коласаўскі матыў любові да роднай прыроды і краю, аздабляючы тым не менш свае вобразы моднай на той час, некалькі экзатычнай квяцістасцю:

 

Туляўся ў выбоінах грэблі
Заплаканы променя вырыс.
Апрануты латаным зрэб’ем
У хаце мужычай я вырас.
Падслухаў там родныя песні,
Як пелі дажынкамі жнеі.
Сахою я гонейкі песціў,
Кілзаючы сонца ў шлеі.

«Я раніцы кланяўся ў пояс»

  У вершы побач стаяць абсалютна разнародныя радкі: пра незвычайную прыроду і звычайнага чалавека-працаўніка; пра «заплаканы променя вырыс», закілзанае ў шлеі сонца і песні жней; пра саху, якой араты песціць зусім рэальныя «гонейкі». Адчуваецца, што паэт свядома дэкларуе сваё непадабенства да іншых і надзвычай ганарыцца гэтым. Адсюль — уяўнае бунтарства і пратэстанцтва («мне чупрыны не хочацца звесіць»), жаданне ўбачыць у свеце нерэальнае, незвычайнае, што можа страчваць сувязь са сваёй прадметнай асновай.
  Такім чынам, ранняя лірыка Язэпа Пушчы цікавая найперш эксперыментальным пошукам магчымасці новых слоўна-выяўленчых сродкаў. Аднак гэты пошук не выходзіць далёка за межы знаёмых у паэзіі з’яваў і прадметаў. Аднак ім, бадай што, сілком нададзена дзіўная прыгажосць. Першы зборнік — у многім вучнёўскі, эксперыментальны і сведчыць пра тое, як самамэтны фармальны эксперымент можа не толькі станоўча, але і адмоўна адбівацца на паэзіі ў цэлым.
  Другі этап творчасці паэта ўмоўна можна вызначыць 1926-1927 гг. Яго творчасць набыла новыя адзнакі: сталейшым, глыбейшым стала мысленне, і ўвогуле ўзрасла роля аналітычнай думкі. Адчуванне радасці жыцця нібы прытупілася, мастак пачаў задумвацца над унутранай сутнасцю рэчаў, пераасэнсоўваць свае адносіны да свету і да сябе. У стылёвых і ідэйных адносінах узмацняюцца такія фактары, як натуральнае спалучэнне светлых і змрочных фарбаў, што ўласціва рэальнаму жыццю. Афарыстычнасць мацнее ад твора да твора, відавочная перавага вобразаў-дэталяў, што раскрываюць «пагранічны стан прыроды і душы», — вобраз раздарожжа, крыжа і ўкрыжавання, восені пахмурнай раніцы, сутоння і вечаровых прыцемкаў, узлесся, сумежжа паміж дабром і злом. Менавіта непазбежная пераходнасць духоўнага стану, спроба знайсці сябе ў шырокай (зямной, агульнапланетарнай, нават касмічнай) і вузкай (дом, сям’я, няўтульная, з камяніцамі гарадская вуліца) прасторы, у межах вялікага і малога часу (паводле формулы М. Бахціна) і выводзіць Язэпа Пушчу ў гэтыя гады на шлях суб’ектыўнай, індывідуалізаванай, незалежнай ад прынятых на той час сацыяльных пастулатаў творчасці. На гэты час паэт паступова адасабляецца ад «Маладняка», выходзіць з яго і разам з Кандратам Крапівой, Кузьмой Чорным, Уладзімірам Дубоўкам, Адамам Бабарэкам стварае аб’яднанне «Узвышша», мэта якога — захаванне і памнажэнне папярэдне выпрацаваных традыцый, высокая культура творчасці, намаганні ў стварэнні высокага, сапраўднага, а не дылетанцкага мастацтва слова. Выпрацоўцы іншых, філасофска-паглыбленых поглядаў на рэчаіснасць спрыяла таксама і вучоба ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, куды ён перавёўся з БДУ, дзе ўзровень інтэлектуальнага жыцця быў надзвычай высокім.
  Пераходны ад мажорнага ў цэлым да філасофска-аб’ектыўнага ў сваіх вытоках настрою двухгадовы перыяд творчасці Язэпа Пушчы складаюць творы са зборнікаў «Vita» і «Дні вясны». Першы ў перакладзе азначае «жыццё». Сам паэт у прадмове тлумачыць паходжанне назвы кнігі, якая з’явілася пасля сустрэчы ў траўні 1923 г. з паэтам Н. Чарнушэвічам і крытыкам А. Бабарэкам, калі сябрам захацелася вызначыць назву кірунку ў тагачаснай беларускай літаратуры, «разгадаць яе заўтра». «Кожны з нас больш-менш пагаджаўся, што чарговае яе заданне — сінтэз, СТРОЙНАЯ СУГУЧНАСЦЬ РАМАНТЫЗМУ ЖЫЦЦЯ З ЯГО РЭАЛІЗМАМ (вылучана ў Язэпа Пушчы), і гэта мы хацелі назваць словам «Vita» — жыццё — «вітавізм». Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў — «Жыццё», «Мелодыі», «Сугучнасць» і «Нашы дні». Заўважаецца, што назвы адцягнена-філасофскія, яны арыентуюць чытача на ацэнку з’яў у святле вечных катэгорый. Роздумнасць выступае тут апанентам апісальнасці і выцясняе яе амаль канчаткова. Назіраецца дыктат думкі ў абсалютнай большасці твораў. Гэта відаць ужо з першага верша: «Жыццё! — суровасць і закон…», якім пачынаецца кніга. Паэт спрабуе даць у ім ацэнку жыццю, у якім спалучаюцца «суровасць» і «закон», яму мроіцца «сонцавейная сяўба», радасць, вясна. Ён шукае адзнакі «надрання эры» (зноў памежная сітуацыя, пераходны вобраз), але суровая рэальнасць разбівае яго ўражанні і прыніжае настрой. Калі ў першым паэтычным зборніку рамантычная мара і не менш рамантычная вера ў гармонію рэчаіснасці перамагалі, то ў другім яны нібы сутыкнуліся з рэальнай явай і спыніліся на палове дарогі, сталі на тым рубяжы, за якім здарыцца (крыху пазней) трагедыйны разлад мастака са светам, з людзьмі, з самім сабой — ранейшым.
  Раўнавага душы парушана. З’яўляюцца, паўтараюцца, узмацняюцца з твора ў твор сентэнцыі накшталт наступных: «прыйшоў з пакрыўджанай сям’і», «мой смех паранен», «у сэрцы холад, гнеў, у сэрцы смутак стыне». Парушэнне раўнавагі, адчуванне дысгармоніі жыцця нараджаюць у многіх вершах трагедыйнасць светаадчування. Яна ў сваю чаргу адлюстроўваецца ў малюнках прыроды, якіх раней мастак проста не заўважаў. У сувязі з гэтым надзвычай характэрны верш з цыкла «Мелодыі» — «Вечар асенні, вечар маўклівы»:

 

Вечар асенні, вечар маўклівы
Песціць, цалуе, песціць каліны.

Песня зблудзіла, песня ў гаі,
Зоры ж у высі, зоры мігаюць.

Срэбрам на лісце, срэбрам на стромы, —
Ўсюды сугучнасць, ўсюды так стройна.

Струны у сэрцы, струны-браціхі
Звоняць умітусь, звоняць не ціхнуць.

Як жа мне з імі, як жа, каліны,
Ў вечар асенні, вечар маўклівы?

  Надзвычай характэрная ў плане заключнага вываду, раскрыцця асноўнага пафасу канцоўка твора — пра калючкі з бальзамаў, нібы прадказанне нялёгкай будучыні самога паэта, яшчэ большых ран у душы і на сэрцы.
  Сур’ёзны, медытатыўны погляд на свет, жаданне ўбачыць у ім не знешняе, а існае прыводзяць лірычнага героя на сцежку пісьменніка-аналітыка, чалавека цвярозай думкі, а не летуценніка, як было раней. Паэт сцвярджае не сваю анархісцкую непакорлівасць і непрычаснасць, а палымяную грамадзянскасць, прагу ісці сваёй, незалежнай сцежкай у жыцці, ісці наперадзе, а не ў хвасце:

 

…Не люблю удагонку імчацца
Па выбітых сцежках ідэй.
Я па-свойму падходжу да шчасця,
Я па-свойму хаджу паміж дрэў.

«Не сядзець мне з хлапцамі…»

  На аснове самастойнага творчага падыходу да ацэнкі паслярэвалюцыйных падзей у другім зборніку Язэпа Пушчы з’яўляецца канцэпцыя рэчаіснасці, трагедыйная ў аснове, не такая гарманічная і светлая, якой яе прытрымліваліся многія і многія аўтары, асабліва маладнякоўцы. Падобны падыход назіраецца ў лаканічным, афарыстычным, шматзначным вершы «Душа людская халадзее…» (1926). «Ад чаго ж халадзее людская душа?» — задае сам сабе пытанне паэт. I адказвае досыць недвухсэнсоўна і зразумела — таму што «з усмешкамі ліловымі цвісці не хочуць больш надзеі», таму што прыйшлі вякі «ў новым звоне», аднак у «надломленай сугучнасці», а іх магутнасць выпраменьвае «над новым сёння» «сцюдзёны дух». Вось такое адчуванне складанасці і драматызму эпохі, такое праграміраванне трагедыйных высноў жыцця якраз і не прымалася вульгарна-сацыялагічнай крытыкай, бо менавіта ў такой пазіцыі выспявалі асновы супрацьстаяння паэта дагматычным і спушчаным зверху ўяўленням пра новы час.
  У вершах Пушчы цяпер фігуруе іншы лірычны герой — не сын вёскі, але сын Зямлі, які клапоціцца пра агульналюдскі лёс. Інтэлігентны чалавек, ён адкідае сваю ранейшую знешнюю непрычаснасць і ўяўную непадобнасць, звяртаецца да традыцый класічна-суразмернай, выверанай паэзіі. Хоць і сустракаюцца вобразы-дэталі імажынісцкага кшталту («усмешкі ліловыя»), але іх мала, самамэтная вобразнасць дзеля вобразнасці трапляецца не часта, радкі набываюць празрыстасць і пругкасць:

 

Сяджу ў самотнасці адзін, —
Навокал музыка, паўторы:
Лятуць ў прасторы метэоры, —
Дванаццаць блізка ўжо гадзін.

«Лятуць ў прасторы метэоры…»

  Адна з галоўных праблем, якая пачала трывожыць паэта, — праблема вызначэння ў жыцці, вызначэння праз пераадоленне цяжкасцей, пазнанне сутнасці жыцця. Невыпадкова першы раздзел кнігі «Vita» называецца абагульнена-абстрактна — «Жыццё» і адкрываецца вершам з такой самай назвай. У першых радках гэтага дынамічнага, надпрадметнага, адцягнена-сімвалічнага твора Пушча акрэслівае глабальную задачу, што перад сабой паставіў: «Душа не хоча быць званком Твайго і рогату, і плачу». Значыцца, мастак не павінен быць фіксатарам падзей, даваць іх люстраны адбітак. У наступных радках згадваецца «фальш камертонаў», якіх не пераносіць душа лірычнага героя. Ставіцца пытанне: «шчаслівае жыццё, дзе вясны тваёй наліў?». Паэт не прама, не адкрыта тлумачыць сітуацыю — прычыны сваёй трывогі, а праз сістэму вобразаў трагедыйнага гучання завуаліравана выказвае свае крытычныя адносіны да «сонцавейнай сяўбы» (чыста «маладнякоўскі» вобраз), што пачалася ў «надранні эры»:

 

У сонцавейнае сяўбе
Пачуў актавы радасці,
Пачуў і не паверыў.
З тае пары мой смех паранен,
З тае пары я з ім,
Штодзённа з ім…

  Ноткі расчаравання ў выніках новай, «сонцавейнай» сяўбы тут выразна адчуваюцца. Паэт становіцца на шлях пакутніка за праўду, за глыбіннае адлюстраванне рэчаіснасці. Да таго ж, у канцы верша ён звяртаецца да сумлення іншых людзей, запрашае іх на сябрыну, шукае іх разумення і згоды: «Маёй песні рунь хвалюецца, — яшчэ чыя?»
  Унутранае супрацьстаянне афіцыёзу, утапічнай канцэпцыі хуткай пабудовы самага справядлівага на зямлі жыццяладу праступае і ў зборніку «Дні вясны». У вершы «Каплі вады» (1925) дзень «малады»

Ён госцем вясёлым прысеў
I ўмывае свой твар.
Нікне ўсё пакрысе,
I ўсё ахутвае твань.
…Бо ніяк, аніяк
Немагчыма жыццю дагадзіць.
Не адзін перад ім ужо змяк…

  Верш прасякнуты пафасам чакання абнаўлення, змен перш за ўсё ў людзях: «Кожны з нас заўтра другі…». Уражвае сваім нейкім містычным трагізмам верш «Стаяў ён нагім на дарозе» (1926). Твор шматзначны па падтэкставаму зместу. На месцы героя мог стаць любы чалавек і перш за ўсё паэт, а таксама кожны пакрыўджаны, адагнаны ад цёплых вокнаў жабрак… Сітуацыя ў творы безвыходная: проста на дарозе стаіць нехта «нагі», акунае «зоры ў роспач». Сведка яго роспачнасці, міжземнай і міжзорнай бяздумнасці — звярушка куна, якая тымчасам пакідае «застылыя сляды» ў вербалозах. Змест твора зашыфраваны і містычнай сітуацыяй, і няпэўнасцю, і сімвалічнай загадкавасцю. Але адчуваецца: паэта нешта сур’ёзна трывожыла, клапаціла, чуйнае сэрца яго ўлоўлівала арытмічнае біццё зямнога жыцця.
  Наймацнейшая трагедыйнасць сканцэнтравана, бадай што, у вершах «Душа людская халадзее», «Праплюскочуць гады, бы вада…» (1926) (з пранізліва-балючым вобразам — «пашчапаецца сэрца нашчэнт»), «Вечнае Ранне — Месія…» (1926) (з трагедый-назмрочнымі абагульненнямі — «Зняты Хрыстос са святынь», «раны зямлі», «чорная думка», «заплямленыя ў кроў пальцы», «косці на руінах»). У гэтым жа шэрагу верш «Узвейся, вецер» (1926). Строгі і празрысты ў моўна-вобразных адносінах, гарманічны па інтанацыі. Філасофская ідэя твора найбольш адкрыта выказана ў другім радку — «Мы жывём без імені святога». Страчаны крыжы хрыстовы, зацвітаюць курганы зёлкамі. Верш заканчваецца радкамі пра наканаванасць беларускаму народу хадзіць прыгожымі, завітымі сцежкамі без святога боскага імя:

 

Завіліся сцежкі ў пералогах, —
Адцвіла у цернях святасць Бога.

  I ўсё ж Язэп Пушча за два гады ўзняўся да прызнання разломнасці і нястройнасці, негарманічнасці жыцця. I гэта быў подзвіг паэта, які ішоў за ўласным адчуваннем свету. Заставаліся ў яго лірыцы і спакусліва-яркія імажынісцкія вобразы: «Зоры паўзорылі свірань»; «Дні загарэлага лета, — сочыцца сонца з суніц»; «прастор аўсяны»; «Няхай сонцам узойдзе сталецце на скрыжалі маёй песні-вяены». Ламалася часта рытміка-інтанацыйная структура (вершы «Надранне», «Непагодай», «Скамячыўшы злосць»), рэальнае злучалася з іррэальным, чароўна-фантастычным. Але адычны настрой год ад году саступаў месца элегічнаму, каб канчатова знікнуць у творах канца 20-х гадоў. Наступаў новы перыяд у творчасці паэта, калі ён змог «Супраць ветру размахнуць крыламі».
  Гэты перыяд прыпадае на 1927 (з часу ад’езду на вучобу ў Ленінград) — 1930-я гады, да самага арышту і зняволення. Паэту даводзіцца вытрымліваць напады крытыкі, якая вышуквала ў яго творах апалітызм, рысы наццэмаўства (з гэтым паняццем побач часта ставілася паняцце «нацыянал-фашызм»). Асабліва стараліся ў сваім імкненні выкрыць «дробнабуржуазныя» настроі паэта Алесь Дудар (выступаў у крытыцы пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі), А. Канакоцін ды інш. Часам справа даходзіла да абсурду: пільныя знаўцы і кіраўнікі літаратурнага працэсу крытыкавалі паэта за… сумны настрой, за яскравую, каларытную вобразнасць. Трагедыйнасць перажыванняў аўтара і лірычнага героя яго твораў выдавалася за варожасць, здраду сацыялістычным ідэалам. Паэт перажываў беспадстаўныя абвінавачванні, годна адказваў ідэалагічна заангажаваным праціўнікам, што яны з’яўляюцца «ворагамі ўсяго новага, ворагамі творчасці», дабіваюцца ад пісьменнікаў толькі ліслівага лакейства. Падобныя адказы на крытыку, паслядоўная непрымірымасць да дыктату і падпарадкавання агульным прынцыпам услужлівага, «прыдворнага» мастацтва не маглі быць незаўважаныя. Пушчу-паэта, Плашчынскага-крытыка бэсцілі, як маглі і як хацелі. Адрыў ад Радзімы таксама паўплываў на настрой аўтара «Лістоў да сабакі», «Асенніх лістоў» (1927), паэмы «Цень Консула» (1928) і іншых глыбока трагедыйных твораў. Трэба адзначыць, што ў зборніку «Песні на руінах» (1929), паэме «Крывавы плакат» (пазнейшая назва «Крывавы год» — 1930) трагедыйнае пачуццё дамінуе. Светлы настрой канчаткова выцясняецца змрочнымі думамі-мроямі, віруюць і цягнуць у чорную бездань вобразы — сімвалы гора, бяды, няшчасця — «змяіныя вякі», «змрок вячорны», «заплаканы вечар», «нагата зямлі», «дзікі голас», «чорная дарога», «крывавая сляза», «укрыжаваная радзіма». Праўда, у паэме «Сады вятроў» (1930) паэт пастараецца «раскрыць» сваю пазіцыю, глыбінна выказаць сваё канцэптуальнае разуменне жыцця і паэзіі вуснамі паэта-рамантыка Грыміцкага, які з’яўляецца вобразным увасабленнем фігуры самога аўтара.
  У зборніку «Песні на руінах», паэмах «Песня вайны» і «Цень Консула» з гэтай кнігі і пазнейшай, выдадзенай асобна, — «Крывавы плакат» (1930), як і ў падрыхтаваным да друку і канфіскаваным зборніку «Грэшная кніга», выказваецца пратэст супраць несвабоды як крэда дзейнасці, умовы і спосабу жыцця чалавека, а тым больш — мастака. Таму асноўнымі матывамі паэзіі гэтай пары становяцца матывы пратэсту, зняверанасці ў перспектыве жыцця, што адразу расцэньвалася вульгарна-сацыялагічнай крытыкай як упадніцтва.
  Асабліва рэзка крытыкаваўся твор «Лісты да сабакі», напісаны паэтам у пару вучобы ў Ленінградскім універсітэце і надрукаваным у складзе сямі вершаў у нізцы пад агульным загалоўкам «Асеннія песні» ў часопісе «Узвышша». У кожным творы непрыхаваны, скандэнсаваны да выбуху боль. Усе яны разам — сведчанне велізарнага прадоння, якое адкрылася паміж асобай і грамадствам.
  Сама назва верша «Лісты да сабакі» ўспрымалася як выклік часу і грамадству і простай прызвычаенасці менавіта з-за таго, што паэт не знайшоў, маўляў, нікога іншага, каму ён мог бы даверыць свае думкі, акрамя сабакі. Нават некаторыя сябры бачылі ў гэтым вершы пэўную «хуліганістасць» яго аўтара. На самай жа справе ў змесце верша нічога зверхсенсацыйнага не было. «Лісты да сабакі» — гэта проста «лісты дадому». I грамадзянская вастрыня матываў звычайная для творчасці Язэпа Пушчы той пары.

 

Туга і боль душу пабілі мне на раны…
…Ці я ў тэатры, у рэстаране п’яным,
Дзе радасць распіваюць пад джаз-банд;
Усюды зрок вачэй блакітных вяне,
I ўсюды бачу я жалобны бант.
…Калі паэт галоў на грудзі звесіць,
Няўжо краіне ён тады не сын?

  У Пушчы боль адзінокага мастака арганічна зліваецца з болем Радзімы і народа ў «Асенніх песнях». У вершы «Заплаканы вечар» з гэтага цыкла паўстаюць дзве постаці — постаць распятай на крыжы краіны і постаць самога паэта, цела якога знаходзіць прытулак «на вострым паркане». А сэрца яго скамянела ад болю. Паэт спрабуе настроіцца на хвалю сапраўднага мастацтва, але яго выявы цьмяныя, неакрэсленыя:

 

Азябла цела ў трагічным уздыме;
Зямлі нагату акрывае лістота.
Хто з крыжа краіну распятую здыме?
Узываю, малюся у грэшнай істоце.
Раскаяннем сэрца ніяк не расчулю, —
Ад болю не рвецца, — сціскаецца ў камень.
Услаўлю народ свой я песняю чулай,
Хоць целам павісну на вострым паркане.

  Чацвёрты верш з «узвышанскага» цыкла — «Словы мае, словы — песні агнявыя» ці не самы трагедыйны. Ён сведчыць пра пераемнасць традыцый, іх цеснае перапляценне ў беларускай і іншанацыянальных літаратурах, пра несумненную вучобу аўтара ў сімвалістаў і неасімвалістаў, пра яго знаёмства з літаратурным авангардам першай трэці XX ст. Выказаўшы яўна песімістычны і трывожны настрой праз вобразы змрочнай, чорнай афарбоўкі («няўцешныя часіны», «людская гання», «сачылася па кроплі кроў з пісьма»), зноў запачаткаваўшы ідэю адлучанасці ад асноўнай масы песняроў: «Пайшла сям’я да славы лёгкіх слоў, А я спрачаюся з сабой, з людзьмі», паэт не хоча складаць адны толькі оды і гімны пра новы лад. Тым не менш ён у канцы верша адзначыў, што не ўсё яшчэ страчана:

 

Няўжо так сталася, няўжо?
О, не! Зняверуся й на гэты раз.
У садзе ліст апошні не ажоўк,
А ў песні жар не стлеў, не згас!

  I яшчэ:

А покуль: б’е жывой вады крыніца
I хваля творчая гарачым пульсам.
Нашто ж мне падхалімам быць, крывіцца
I ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам?
Лепш вольным птахам рэзаць шыр нябёсаў
І супраць ветру размахнуць крыламі.

  Усяго ў зборнік «Песні на руінах» уключана каля трох дзесяткаў вершаў. Гучаць яны як цэласная тужлівая мелодыя. Паэту цяжка, цяжка краіне, распятай на крыжы. Цяжасць абумоўлена і сацыяльнымі, і маральнымі фактарамі. Найперш сярод апошніх — здрада сяброў, нават былых аднадумцаў. Матыў здрады ідэалам дабра і праўды і немагчымасці пакарання здраднікаў — цэнтральны ў нізцы. Для даваеннай беларускай літаратуры ў цэлым гэта была нечувана смелая пастаноўка праблемы. Яе баяліся многія. У Язэпа Пушчы эпоха канкрэтызавана, час даволі акрэслены, паэты-апаненты — гэта харысты, а не сольныя спевакі. На першым плане ва ўсіх вершах глыбокі смутак па прычыне раз’яднання бессаромнай дзейнасці чорных сіл, што не даюць вольна развінуць крылы сапраўднаму мастацтву, пра немагчымасць пісаць ва ўмовах несвабоды. У вершы «Сягоння ноч пагоднае…»; «У дзікім чуем голасе: Душу і песню на лядоўню»; «Схіліўся дзень твой над падоннем». Вобразы «лёду» і «прадоння» сталі побач, стварылі эфект невыноснасці таго, што робіцца і з самім паэтам, і з жыццём. У вершы «Не стлеў, не згас» паэт страшэнна адзінокі. Самаадчуванне адзінства перадаецца паказам ледзь не фізіялагічнага, цялеснага болю, які ахоплівае паэта: «Маіх сустаў не ўкурчыў яшчэ корч». Адзіноцтва выклікае адчай, які шырыцца ў часе, распаўсюджваецца на мінулыя стагоддзі, прыводзіць паэта да карыстання некалькі нечаканага вобраза — «змяіныя вякі».
  Сабраныя пад загалоўкам «Чорная дарога» творы са зборніка «Песні на руінах» заканчваюцца вершам «Чорныя вораны» — у многім прарочым. Паэт нібы прадчуваў свой наступны трагічны лёс, сваю хуткую пакугную адысею. Верш элегічны, надзвычай эмацыянальна балючы і асабісты. Алегарызм і сімволіка яго лёгка расчытваюцца: бязлісты сад — спустошана радзіма і, магчыма, нашчэнт збяднелая паэзія, чорныя вароны — пісьменнікі-харысты. Але ўсе іх намаганні дарэмныя: людзі абмінаюць варанячую зборню, «каб не чуць іх крыку», бо ён «дзікі» і «прыкры». У творы няма нічога лішняга. Ён надзвычай дынамічны, і гэты дынамізм ствараецца выкарыстаннем дзеясловаў, што абазначаюць дзеянне: «узвіюцца», «асядуць», «ляцець», «узнімаюць», «круцяцца», «мітуслівы лёт».
  Арганічна ўпісваюцца ў агульную трагедыйную канцэпцыю рэчаіснасці і даваенныя паэмы Язэпа Пушчы «Цень Консула», «Песня вайны», якія ўвайшлі ў зборнік «Песні на руінах», і надрукаваныя асобна — «Крывавы плакат» і «Сады вятроў». Кожная з іх сама па сабе адметная, прысвечаная розным старонкам жыцця краіны і народа, з ухілам у бок лірыкі ці эпасу, апісальная ці медытатыўная. Кідаецца ў вочы іх мастацкая нераўнацэннасць: ідэйна і сюжэтна завершаная, у многім прагнастычная і на той час сучасная, хоць і прысвечана 1918, а не 20-м гадам, паэма «Цень Консула» стаіць у суседстве з праз два гады напісанай урыўкавай, плакатнай, агульнапубліцыстычнай паэмай «Крывавы плакат».
  Паэма Язэпа Пушчы «Крывавы плакат» (варыянт назвы «Крывавы год»), напісаная ў 1930 г., мае прысвячэнне: «Памяці беларускіх партызан Сяргея і Сымона Плашчынскіх». Прысвечана яна памятнаму 1920-му году, калі прасторы Беларусі дратавалі белапалякі. Паэма публіцыстычная, даволі рытарычная, падзеі паказаны агульна, адцягнена.
  Такім чынам, даваенная паэзія Язэпа Пушчы засведчыла неардынарнасць тэматычных і вобразна-выяўленчых пошукаў Язэпа Пушчы. Паэт захапіўся новай паслярэвалюцыйнай рэчаіснасцю, але і вынес прысуд адмоўнаму ў жыцці, прадказаў трагічную пару ў лёсе грамадства. Даволі маштабнай і разнастайнай уяўляецца жанравая палітра даваеннай творчасці таленавітага майстра: аднолькава паспяхова стварае шэраг глыбокіх медытацый, узнімаецца на хвалю страсных публіцыстычных заклікаў. Паэзія Язэпа Пушчы ў цэлым надзвычай псіхалагічная, кожны зборнік аўтара — споведзь радаснай ці спакутаванай душы, створаная па ўсіх законах рамантычнага мастацтва.
  Пасля рэабілітацыі Язэп Пушча жыў у Мінску. Быў нанава прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Адна за адной з’яўляюцца кніжкі: вершаваная казка «На Бабрыцы», зборнікі «Вершы і паэмы», «Пачатак легенды». Ужо пасля смерці пісьменніка выходзяць у свет «Вершы і паэмы» (1968), «Сады вятроў» (1982), двухтомнік 90-х гадоў. Паступова амаль уся спадчына паэта была выдадзена. Так, напрыклад, у кнізе 1960 г. не фігуруюць ні «Асеннія песні», ні «Лісты да сабакі», ні многія трагедыйныя вершы з кнігі «Песні на руінах» і паэма «Цень Консула». У творчасці Пушчы 50-60-х гадоў, без сумнення, адбыліся прыкметныя змены. У ідэйна-тэматычным і пафасным плане яна стала больш аптымістычнай, хоць можна дапусціць, што гэты аптымізм быў у значнай меры вымушаным. Праўда, паэта не магла не захапіць і шчырая радасць — зварот на Радзіму шмат значыў для яго душэўнага жыцця.

Жыве тут песня ў харастве зямным,
Чаруе сэрца подыхам лясным.

Спяваюць песню вольныя сыны,
Плыве яна далінамі вясны.

Шырокай рэчанькай удаль плыве
I падхапіла хвалямі мяне,

Павольная, імклівая нясе,
I свсціць сонца ўсё ясней, ясней!

«Песня»

 

  Многія з вершаў таго часу з’яўляюцца гімнамі, песнямі, заздраўнымі тостамі ў гонар вяртання на Радзіму, сустрэчы з сябрамі. Да сапраўднай, больш высокай у мастацкіх адносінах паэзіі «позні» Пушча прарываўся ў вершах аб роднай прыродзе, да якой ён дакрануўся пасля вяртання ў родны край і якую можа цяпер параўнаць з рускай і нават экзатычнай паўднёвай і сібірскай. У вершах падобнага тэматычнага зместу — «Кіпарысы» (1955), «Салавей», «Восень» (абодва — 1956), «Лета» (1957) — шмат яркіх мастацкіх дэталей. Асаблівасць прыродаапісальных твораў Пушчы натуральна вымагалі санетнай формы: іх у паэта некалькі дзесяткаў. Санеты не толькі аб прыгажосці прыроды, а і аб вернасці роднаму краю, неўміручасці працы і мастацтва. Высокі санетны строй спатрэбіўся паэту, як сам ён піша ў вершы «Буду жыць» (1957), дзеля таго, каб «выткаць родныя узоры», упрыгожыць «чало Радзімы» і тым самым абяссмерціць яе імя.
  Рысы гарманічнага стылю надзвычай выразна выяўляюцца ў вершы «Лета», напісаным таксама ў форме санета. З гэтага твора так і патыхае нейкай першазданнай свежасцю, светласцю. У ім ажываюць у рамантычным стылі навальніцы, пярун, бліскавіцы, паўстае з загарэлымі на сонцы шчокамі, як дзяўчына, лета — усё жыве, рухаецца, падобна чалавеку, пераліваецца фарбамі:
  Як і некаторыя іншыя беларускія паэты, высланыя на Поўнач і ў далёкую Сібір, у першую чаргу Станіслаў Шушкевіч, Мікола Хведаровіч, Сяргей Грахоўскі, Язэп Пушча стварыў арыгінальную паэзію пра чужы для беларусаў экзатычны край — «Дзекабрыстам» (1933), «Шумі, уральская тайга» (1935). Самотны, далёка ад Радзімы, ён склаў песні «красе цудоўнай», перадаў тайзе і некранутай, неабсяжнай прыродзе прывітанне ад роднага краю. Даволі яркімі атрымаліся ў яго і вершы аб моры («На узмор’і», «Кіпарысы», «Мора» (усе — 1955). Многа ў іх ад пушкінскай велічы, легендарнасці, урачыстасці, нейкай унутранай засяроджанасці на галоўным — неабсяжнасці, шырыні і вечнасці марской стыхіі. Радкі з верша «Мора» адкладваюцца ў свядомасці не толькі словамі, а малюнкамі, больш таго — з аўтарскага апісання вымалёўваецца скульптурны партрэт прыроды і ўпісанага ў яе чалавека.
  У апошні перыяд жыцця Пушча пісаў і паэмы. У аснове іх — падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якую паэт на свае вочы не бачыў, а толькі перажыў, вывучыў па дакументах. Таму і атрымаліся яны — «Бор шуміць» (1957) і «Людвіся» (1959) — хоць і поўнымі трагізму, але меладраматычныя, эскізныя, са слаба акрэсленымі характарамі патрыётаў і фашыстаў. Самымі ўдалымі момантамі ў сувязі з гэтым якраз і аказаліся сцэны мірнага жыцця, пейзажныя малюнкі — тое, што добра ведаў сам аўтар.
  Язэп Пушча — мастак арыгінальны і непаўторны. Пачаўшы з даволі традыцыйных прыродаапісальных твораў, з выяўлення гарманічнага і цэласнага настрою, ён затым змог перадаць трывожнае адчуванне разломнай даваеннай эпохі, скласці «песні на руінах» мар і светлых надзей, прыйшоў да сапраўдных законаў мастацтва.
 

Мішчанчук М.І. Язэп Пушча // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 550-575.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений