Уладзімір Дубоўка — Пальцы жоўтых кляновых лістоў

Уладзімір Дубоўка

Пальцы жоўтых кляновых лістоў
мкнуцца восень схапіць за шыю.
Не парушаць яе хараство,
не парушаць лісты залатыя.

Клён у вокны забразгатаў,
адгукнулася каняю рэха.
Месяц рваў арэхі з куста,
раскідаў над сусветам арэхі.

Яны ў воўне блакітнай ляглі,
сумавала ў даліне ляшчына.
Летуценні не змерклі ў галлі,
летуценняў згасіць немагчыма.

Расцярушацца ў далі і ўвысь,
каб нагадваць аб светлым над чорным.
Ці таму, што сумуюць журавы,
ненасытна свіргочуць жорны?..

Ліставея не моўкне, шуміць
ад вясны да вясны на прасторах.
Поверх стрэх і муроў камяніц
я пабачыў яе учора…

Дзесь далёка галосіць сава,
небакрай апрануўся жалем.
Людзі любяць душу прасаваць,
калі гэта душа чужая.

1925

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий