Уладзімір Дубоўка — Пузыр, Саломінка і Лапаць

Уладзімір Дубоўка

1

Пузыр, Саломінка і Лапаць
сабраліся ў адну дружыну.
Ніхто іх не прыходзіў сватаць, —
на ўсё ў жыцці свае прычыны.
У кожным разе, ў падарожжы
было іх безумоўна трое.
Меў асабісты выгляд кожны,
ды лёс аднолькавы затое.
Пра ўсе іх радасці і гора —
вось гэта казка і гаворыць.
 

2

Пузыр вісеў пад столлю ў хаце.
На ім і пыл, на ім і мухі.
А возьмуць дзеці забаўляцца —
ад цяжкай мукі ён аж вухкаў.
Калі ж падыдзе коцік шэры, —
падхопіць лапкамі сваімі, —
тут проста уцякай праз дзверы,
бо і жыццё загіне з імі.
Так і зрабіў Пузыр аднойчы,
не пабаяўшыся і ночы:
устаў і выйшаў на дарогу,
шукаць жыцця сабе другога.
 

3

Ідзе дарогаю шырокай,
абцасы ляскаюць па бруку.
Прыцішылася ўсё навокал,
бо напалохаў гэткі грукат.
I нават прытаіўся вожык,
пры гэтым упусціўшы мышку:
пакуль заціхне грук трывожны, —
лепш пераседзець у зацішку…
 

4

Ідзе Пузыр сваёй дарогай,
па бруку ляскаюць абцасы.
Ды нейкі смутак і ў самога
ўсё павялічваецца з часам.
I чуе ён, — пад самым плотам
галосіць нехта ў немы голас.
Пузыр пытаецца:

— А хто там? —

Адказ прыходзіць невясёлы,
гаворыць нехта:

— Хто ж я? Лапаць!

Стапталі, кінулі ў аддзяку…
— Хоць лапаць, дык чаго ж там плакаць?!
Няма і крыўды тут ніякай.
Мяне кідалі неаднойчы,
ды як — з кутка ў куток, аб сцены.
I то былі сухімі вочы,
не аднаму табе і дрэнна!
Вылазь! Пайшлі удвух памалу,
шукаць утульнага прыпынку,
пакуль цябе тут не сажвала,
шукаючы прысмакаў, свінка…
 

5

Падняўся памаленьку Лапаць,
з-пад плота на дарогу вылез.
I слёзы перасталі капаць,
зрабіўся весялейшым выраз.
Цяпер — удвух, цяпер — героі,
цяпер не страшны ім і заяц!
З такога добрага настрою
ідуць далей і неба хваляць.
Прайшлі з паўметра, можа болей,
ніякага не знаўшы страху.
I тут раптоўна так абое
і пакаціліся з размаху.
Пад імі:

— Гвалт! Ратуйце, людцы!

Ускочылі, працерлі вочы,
ніяк да сэнсу не даб’юцца:
чаго ад іх і хто тут хоча?
 

6

Ды ўсё ж праяснілася справа:
Саломінка ляжала перак!
Для нечаканай гэткай з’явы —
не знойдзеш ні вагі, ні мерак.
Пузыр надзьмуўся ад знявагі,
з ім натапырыўся і Лапаць.
— Тваёй і не хапае звягі!
Ану, ўставай! Даволі плакаць!
Табе і месца не хапіла,
як толькі легчы на дарозе? —
Саломінка ўстае праз сілу
і прабачэння сціпла просіць.
Пузыр да справы ўсё даходзіць,
ніяк не дабярэцца толку:
— Ляжыш на самым пераходзе!
Чаму ты тут, а не ля току? —
Саломінка і кажа шчыра:
— Даруйце мне за ўсю знявагу!
Хоць паляту я ў самы вырай,
а на дарозе больш не лягу… —
Тады уставіў слова Лапаць.
— Няхай ідзе Саломка з намі:
яна адна не будзе плакаць
і ў нас не будзе пад нагамі… —
Даў згоду і Пузыр на тое.
Былі удвух, цяпер іх трое.
 

7

Пузыр, аднак, глыбей кранае:
— Нас трое. Мы цяпер павінны,
калі ўпадзе бяда якая,
стаяць усе сцяною шчыльнай. —
Згадзіліся яны на гэта.
Пайшлі далей павольным кронам.
Было зусім на сходзе лета:
пахаладанне недалёка.
Вось Лапаць і падняў пытанне:
— Пакуль на небе месяц свеціць,
пакуль над намі сонца стане, —
мы з лесу нацягаем вецця.
Агонь разложым. Хто — падрэмле.
А не — дык пагамонім крыху…—
Пузыр і кажа:

— Добра вельмі! —

Вось так яны ідуць паціху.
 

8

Прыйшлі якраз да самай рэчкі.
А лес — за рэчкай. Там і вецце.
Не абышлося ў іх без спрэчкі,
як і ў людзей на белым свеце.
Саломінка не дрэнна радзіць:
— Пузыр і на вадзе не тоне.
Мы з Лапцем на яго пасядзем
і пераедзем у сасоннік.
Пузыр не згодзен:

— Што ж я — конь вам?

Каб цераз вас намуляць карак?
За што ж гэта і за якое
такую мець павінен кару?
Няхай Саломка ляжа перак
цераз раку, а мы абое —
пярэйдзем, вецця там наберым
і прынясем сюды з сабою…
 

9

Саломінка сказала проста:
— Не адмаўляюся быць мостам.
Калі такое ваша слова —
я і ў ваду ісці гатова.—
Спынілася адразу спрэчка.
Лягла Саломінка праз рэчку
і кажа ім:

— Ну, калі ласка!

Свае трымаю абавязкі!
 

10

Пузыр да Лапця:

— Лапаць, кратай!

Трымай вышэй на мосце пяты!
А за табой і я ўздагонку! —
Падняўся Лапаць на Саломку,
прайшоў да самай палавіны
ды з ёю разам і загінуў,
бо не магла яна сабою
трымаць і Лапаць над вадою.
 

11

Пузыр сяброўству даў прысягу,
казаў:

— За вас касцямі лягу. —

Пузыр павінен даць ратунак.
Цяпер ён зрокся гэтых думак:
стаіць на беразе, рагоча,
дапамагчы сябрам не хоча.
А колькі здзеку ў гэтым смеху!
Каму бяда, каму пацеха.
— Трымайся, Лапаць, за Саломку!
Твая тут справа вельмі тонка!
Ды ты і сам, як добры човен,
бяда — вады вось толькі повен! —
I ўсё рагоча, ўсё рагоча,
дапамагчы ніяк не хоча.
Пасля — парваўся ён са смеху
і скончыў так усю пацеху…
 

12

Прыйшоў, панюхаў скуркі Вожык
і кажа:

— Хто тут дапаможа?

Як не было ў табе нічога,
так і няма цябе самога…
 

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений